Завышэнне расцэнак, прыпіскі аб’ёмаў, памылкі праекціроўшчыкаў прывялі да павелічэння кошту будаўніцтва амаль на 1,6 мільярда рублёў
Падчас наведвання сёлета ў чэрвені Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь Аляксандр Якабсон звярнуў увагу на нясвоечасовы ўвод у эксплуатацыю новых аб’ектаў гэтай ВНУ. Ён даручыў Камітэту дзяржкантролю вобласці правесці пазапланавую праверку генеральнага падрадчыка будаўніцтва ААТ “Будтрэст №25” г. Баранавічы і высветліць прычыны зацягвання тэрмінаў уводу аб’ектаў эксплуатацыю. У прыватнасці, пад вучэбна-лабараторны корпус ужо не адзін год вядзецца рэканструкцыя будынка дзіцячага лячэбна-аднаўленчага цэнтра па вуліцы Паркавай у райцэнтры.
Праверачныя мерапрыемствы ўжо завершаны. Яны паказалі, што аб’ект фінансаваўся недастаткова. Заказчык (установа “Дырэкцыя аб’ектаў БДУ, якія будуюцца”, г. Мінск) і генеральны падрадчык на працягу ўсяго перыяду будаўніцтва не забяспечылі неабходны кантроль за захаваннем заканадаўства пры будаўніцтве. Акрамя таго, імі і праекціроўшчыкам (РУП “Інстытут “Белдзяржпраект”,
г. Мінск) не былі прыняты дастатковыя меры па змяншэнні кошту аб’екта.
На сённяшні дзень нарматыўныя тэрміны будаўніцтва перавышаны ўжо больш чым на год. Неабгрунтаванае падаражанне кошту аб’екта дасягнула сумы ў 2,3 мільярда рублёў, у тым ліку завышэнне – 1,6 мільярда рублёў.
Па прычыне зацягвання тэрмінаў будаўніцтва звыш нарматыўных павялічыўся яго кошт з-за ўключэння ў аб’ёмы выкананых работ затрат на часовае ацяпленне, якія ў ацяпляльны перыяд 2011-2012 гадоў склалі 455,7 мільёна рублёў.
Заказчыкам таксама не забяспечаны кантроль за індэксацыяй своечасова не выкарыстаных авансаў. Сума неабгрунтаванага завышэння кошту ў выніку неправядзення іх індэксацыі склала 204,6 мільёна рублёў.
Неабгрунтаванае ўключэнне ў разліковыя дакументы матэрыялаў, камандзіровачных, нарыхтоўча-складскіх расходаў, завышэнне статыстычных індэксаў, расцэнак, прыпіскі аб’ёмаў, памылкі праектнай арганізацыі прывялі да завышэння кошту будаўніцтва.
Адной з прычын зацягвання тэрмінаў з’явілася выкарыстанне дарагіх будаўнічых матэрыялаў, у тым ліку імпартных.
Акрамя таго, уведзеныя ў эксплуатацыю пускавыя комплексы здадзены без наяўнасці заключэння дзяржаўнай экспертызы будаўнічага праекта.
Па выніках праверкі Камітэт дзяржкантролю вобласці вынесе прадпісанне аб ухіленні дапушчаных парушэнняў, а вінаватыя асобы генеральнага падрадчыка і заказчыка будуць прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.
Віктар ВАСІЛЕЎСКІ,
галоўны спецыяліст
КДК Брэсцкай вобласці
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.