Беларусь

Віртуальны палон: выйсце ёсць!


“ЗА” І “СУПРАЦЬ”: абмяркоўваем тэму “ШКОДА І КАРЫСЦЬ САЦЫЯЛЬНЫХ СЕТАК”
Мне – маё, а табе – тваё
Мы самі вырашаем, які шлях выбраць
Закрануўшы ў мінулым выпуску “Арыстоцеля” тэму сацыяльных сетак, аўтары трапілі ў дзясятку з актуальнасцю. Нельга не пагадзіцца з думкай Паліны Весяловай пра інтэрнэт-наркотык. Зараз, каб запрасіць сваю дзяўчыну ў добры рэстаран, нашымі памочнікамі выступаюць маленькі ноўтбук ці “разумны” мабільны тэлефон. Гэта ж не жыццё, а яго карыкатура!
Але ці можам мы ўсю адказнасць за такія стэрэатыпы ўскласці на сацыяльныя сеткі? Тыповыя сайты “У кантакце” і “Аднакласнікі”  ствараліся не для таго, каб замяніць рэальнае жыццё віртуальным: першапачаткова яны існавалі як пошукавыя адзінкі.
Калі гаварыць пра “новы наркотык”, то я лепш сядзеў бы ў інтэрнэце, чым распіваў алкаголь ці смаліў цыгарэту за цыгарэтай.
Той жа “У кантакце” – цудоўная магчымасць не губляць сувязь са сваімі аднакласнікамі, аднагрупнікамі ці проста знаёмымі. Безумоўна, на маёй старонцы можна знайсці розныя прыдаткі, шмат фотаздымкаў, але гэта ўсё не асноўнае. Ніколі не сяджу за маніторам і 15 хвілін, калі не знаходжу цікавага суразмоўцу, а выкарыстоўваю тыя ж “смайлікі”, напрыклад, толькі з мэтай паскорыць гаворку, бо жыццё паскараецца, і мы павінны не адставаць.
Не адмаўляю недахопаў сацыяльных сетак, але без мінусаў не бывае плюсаў. Кожны сам для сябе вырашае, які шлях выбраць: віртуальны ці рэальны. Можна паспрабаваць гэтыя шляхі злучыць, каб атрымаць добры вынік. Сацыяльныя сеткі не павінны ператварацца ў сайты для забаў, а іх заснавальнікам варта помніць пра прызначэнне падобных інтэрнэт-рэсурсаў. Кожнаму – сваё месца і свая справа.
Дзмітрый ШЫФЕРШТЭЙН, студэнт БрДУ імя А.С. Пушкіна, г. Брэст.
Няма інтэрнэту – няма праблем
Лепш пражываць жыццё рэальнае
Неяк на сайце “У кантакце” зарэгістравалася мая сястра. Кожны дзень на яе старонцы з’яўляліся фотаздымкі незнаёмых людзей, паведамленні ад іх. Спачатку было цікава знаёміцца ў інтэрнэце, бо на вуліцы ці дзесьці ў публічным месцы не заўсёды гэта можна зрабіць. А калі “У кантакце” стаў забіраць усё больш і больш гадзін у сястры і ў мяне, зразумела: ад такога баўлення часу ўзнікае залежнасць. Большасць з “кантакцёраў” марнуе час замест таго, каб зрабіць нешта карыснае, паспрабаваць наладзіць рэальны кантакт, жывы, з прыемным чалавекам.
Цяпер у нас з сястрой няма доступу ў інтэрнэт, менш часу праводзім перад камп’ютарам, а калі трэба з кім-небудзь звязацца, дык тэлефануем.
Каб разабрацца ў праблеме, я пагутарыла са школьным псіхолагам Дзіянай Карабцовай. Па яе словах, у кожнай справы ёсць свае плюсы і мінусы. Інтэрнэт забірае шмат вольнага часу, але “дозу” карыстання сусветнай павуцінай мы выбіраем самастойна.
Усё ж размаўляць з рэальнымі людзьмі цікавей і карысней, чым з віртуальнымі. Калі ты бачыш чалавека і заўважаеш яго сапраўдныя эмоцыі, дык зносіны ўсталёўваюцца зусім іншыя. Нават асабістыя дадзеныя, якія многія ўказваюць у анкетах сацыяльных сетак, не адпавядаюць рэальнасці. А хіба можа быць шчырасць у адносінах, калі пачынаць іх з падману? Вельмі радуюся за тых, хто змог адмовіцца ад палону віртуальнасці. І без такіх зносін жыццё насычанае і яркае.
Маргарыта СЯРГЕЕВА, г. Брэст.
Віртуальны палон: выйсце ёсць!
Аднойчы Ксюша забыла свой пароль і не змагла трапіць на старонку карыстальніка
Віртуальныя сябры, усмешкі, сустрэчы – усё гэта стала рэальным з прыходам інтэрнэту. Мы паступова ператвараемся ў робатаў: смяёмся дужкамі, размаўляем шаблонамі кшталту “превед”, “спс”, “споки”. Пра сапраўднае сяброўства нават гутарка не вядзецца, бо большасць карыстальнікаў сацыяльных сетак не ведаюць усіх сваіх віртуальных “сяброў”.
Ахвярай сусветнай павуціны стала і мая сяброўка Ксюша. Яна часта прапускала абед ці вячэру дзеля сурагатных зносін, а веды, якія можна атрымаць на ўроку, ператварала ў кілабайты і паведамленні. Сяброўка стала няўважлівай, абыякавай да рэальнага жыцця. Але аднойчы Ксюша забыла пароль і не змагла трапіць на сваю старонку. Колькі слёз і крыкаў было ў гэты дзень!
Мінуў тыдзень, дзяўчына забылася пра віртуальныя захапленні, стала больш увагі ўдзяляць вучобе, свайму хобі – маляванню. У яе пакоі з’явілася шмат прыгожых карцін, а ў дзённіку – добрых адзнак. Цяпер Ксюша раз у тыдзень заходзіць на старонку “У кантакце”, каб пагутарыць са сваёй сястрой, якая вучыцца ў Амерыцы. Дзяўчыну ўжо не цікавіць бессэнсоўнае марнаванне часу ў сацыяльных сетках, бо яна навучылася планаваць сваё жыццё рацыянальна і з карысцю.
Вікторыя ГОМЗА, г. Баранавічы.
Адваротны бок медаля
Старонка “У кантакце” ці мноства падобных да яе будуць існаваць заўжды, а жыццё праходзіць…
Яшчэ зусім нядаўна сустрэцца з сяброўкай азначала прагуляцца ў парку, пакарміць вавёрак, пагутарыць, гледзячы адна адной у вочы. Цяпер усё змянілася: дастаткова загрузіць старонку “У кантакце” – і твае “сябры” як на далоні. Можна ўвесь дзень размаўляць, не пакідаючы пры гэтым утульнага крэсла.
Стваральнікі сацыяльных сетак, якія “падарылі” нам бясцэнную магчымасць эканоміць катастрафічна недастаючы час, насамрэч мяняюць простае чалавечае на ненатуральнае, фальшывае.
Паступова мы адварочваемся ад рэальнасці, апранаем маску, размяшчаем на інтэрнэт-старонках свае найлепшыя здымкі, старанна адрэдагаваныя ў фоташопе. У загадкавым і таямнічым віртуальным свеце дазволена ўсё, нават быць антыподам таго, кім з’яўляешся.
Асабіста я была пад уражаннем, калі завяла старонку “У кантакце”. Потым заўважыла, што бязглузда губляю час. Далей – яшчэ горш: стала выпрацоўваць сілу волі, каб хоць дзень-два пражыць без любімага хобі. Між тым, людзям, якія бавяць вольны час у сацыяльных сетках, становіцца цяжка знаёміцца ў рэальным жыцці, яны перастаюць падтрымліваць зносіны з аднагодкамі. Словам, свядома затрымліваюць свой духоўны рост.
Але ж у любога медаля ёсць два бакі. Тыя ж сацыяльныя сеткі можна выкарыстоўваць, каб знайсці чалавека, з якім выпадкова згубіў сувязь.
Упэўнена: шматлікія сайты, якія ствараюцца з арыентацыяй на высокі ажыятаж сярод людзей, страцяць сваю актуальнасць, калі карыстальнікі нарэшце адарвуць свае позіркі ад манітораў і паглядзяць у акно. Яны зразумеюць штосьці вельмі простае: старонка “У кантакце” ці мноства падобных да яе будуць існаваць заўжды, а жыццё праходзіць…
Дар’я ГАРБАЦКАЯ, вучаніца Адрыжынскай САШ, Іванаўскі раён.
Не “грузіце”!
У сацыяльных сетках зараджаецца хлусня
Прачытаўшы матэрыялы “Новы наркотык” і “Пакантактавалі”, вырашыла выказаць і сваё меркаванне.
Інтэрнэт – гэта ж не толькі сацыяльныя сеткі і сайты знаёмстваў, яшчэ ў ім можна знайсці шмат карыснай інфармацыі.
Шчыра кажучы, мяне таксама трохі цягне да камп’ютара, але вельмі не падабаецца, што ў сацыяльных сетках зараджаецца хлусня. Ёсць людзі, якія напаўняюць свае старонкі неправеранай ці недакладнай інфармацыяй, тым самым падманваючы наведвальнікаў сайта. Вось чаму замест знаёмстваў у сацыяльных сетках я аддаю перавагу рэальным сустрэчам, калі бачыш вочы чалавека, які ідзе побач, чуеш яго голас, адчуваеш цяпло рук.
Вядома ж, інтэрнэт так увайшоў у наша жыццё, што без яго ўжо не абысціся, але не трэба злоўжываць! Варта паважаць і астатніх карыстальнікаў інтэрнэт-парталаў, не “перагружаць” людзей бязглуздай інфармацыяй. Даступнасць інтэрнэту –  вялікі стымул для таго, каб удасканальваць сябе, развіваць інтэлектуальныя здольнасці, а не губляць час на глупствы і свавольствы.
Анастасія РАБЧЭЎСКАЯ, гурток “Літаратурная творчасць” ДДТ “Вясёлка”, Брэсцкі раён.
Будзем адказнымі
Тое, што адбываецца ў інтэрнэт-прасторы, – вынік нашых дзеянняў
Яшчэ некалькі гадоў таму інтэрнэт для большай часткі чалавецтва з’яўляўся нечым нерэальным і неспасціжным, але ўжо сёння людзі сцвярджаюць, што менавіта за ім – будучыня. Магчымасці, якія дае нам сусветная павуціна, сорамна не выкарыстоўваць. Блогі, інфармацыйныя сайты, інтэрнэт-крамы і сацыяльныя сеткі – усё гэта толькі ў некаторай ступені дапамагае развіццю грамадства.
Найбольшая колькасць спрэчак тычыцца сацыяльных сетак. Адны сцвярджаюць, што людзі хаваюцца за аватарамі і нікамі, каб забыцца пра суровую праўду жыцця. Другія перакананы: сацыяльнымі сеткамі карыстаецца толькі няўпэўнены ў сабе чалавек. Трэція кажуць: віртуальная рэальнасць выклікае залежнасць і таму перашкаджае развіццю асобы. Колькі людзей – столькі і меркаванняў, варта проста паспрабаваць разабрацца, які сэнс хаваецца за словамі “віртуальная рэальнасць”.
Сёння з дапамогай сканера я лёгка перавяду любы малюнак, фотаздымак ці дакумент у электронны від, а інтэрнэт дапаможа перадаць інфармацыю за некалькі секунд. Гэта і ёсць віртуальная рэальнасць. Праз яе моладзь мае зносіны са старымі сябрамі, знаходзіць новых, абменьваецца фотаздымкамі і навінамі. Мы ўвесь час у цэнтры бягучых спраў, сочым за самымі важнымі падзеямі. Людзі смялей выказваюць свае думкі, становяцца больш вольнымі і разважлівымі.
Сацыяльныя сеткі – таксама грамадства. У інтэрнэце дзейнічаюць такія ж законы і правілы, як і ў рэальным жыцці, толькі не ўсе гэта разумеюць.
Трэба да ўсяго ставіцца адказна. Тое, што адбываецца ў інтэрнэце, – вынік нашых дзеянняў і патрэб. Уваходзіць у віртуальнае грамадства трэба падрыхтаванымі. Упэўнена, праз некалькі гадоў чалавецтва забудзе пра так званыя праблемы сацыяльных сетак. Давайце проста глядзець наперад і паляпшаць тое, што нам не падабаецца.
Яніна ШУКА, вучаніца САШ №3, г. Пружаны.
Акаўнт, аватар, спам…
Віртуальныя зносіны не павінны станавіцца дрэннай звычкай
…20 гадзін 49 хвілін. Наталька, прывабная дзяўчына з вялікімі вачыма, вырашыла схавацца. Не, нічога не змянілася. Наталька па-ранейшаму сядзела на ложку, як раней, клацала сваімі тоненькімі пальчыкамі па чорных клавішах ноўтбука. Кропкі – працяжнікі – кропкі.  Здаецца, дзяўчына зусім не схавалася – усё было, як і раней. Але ж яна ўжо знаходзілася не ў сваім пакоі, не на сваім ложку, ногі ўжо не дакраналіся да халоднай сцяны,  а мова раптоўна прыпыніла сваё існаванне. Кропкі – працяжнікі – кропкі. Наталька схавалася самым надзейным чынам…
“Сацыяльныя сеткі! Сацыяльныя сеткі! Вось крыніца ўсяго дрэннага, што можа здарыцца з юнакамі, дзяўчатамі, вось!” – у адзін голас крычаць вынікі якіх-небудзь нікому не патрэбных даследаванняў вучоных. Тыя ж самыя юнакі і дзяўчаты чытаюць гэтыя артыкулы, зга-джаюцца і хутчэй-хутчэй, каб не губляць часу, адчыняюць старонкі з сацыяльнымі сеткамі.
Неандэртальцы мелі між сабой зносіны дзякуючы гукам, міміцы, рухам. Потым людзі не маглі існаваць без маўлення. Лісты закаханым,  сябрам, сваякам сталі  часткай жыцця ў XVIII стагоддзі. А якім цудам было адчуваць вібрацыю знаёмага голасу праз нейкую дзіўную трубку! Дык чаму ж зараз усе адмаўляюцца разумець тых лю-дзей, якія схаваліся за чарговым аватарам?..
Сацыяльныя сеткі – усяго толькі сродак зносін. І хто ж вінаваты, што часам людзі становяцца быццам зачараванымі, калі адкрываюць у сваіх браўзерах знаёмыя старонкі?  Што там схавана такое чароўнае? Звычайныя функцыі, звычайныя малюнкі. Толькі вось бачыш знаёмую ўсмешку сяброўкі на аватары, а тут аднакласнік напісаў новы смешны вершык, там – цэлы альбом фотаздымкаў з апошняй вечарыны, а каля надпісу “Мае паведамленні” грэе душу тлустая  адзінка.
…21 гадзіна 57 хвілін. Наталька, прывабная дзяўчына з вялікімі вачыма, вярнулася ў рэальнае жыццё. І няма тут нічога дзіўнага, усё звычайна, усё, як было. Менавіта таму і хочацца пажадаць, каб віртуальнае жыццё заставалася маленькай часткай рэальнага, сродкам сувязі, а не новым пунктам у спісе дрэнных звычак.
Анастасія ТАРАСЮК, член гуртка “Юны журналіст” Дома дзіцячай творчасці, г. Івацэвічы.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля