Беларусь

Актуальнасці мясцовага маштабу


Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Зазуля правёў прыём грамадзян у Кісялевіцкім сельсавеце Кобрынскага раёна
Першым на прыём завітаў дырэктар ААТ “Кісялёўцы” Аляксей Антончык. Новы кіраўнік  усяго месяц на гэтай пасадзе. Праблем у яго – хоць адбаўляй. Але ён прыйшоў не скардзіцца.  Для пачатку – пазнаёміцца з дэпутатам. А там, глядзіш, і дзелавыя стасункі наладзяцца. Ну, хоць бы ў прыцягненні інвестараў у гаспадарку. Аляксандр Зазуля ў сваю чаргу пацікавіўся ходам спраў у гаспадарцы і яе асноўнымі кірункамі дзейнасці, а таксама планамі і задумкамі маладога дырэктара. Для таго, каб у перспектыве, калі надарыцца такая магчымасць, прывезці сюды патэнцыяльнага інвестара. А чаму б і не? Разгарнуцца пры жаданні тут ёсць дзе, да таго ж – горад блізка.
Наталля і Віталь Лойкі на прыём прыехалі з вёскі Рыбна. Іх хвалюе пытанне газіфікацыі вуліцы, на якой яны будуюць дом. “Справа ў тым, – тлумачыў гаспадар шматдзетнай сям’і, – што да прэзідэнцкіх домікаў блакітнае паліва падвялі, а да тых, што вяскоўцы ўзводзяць самі, усяго  нейкія 60 метраў, – не”.
Выслухаўшы  мужа і жонку Лойкаў, Аляксандр Іванавіч папрасіў  дакументы для азнаямлення і паабяцаў: калі не поўнасцю вырашыць іх пытанне, дык хоць зрабіць падвод газу таннейшым.
Ірына Мароз жыве на вуліцы Інтэрнацыянальнай у вёсцы Патрыкі, па якой у бездараж нельга праехаць. Па словах жанчыны, летась жыхары самі падсыпалі яе, але ж гэтага недастаткова. А яшчэ яна звярнулася да дэпутата ад імя вяскоўцаў, якія пражываюць па завулку Крайнім. Тут замест асфальту (па дакументах) насыпана гравійка, ды і ёй патрэбны догляд.
У Аляксандра і Марыі Раманюкоў з Аніскавіч – праблема іншага складу. Іх цікавіла, ці можна атрымаць беспрацэнтны крэдыт на набыццё аўтамабіля, каб вазіць у дзіцячы сад чатырохгадовую ўнучку, хворую на ДЦП. Дэпутат паспачуваў клапатлівым бабулі і дзядулі. Вось толькі дапамагчы наўрад ці атрымаецца, бо крэдытаў такіх няма. Хіба што даведаецца, дзе можна танней набыць машыну.
Наступны прыпынак дэпутата – Кісялевіцкая дзіцячы сад – сярэдняя школа. Тут Аляксандр Зазуля  сустрэўся са старшакласнікамі і педагагічным калектывам. Настаўнікаў цікавіла пытанне жылля для маладых спецыялістаў,  работа грамадскага транспарту (аднаго рэйсавага аўтобуса  недастаткова), занятасць дзяцей у шосты школьны дзень (вельмі цяжка прыцягнуць вясковых дзяцей у гурткі ў вясенне-асенні перыяд, калі большасць з іх дапамагаюць бацькам па гаспадарцы). Гарадскім дзецям, можа, гэта і прымальна, ды толькі не сельскім. Дэпутат паабяцаў задаць адпаведнае пытанне міністру адукацыі, тым больш, што яно ўвогуле вырашальнае. Што тычыцца жылля для маладых спецыялістаў, дык Аляксандр Іванавіч паведаміў, што размаўляў на гэтую тэму з новым кіраўніком ААТ “Кісялёўцы” і той паабяцаў дапамагчы. Па грамадскім транспарце, паведаміў старшыня сельскага Савета Іван Будзько, сацыяльныя стандарты выконваюцца.
У Балоцкай базавай школе Аляксандра Зазулю чакалі не толькі вучні і настаўнікі, але і мясцовыя жыхары. Пытанняў у вяскоўцаў набралася нямала. Дырэктар школы  Іван Бурштын цікавіўся, калі ў вёсцы будуць устаноўлены кантэйнеры і скрыні  для смецця. Адказаў на яго старшыня сельскага Савета: “Машына раз у тыдзень прыязджае ў вёску і збірае адходы. А на ўстаноўку кантэйнераў ніхто не будзе заключаць дагавораў”.
– Чаму тады  смеццязборнік прыязджае не кожны панядзелак? І час не вызначаны: па паўгадзіны і больш даводзіцца чакаць яго, – у адзін голас абураліся вяскоўцы.
Каб выйсці з гэтай сітуацыі, на думку дэпутата, неабходна ўсё ж устанавіць кантэйнеры. Хоць бы таму, што не могуць людзі тыдзень збіраць смецце і адходы.
Мужчыны з вуліц Усходняя і Камуністычная  ўзнялі пытанне падсыпкі і грэйдзіравання дарог, па якіх зараз трактар з прычэпам не праедзе. Хоць старшыня сельскага Савета і запэўніў, што дарогі грэйдзіруюцца згодна з графікам, Аляксандр Зазуля ўпэўнены: “ДЭУ павінна знаходзіць рэсурсы, каб рабіць жыццё людзей максімальна камфортным”.
Стараста вёскі Валянціна Кіслюк лічыць, што для зручнасці людзей варта было б зрабіць яшчэ адзін аўтобусны прыпынак. Маўляў, населены пункт вялікі, і ім далёка дабірацца ў цэнтр. Вяскоўцам хацелася б, каб у аўторак і чацвер рэйсавы аўтобус хадзіў і днём.  Іван Будзько давёў да ведама прысутных: “Для ўводу дадатковага рэйса шукаем прыватніка, каб пусціць маршрутнае таксі. А другі  прыпынак зрабіць не атрымаецца – для гэтага ёсць свае нарматывы”.
Пенсіянерку Любоў Марчук хвалявала пытанне забеспячэння ўласных гаспадарак саломай: маўляў, калі было КУП – праблем не ўзнікала. А як будзе зараз? Калі малако здаём у “Кісялёўцы”, дык няхай гаспадарка і з саломай дапамагае,  а то прыйдзецца кароў прадаваць.  А Сяргей Кананюк прасіў адрэгуляваць падвоз дзяцей з Балот у  Кісялёўцы ў школу, каб не стаялі яны на перакрыжаванні ў чаканні, што хто-небудзь падвязе…
На гэтыя, як і на некаторыя іншыя пытанні мясцовага значэння, вяскоўцы атрымалі адказы ад старшыні сельскага Савета. Прыезд жа ў сельсавет дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандра Зазулі дапамог выявіць іх. Толькі чаму мясцовыя органы ўлады не бачылі гэтых праблем раней? А калі бачылі – чаму не вырашалі?
Надзея ЯЦУРА, “НТ”.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля