Беларусь

З Пінска – у “Марыінку”


Танцор Ігар Колб першыя крокі ў прафесію зрабіў на палескай зямлі
Сёння Ігар Колб з’яўляецца вядучым танцорам на сцэнах Расіі, ЗША, Кітая, Аўстрыі, Італіі і іншых краін. Але 20 гадоў таму ён мог толькі марыць аб той славе, якая прыйшла да яго, дзякуючы стараннасці і знясільваючым рэпетыцыям.
Ігар любіць паўтараць, што звязаў жыццё з балетам зусім выпадкова. Аднойчы, ідучы міма харэаграфічнай школы ў родным Пінску, хлопчык зазірнуў у танцавальны зал і пад велізарным уражаннем ад убачанага зноў захацеў вярнуцца сюды. Прыйшоў, як узгадвае сёння танцор, на пару тыдняў, але атрымалася, што застаўся надоўга. Менавіта адсюль хлопчык паехаў вучыцца ў харэаграфічнае вучылішча ў сталіцу.
Там яго талент заззяў напоўніцу. Яшчэ ў статусе навучэнца балетнай школы Ігар пачаў танцаваць у трупе мінскага тэатра, яго першай партыяй была роля прынца ў “Спячай прыгажуні”. “Калі я вучыўся ў харэаграфічным вучылішчы, беларускі тэатр здаваўся мне самым лепшым, мяжой мар любога выпускніка”, – дзеліцца ўражаннямі Ігар Колб.
Аднак у 1995 годзе Аляксандр Калядзенка падрыхтаваў юнака да выступлення на адным з самых прэстыжных у СНД міжнародных конкурсаў маладых талентаў – “Vaganova – Prix” у Пецярбургу. Ігар тады заняў трэцяе месца, але адчуванне шчасця ад сваёй перамогі ўзгадвае нават сёння. Пецярбург зачараваў юнага танцора, у яго з’явілася дзёрзкая мара яшчэ раз выступіць на сцэне “культурнай сталіцы”, ды ўжо ў якасці сапраўднага артыста. Пасля заканчэння мінскага вучылішча Ігар Колб на працягу паўгода прыязджаў у Марыінскі тэатр дэманстраваць свой талент і нарэшце быў прыняты ў трупу, а праз два гады стаў яе салістам.
Сёння балетныя нумары ў выкананні Ігара Колба прызнаны эталонам танцавальнага майстэрства. На сцэне “Марыінкі” артыст станцаваў практычна ўвесь прэм’ерскі рэпертуар. Яму дасталіся лепшыя ролі – партыі прынцаў у “Лебядзіным возеры”, “Спячай прыгажуні”, “Шчаўкунчыку”, “Папялушцы” і іншых. Ігар без перабольшання стаў адным з самых яркіх прэм’ераў Марыінскага тэат-ра. У якасці прызнання свайго таленту ў 2009 годзе танцор атрымаў ганаровае званне  “Заслужаны артыст Расіі”.
Тым не менш, карані майстэрства вядомага пецярбургскага танцора знаходзяцца на палескай зямлі, у горадзе над Пінай. Менавіта тут ён, сын простых пінчукоў, зрабіў першыя крокі ў прафесію – пачаў танцаваць. З цеплынёй і настальгіяй Ігар узгадвае тыя мясціны, дзе прайшлі яго дзіцячыя гады, і тых людзей, якім ён абавязаны нараджэннем і выхаваннем – бацькоў.
Сёння танцору 36 гадоў, у яго ўжо свая сям’я, падрастае сын. Але нягледзячы на тое, што артыст амаль 20 гадоў жыве ў Пецярбургу, хлопчыка ў памяць аб бацьках запісаў беларусам па нацыянальнасці. Творчая работа Ігара займае вялікі адрэзак яго жыцця, і яна не дае магчымасці часта наведваць родных у Пінску. Ды мінулым летам пасля доўгага расстання Ігар Колб нарэшце пабываў на малой радзіме. Хочацца пажадаць земляку творчых поспехаў. Няхай яшчэ не адна сусветная сцэна скорыцца яго незвычайнаму таленту.
Віталь ЯКІМЧУК,
г. Пінск.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля