З чым пойдзем на сельскія сходы?

З чым пойдзем на сельскія сходы?

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

На апошняй сесіі раённага Савета дэпутатаў народныя выбраннікі Прыбужжа абмеркавалі пытанне “Аб рэалізацыі заўваг і прапаноў, выказаных грамадзянамі ў ходзе сельскіх сходаў у сакавіку-красавіку 2010 года, і задачах органаў мясцовага кіравання і самакіравання па падрыхтоўцы і правядзенні сельскіх сходаў грамадзян у сакавіку-красавіку 2011 года”
Летась на сельскіх сходах народным выбраннікам было адрасавана каля тысячы пытанняў. Што хвалявала прыбужцаў год таму? Стан дарог, рамонт прыпыначных пунктаў і ўстаноўка на іх навесаў, рамонт жылога фонду, будаўніцтва і рамонт сетак водазабеспячэння і каналізацыі, цепласетак, арганізацыя вывазу тэхнічна-бытавых адходаў, асвятленне вуліц і замена лініі электрасетак. Узнімаліся таксама пытанні рамонту магазінаў і добраўпарадкавання сумежных тэрыторый, некаторыя тычыліся змянення графіка ці маршруту руху рэйсавых аўтобусаў і маршрутных таксі.
Як вырашаліся яны на працягу года? Што выканана, а што зноў павісла ў паветры? І хто ў гэтым вінаваты? Даць адказ на гэтыя пытанні спрабавалі як самі народныя выбраннікі, так і запрошаныя на сесію кіраўнікі абласных і раённых службаў.
Большая частка зваротаў, з якімі ішлі на сходы грамадзяне летась, адзначыў у сваім выступленні старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Саланевіч, выкананы. Некаторыя знаходзяцца на кантролі ў пассельвыканкамах, 174 – адрасаваны службам раёна. Частка з іх не выканана па той прычыне, што многія раённыя службы з’яўляюцца філіяламі абласных і самастойна не могуць прымаць рашэнняў.
Не ўсё зроблена дарожнай службай. Так, да гэтай пары не абсталяваны пяць аўтобусных прыпынкаў. Не вырашана таксама пытанне добраўпарадкавання чыгуначных прыпынкаў у вёсках Збунін, Прыбарава, Селяхі і Ліпінкі. Нямала праблем яшчэ ў рабоце жыллёва-камунальнай гаспадаркі, у медыцынскім абслугоўванні насельніцтва, у рабоце службы электрасетак.
Дэпутат раённага Савета дэпутатаў па Збірагаўскай выбарчай акрузе №16, начальнік ДРБУ-138 Міхаіл Семянюк далажыў удзельнікам сесіі пра тое, што большая палова пытанняў, якія тычыліся работы дарожнай службы на леташніх сельскіх сходах, вырашаны. Складзены таксама графік грэйдзіравання дарог – яно будзе праводзіцца два разы ў месяц. На што тут жа адрэагаваў старшыня райвыканкама Уладзімір Мацука: “Аднаго грэйдара на раён мала. Сёння патрэбны набор спецыяльнай тэхнікі. А саміх грэйдарыстаў неабходна навучыць працаваць прафесійна, каб гэтую работу выконвалі якасна, а не рабілі канавы, у якія сцякае вада. Асабліва гэта тычыцца вуліц унутры населеных пунктаў…”
Свой погляд на паляпшэнне работы жыллёва-камунальнай гаспадаркі выказаў дырэктар Брэсцкай ЖКГ Аляксей Скварцоў. Санітарная ачыстка населеных пунктаў, на яго думку, павінна праводзіцца тэхнічнымі сродкамі, а ад кантэйнераў у вёсках неабходна пазбавіцца (што выклікала ў зале неадназначную рэакцыю). І якасць вады вымушае жадаць лепшага. Праўда, у гэтым кірунку камунальнікі працуюць: летась у Чэрнях уведзена ў строй станцыя абезжалезвання вады. Неўзабаве такая ж станцыя будзе ў Знаменцы, да канца года – у Кавярдзяках. А да 2015 года па праграме “Чыстая вада” такія аб’екты пабудуюць ва ўсіх буйных населеных пунктах раёна.
Галоўны ўрач гарадской бальні-цы №2 Віталь Федарук расказаў пра тое, якія наказы і прапановы грамадзян, выказаныя ў адрас медыцынскай службы, выкананы, а якія
пакуль што не ўдалося ажыццявіць і чаму. Напрыклад, арганізаваць пастаянныя выезды медработнікаў у населеныя пункты. Тады, па словах Віталя Андрэевіча, не будзе каму прымаць пацыентаў на ФАПах. Не хапае медыцынскіх кадраў. Каб неяк вырашыць гэтае пытанне, ён папрасіў настаўнікаў-дэпутатаў арыентаваць школьнікаў на прафесію медыка.
Калі гаварыць пра такія пытанні, як добраўпарадкаванне, эканомія энергарэсурсаў, дык над іх вырашэннем павінны працаваць і самі жыхары, зазначыў Уладзімір Мацука. Задача дэпутатаў, старшынь сельскіх Саветаў і тых жа стараст – арганізаваць людзей. І тады многія праблемы знімуцца самі. Парадак неабходна наводзіць сумесна, прыцягваць да гэтага грамадскія арганізацыі, шукаць інвестараў, якія б укладвалі сродкі як у развіццё вытворчасці шляхам стварэння малога і сярэдняга бізнесу, так і ў вырашэнне сацыяльна-эканамічных праблем населеных пунктаў.
А абласным службам, зазначыў у сваім выступленні на сесіі старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па эканоміцы, бюджэце і фінансах Вадзім Папоў, трэба  пераходзіць на самафінансаванне. Гэта прымусіць іх працаваць якасней і адказней, бо тады будзе развівацца прыватны сектар бытавых паслуг, што створыць здаровую канкурэнцыю.
Надзея ЯЦУРА, “НТ”,
Брэсцкі раён.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

Актуальнасці мясцовага маштабу

Следующая запись

Эх, калі прозвішча змяню – лепш я зажыву!