Валерый КЛІМЧУК, дырэктар Бярозаўскай ЖКГ: “Мне не сорамна прайсці па горадзе…”
У тым, што Бяроза стала пераможцай абласнога агляду санітарнага стану і добраўпарадкавання населеных пунктаў за 2010 год, вялікая заслуга калектыву дзяржаўнага ўнітарнага вытворчага прадпрыемства “Бярозаўская жыллёва-камунальная гаспадарка”
Няхай у гэтыя сакавіцкія дні горад выглядае не так прывабна і ярка, як летам ці восенню, калі кожная вуліца раённага цэнтра, кожны яго завулак патанаюць у зеляніне і кветках, ды гэта ніколькі не робіць яго горшым. Зараз паўсюдна такі малюнак: пасля расталага снегу наваколле нават у сонечныя дні выглядае шэрым і нежывым. Але пройдзе яшчэ некалькі тыдняў, прырода канчаткова абудзіцца ад зімовай спячкі, і ўсё ўраз зменіцца: заспявае, зазвініць, заззяе рознымі колерамі вясёлкі. Свае адценні, толькі значна большыя, чым у мінулыя гады, прыўнясуць у шматкаляровасць жыцця і работнікі дзяржаўнага ўнітарнага вытворчага прадпрыемства “Бярозаўская ЖКГ”.
Справа ў тым, што ў раённым цэнтры пройдуць абласныя “Дажынкі-2011”. А гэта значыць – да галоўнага свята хлебаробаў неабходна падрыхтавацца як след: добраўпарадкаваць вуліцы і завулкі, адрэканструяваць многія жылыя дамы і аб’екты, а таксама ўзвесці новыя збудаванні. Зразумела, асноўны цяжар у выкананні акрэсленых задач ляжа на плечы камунальнікаў. Таму сёлетні вяснова-летні сезон для іх будзе, як ніколі, напружаным і гарачым.
– Што канкрэтна належыць зрабіць Вашаму калектыву да свята? – цікаўлюся пасля заканчэння рабочай планёркі ў дырэктара жыллёва-камунальнай гаспадаркі Валерыя Клімчука.
– Адрэканструяваць вуліцу Леніна, Камсамольскі сквер, пабудаваць сквер па вуліцы Леніна насупраць кафэ, замяніць цеплатрасы, пракласці водаканалізацыйныя сеткі ў мікрараёне Вілы, – пералічвае ён. – А яшчэ плануем пабудаваць новую гасцініцу на 70 месцаў. Зараз рыхтуецца праектна-каштарысная дакументацыя на яе ўзвядзенне.
Нам, журналістам, здалося: падрыхтоўка да “Дажынак-2011” у Бярозе пачалася з вясной, бо ў той сакавіцкі дзень з самага ранку на некаторых аб’ектах шчыравалі людзі.
– Так, зараз ідзе рэканструкцыя вуліцы Леніна, вядзецца пракладка водаканалізацыйных сетак у мікрараёне Вілы. З наступленнем па-сапраўднаму цёплага надвор’я работы будуць разгорнуты паўсюдна. Таму, карыстаючыся выпадкам, хачу папрасіць прабачэння ў жыхароў і гасцей райцэнтра за пэўныя нязручнасці і абмежаванне перамяшчэнняў па горадзе. Што тычыцца тэрмінаў завяршэння работ, дык яны нязменныя: усе аб’екты павінны быць гатовы да свята, – рэзюмаваў Валерый Васільевіч.
Сустрэча з кіраўніком адной з лепшых камунальных службаў вобласці адбылася крыху больш за тыдзень да прафесійнага свята камунальнікаў. Былы кадравы ваенны, начальнік фінансавай службы палка, капітан у адстаўцы Валерый Клімчук у Бярозаўскую ЖКГ прыйшоў у 1988 годзе. Пачынаў начальнікам планава-эканамічнага аддзела, пэўны час працаваў эканамістам, пасля – галоўным інжынерам. Апошнія пяць гадоў – дырэктар жыллёва-камунальнай гаспадаркі.
– Праца ў камунальнікаў трывожная, як у ваенных, не дазваляе расслабляцца. Яны пастаянна павінны быць напагатове, – праводзіць паралель паміж мінулай службай і цяперашняй працай мой суразмоўца, – таму я адчуваю сябе тут як рыба ў вадзе…
Галоўным паказчыкам у рабоце любой камунальнай службы з’яўляецца якаснае абслугоўванне насельніцтва. Калектыву Бярозаўскай ЖКГ у гэтым кірунку ўдалося дасягнуць пэўных вышынь. Але перш, чым гэта адбылося, прыйшлося нямала папрацаваць. Як у вырашэнні праб-лем гараджан, так і ў добраўпарадкаванні раённага цэнтра. Калі яшчэ ў 2000 годзе ад скаргаў бярозаўцаў не было паратунку – кожны працоўны дзень тады галоўнага інжынера Валерыя Клімчука пачынаўся з тэлефонных званкоў незадаволеных работай камунальнікаў людзей, дык зараз іх амаль няма. Падчас нашай гутаркі з дырэктарам, якая доўжылася амаль дзве гадзіны, яму тэлефанавалі толькі двойчы з аб’ектаў, дзе вяліся работы, каб нешта ўдакладніць. Не было наведвальнікаў і ў прыёмнай.
Калі гаварыць пра вытворчыя дасягненні калектыву, дык варта адзначыць, што мінулы год ён завяршыў нядрэннымі фінансавымі паказчыкамі. Аб’ём выкананых работ склаў 89 мільярдаў рублёў, у тым ліку ад паслуг пабочным арганізацыям і работ, выкананых гаспадарчым спосабам, атрымана 30,5 мільярда рублёў (у 2009 годзе гэтая лічба дасягнула 15,7 мільярда). Прыбытак ад вытворчай дзейнасці – 4,7 мільярда рублёў. Чысты прыбытак – 2,2 мільярда. Дасягненні гэтыя сталі магчымы дзякуючы таму, што бярозаўскія камунальнікі займацца прадпрымальнасцю пачалі задоўга да сёлетняга года, які абвешчаны ў нашай рэспубліцы Годам прадпрымальнасці, і ўвесь час плённа працавалі ў гэтым кірунку. Акрамя сваёй непасрэднай дзейнасці, яны аказвалі рамонтна-будаўнічыя паслугі іншым прадпрыемствам, займаліся будаўніцтвам новых аб’ектаў. І вынік не прымусіў сябе чакаць.
Заробленыя ад дадатковых відаў дзейнасці сродкі дазволілі прадпрыемству значна ўмацаваць матэрыяльна-тэхнічную базу, набыць новую тэхніку, сродкі малой механізацыі, заасфальтаваць тэрыторыю базы, пачаць будаўніцтва майстэрні.
На рахунак мінулага года запісаны таксама ўвод у эксплуатацыю
60-кватэрнага кааператыўнага жылога дома для работнікаў ЖКГ. А яшчэ – мантаж міні-ЦЭЦ на 2 МВт на кацельні №13 Бярозы. Яе ўвод у эксплуатацыю плануецца ў першым паўгоддзі сёлета. Абсталяванне міні-ЦЭЦ забяспечыць работу ўстаноўкі паралельна з энергасістэмай з выдачай часткі вырабленай электраэнергіі ў знешнія сеткі. У цяперашні час завяршаецца рамонт гасцініцы, які праводзіцца за асабістыя сродкі прадпрыемства. Усе нумары яе будуць абсталяваны санвузламі, тэлевізарамі, халадзільнікамі і прадметамі інтэр’еру, якія зробяць пражыванне больш камфортным.
Калі ж я папрасіла Валерыя Васільевіча расказаць пра тое, што ўяўляе сабой цяпер дзяржаўнае ўнітарнае вытворчае прадпрыемства “Бярозаўская ЖКГ”, дык ён, не задумваючыся, адказаў:
– Гэта ўжо не тая арганізацыя, якая раней асацыіравалася з п’яным слесарам з ключом у руках. Сучасная ЖКГ – гэта талковыя, адукаваныя людзі, якія ўмеюць не толькі працаваць, але і адпачываць.
Удакладняю: гэта 8 вытворчых цэхаў – водазабеспячэння, водаадвядзення, кацельнай гаспадаркі, добраўпарадкавання, рамонтна-будаўнічы, па рамонце і эксплуатацыі аўтатранспартнай тэхнікі (якой, дарэчы, тут больш за 200 адзінак), сталярны і … швейны. Так-так, у Бярозаўскай ЖКГ ёсць швейны цэх, у якім шыюць спецадзенне для сваіх работнікаў. Выконваюць таксама заказы іншых прадпрыемстваў. У сталярным цэху, акрамя асноўнага віду дзейнасці, выразаюць сімпатычныя фігуркі, якімі ўпрыгожваюць горад. Бярозаўскія камунальнікі маюць і свой раствора-бетонны вузел. Летась на ім выраблена 12 тысяч кубаметраў бетону, які выкарыстоўваўся на будаўнічых аб’ектах, а частка яго была рэалізавана насельніцтву.
Ёсць у гаспадарцы і свая праектная група. Тут задзейнічаны 24 спецыялісты. Гэта яны зрабілі праект фантана, а пасля самі вырабілі яго і ўстанавілі ў горадзе. І зараз у спякотныя летнія дні фантан з’яўляецца цудоўным месцам адпачынку бярозаўцаў.
Усяго ў калектыве жыллёва-камунальнай гаспадаркі (“Бярозаўская ЖКГ”, “Белаазёрская ЖКГ” і “Бярозажылсэрвіс”) працуюць 1825 чалавек. І няхай інжынерна-тэхнічныя работнікі, спецыялісты, работнікі іншых прафесій задзейнічаны кожны ў сваім цэху, аб’ядноўвае іх адна мэта: зрабіць раённы цэнтр самым прыгожым і ўтульным, а жыццё гараджан – калі не зусім беспраблемным, дык максімальна камфортным.
– Калектыў на прадпрыемстве склаўся дружны, шмат у нас маладых спецыялістаў, – расказвае пра сваіх падначаленых Валерый Клімчук. – Кожны ведае, што ад яго намаганняў і працавітасці залежыць не толькі выкананне вытворчых паказчыкаў, але і якасць, культура абслугоўвання насельніцтва, а ў канчатковым выніку – давер і павага людзей, аўтарытэт усёй сістэмы, прэстыж работнікаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Таму кожны стараецца годна несці нашу марку.
Начальнік участка Дзмітрый Клімчук, старшыя майстры Канстанцін Новік, Аляксандр Радзівончык, майстры Аляксей Палто, Аляксей Драбовіч, Сяргей Голуб, Віктар Хутко, Дзмітрый Панюціч, слесары-рамонтнікі Іван Саковіч і Сяргей Кавалевіч, слесары аварыйна-аднаўленчых работ Валерый Бруйло і Аляксандр Макарэвіч, слесар-газазваршчык Аляксандр Драгун, слесар па рамонце абсталявання ў кацельні Мікалай Бяценя, слесары-сантэхнікі Аляксандр Бянецкі і Мікалай Драгун… Па словах дырэктара, гэтыя работнікі, як і многія іншыя, з’яўляюцца гордасцю прадпрыемства.
Многія з іх актыўна ўдзельнічаюць у грамадскім жыцці калектыву. І на гэтай ніве таксама дабіваюцца значных вынікаў. Аб гэтым сведчаць шматлікія граматы і дыпломы, заваяваныя спартсменамі ЖКГ, а ў 2008 годзе футбалісты прадпрыемства сталі чэмпіёнамі Беларусі па футзале. Што ж тычыцца калектыву мастацкай самадзейнасці Бярозаўскай ЖКГ, дык сёння ён – самы вядомы ў раёне. Песні і іншыя музычныя творы ў выкананні сама-дзейных артыстаў палюбіліся не толькі самім камунальнікам, але і гараджанам, а таксама жыхарам іншых раёнаў. Іх запрашаюць на розныя мерапрыемствы і ўрачыстасці. Любіць у вольную хвіліну паслухаць сваіх артыстаў, усе выступленні якіх запісаны на дыскі, і дырэктар. Яму не сорамна за калектыў, які ўзначальвае, як і не сорамна прайсці па горадзе, у якім жыве і працуе.
Надзея ЯЦУРА, “НТ”,
г. Бяроза.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.