Беларусь

Эх, калі прозвішча змяню – лепш я зажыву!


Рубрыку вядзе юрыст “НТ” Лілія КАШТАНЮК
Эх, калі прозвішча змяню – лепш я зажыву!
З’яўляюся маладым спецыялістам. Займаю адказную пасаду. У сувязі з немілагучнасцю прозвішча хачу яго змяніць. Якія прычыны прадугледжаны заканадаўствам для змены прозвішча? Куды мне звяртацца і якія дакументы неабходна падрыхтаваць?
Андрэй, г. Драгічын.
Рэгістрацыя змены прозвішча, уласнага імя, імя па бацьку  ў адпаведнасці з Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і праводзіцца органам, які рэгіструе акты грамадзянскага стану, па месцы пастаяннага жыхарства заяўніка на падставе дазволу аб змене прозвішча, уласнага імя, імя па бацьку, дадзенага галоўным упраўленнем, упраўленнем (аддзелам) юстыцыі аблвыканкама.
Дазвол аб перамене прозвішча, уласнага імя, імя па бацьку можа быць дадзены толькі ў тых выпадках, калі для гэтага ёсць уважлівыя прычыны: немілагучнасць ці цяжкасць вымаўлення; жаданне насіць агульнае з жонкай (ці мужам) прозвішча ці вярнуць сваё дашлюбнае прозвішча, калі гэта не было заяўлена пры разводзе; жаданне насіць прозвішча айчыма (мачахі), які выхаваў заяўніка, ці імя па бацьку па імені айчыма, калі ўсынаўленне  не можа быць аформлена; жаданне насіць прозвішча, уласнае імя, імя па бацьку ў адпаведнасці з нацыянальнасцю; жаданне вярнуць дашлюбнае прозвішча пасля смерці жонкі (мужа) і іншыя (п. 72 Палажэння аб парадку рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану і выдачы дакументаў і (ці) даведак органамі, якія рэгістрыруюць акты грамадзянскага стану, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14.12.2005 № 1454).
У адпаведнасці з Пералікам адміністрацыйных працэдур, якія ажыццяўляюцца дзяржаўнымі органамі, зацверджаным Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26.04.2010 г. №200, для рэгістрацыі перамены прозвішча, уласнага імя, імя па бацьку неабходна падаць наступныя дакументы: заяву, пашпарт ці іншы дакумент, што засведчвае асобу, пасведчанні аб рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану, якія падлягаюць замене ў сувязі з рэгістрацыяй змены прозвішча, імя па бацьку, уласнага імя, копіі літаратурных твораў, артыкулаў, заметак – у выпадку жадання насіць прозвішча, імя па бацьку, уласнае імя ў адпаведнасці з літаратурным псеўданімам, а таксама дакументы, якія пацвярджаюць матывацыю – у выпадку жадання насіць прозвішча, уласнае імя, імя па бацьку, што адрозніваюцца ад дадзеных пры рэгістрацыі нараджэння па прычынах, не ўказаных вышэй, і дакумент аб ўнясенні платы (памер платы – 1 базавая велічыня, на дадзены момант яна складае 35000 руб.).

Ёсць час для працы, а ёсць – для адпачынку!
Прарабіўшы  некалькі месяцаў  па размеркаванні, хачу змяніць месца працы. Згода двух наймальнікаў ёсць. Скажыце, ці захаваецца за мной водпуск і адпускныя пры пераводзе да другога наймальніка?
Вольга КЛІМЧУК, г. Кобрын.
У адпаведнасці з Працоўным кодэксам Рэспублікі Беларусь (далей – ПК) пры звальненні незалежна ад падстаў работніку, які не скарыстаў ці скарыстаў не поўнасцю працоўны водпуск, выплачваецца грашовая кампенсацыя (калі на дзень звальнення работнік прарабіў частку працоўнага года, грашовая кампенсацыя выплачваецца прапарцыянальна адпрацаванаму часу).
Таму першы наймальнік выплаціць Вам грашовую кампенсацыю, а другі абавязаны даць працоўны водпуск у парадку, прадугледжаным ПК. Так, працоўны водпуск за першы працоўны год даецца не раней чым праз шэсць месяцаў работы ў наймальніка за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных заканадаўствам. У прыватнасці, да заканчэння шасці месяцаў работы наймальнік абавязаны даць працоўны водпуск работнікам, якія прыняты на працу ў парадку пераводу па іх жаданні.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля