Гаршчок? Адной левай!

Гаршчок? Адной левай!

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

На малой радзіме маіх бацькоў, у вёсцы Гарадной, што ні чалавек – дык легенда
Пабывала на Століншчыне – падарожнічала па “краіне” свайго дзяцінства і дзяцінства маіх бацькоў. Тую вандроўку і цяпер часта ўспамінаю.
… Еду знаёмай дарогай. Паабапал яе стаяць і махаюць мне галінкамі сяброўкі-бярозкі. А вось маладзенькі сасоннік, які ўжо здалёк усміхаецца мне. Праехалі і стары дуб, ён шапнуў, што вельмі рады сустрэчы. А як я рада! Я ніколі не думала, што мне будзе так неспакойна і хвалююча, а сэрца будзе трымцець, ірвацца з грудзей і ціхенька ныць. Мяне напаўняе шчасце. Нарэшце – прывітанне, Гарадная!
Як я люблю гэту вёску! Асабліва яе лясы, дзе шмат розных ягад і грыбоў, якія мы збіралі разам з дзядулем. Ён у мяне сапраўдны паляўнічы і добра ведае лес. Менавіта мой дзядуля Адам Аляксеевіч прывіваў мне любоў да прыроды, да ўсяго жывога… Але самым галоўным багаццем вёскі, безумоўна, з’яўляюцца яе жыхары. Гэтыя людзі захавалі і развіваюць адзін з відаў народных промыслаў – ганчарства.
Па легендзе сяліліся тут з-за велізарных запасаў гліны. Калісьці гэтая вёска мела статус горада і магдэбурскае права. І адзіная – з гербам: выявай лася на зялёным фоне. Людзі не былі прыгоннымі, карысталіся пэўнымі вольнасцямі, не плацілі падаткі і самі выбіралі войта. У густанаселенай, але беднай ворнымі землямі Гарадной у 1920-я гады налічвалася рэкордная колькасць ганчароў – каля 500…
Мы высаджваемся на цэнтральнай плошчы вёскі каля Дома культуры. Менавіта тут у 2003 годзе адкрыўся Цэнтр ганчарства.
Нас сустракае Алімпіяда Дзмітрыеўна Леанавец. Жанчына, улюбёная ў сваю справу, праводзіць для наведвальнікаў экскурсіі і  многа ведае пра цуды гліны. У Цэнтры захоўваюцца фотаздымкі ганчароў славутай мясцовай дынастыі – братоў Ярмолы і Сцяпана Мірановічаў, іх сыноў. Праўнукі знакамітых майстроў цяпер таксама вучацца ганчарнаму рамяству.
Мяне ўразілі гісторыі аб людзях-легендах: Мацвей Пячонка рабіў гаршкі адной левай рукой і перамагаў на конкурсах. Аўраам Басавец у 2003 годзе атрымаў грант Прэзідэнта краіны за адра-джэнне народных традыцый. Арсен Шэлест – лепшы ганчар краіны 2005 года. Я даведалася, што майстар сам здабываў гліну ў кар’еры, які размешчаны недалёка ад вёскі, і самай прыдатнай для гаршкоў лічыў шэрую, якая залягае на глыбіні 5-10 метраў.
Між іншым, Цэнтр ганчарства з’яўляецца адначасова і майстэрняй, і музеем. У куце аднаго з пакояў – сапраўдны ткацкі станок, на якім дзяўчынкі ткуць посцілкі на падлогу. А ў цэнтры другога – на пірамідальнай падстаўцы выстаўлены колішнія гліняныя вырабы. На пачэсным месцы, упрыгожаным зверху старадаўнім ручніком, захоўваецца самы паважаны па ўзросце 300-гадовы гаршчок-“паляк”.
У пачатку мінулага стагоддзя было ў Гарадной каля трох соцень ганчароў. Цэлымі сем’ямі займаліся ганчарскай справай, бацька перадаваў майстэрства сыну, і, дзякуючы продажу гліняных вырабаў, людзі жылі. Ужо ў пачатку ХIХ стагоддзя белагліняную гараднянскую кераміку вывозілі на звычайных вазах у Варшаву, Вільню, Кіеў, Мінск. Гараднянцы прадавалі свае вырабы і ва Украіне, пераважна на Ровеншчыне, і забяспечвалі імі практычна ўсё Прыпяцкае Палессе.
Яшчэ Алімпіяда Дзмітрыеўна расказала нам, што ў былыя часы майстры развозілі свае вырабы па вёсках самі і не звярталіся да паслуг пасрэднікаў. На воз ці сані асаблівым чынам змяшчалі да тысячы разнастайных вырабаў, іх упакоўвалі ў салому ці сена. Ніводны гаршчок на такім велізарным возе на палескім бездарожжы ніколі не разбіваўся.
Не разбіваюцца яны і зараз – у багажніках машын. Раней, калі хлопец не ўмеў рабіць гаршкі, за яго мясцовая дзяўчына замуж не ішла, тады ён вымушаны быў вучыцца гэтай справе. Алімпіяда Дзмітрыеўна дакладна ведае гісторыю і ганчарства, і Гарадной, таму так цікава слухаць яе аповяд.
Гаршкі адрозніваюцца адзін ад аднаго сваімі памерамі: “паляк” змяшчаў больш як пуд зерня, а “мамзэль” – усяго адзін кілаграм. Прычым, у залежнасці ад велічыні, посуд меў свае адметныя назвы: 2 л – “паўзлівач” і “семак”, 3 л –
“злівач”, 6-8 л – “пададзінец”.  Высвятляецца, што тое, чаму дзіўлюся, добра вядома маім сельскім равеснікам, бо ганчарная справа жыве ў Гарадной. Гэтую старадаўнюю традыцыю адраджаюць школьнікі – на базе Цэнтра ганчарства дзейнічае гурток. Тут увогуле шматлюдна. Цэнтр наведваюць школьнікі з усёй рэспублікі і замежныя госці. Пабывалі на экскурсіі ў Алімпіяды Дзмітрыеўны жыхары Швецыі, Англіі, Германіі, Польшчы. Рэгулярна праходзяць міжнародныя ганчарныя пленэры. Вырашаецца пытанне аб наданні ганчарнаму цэнтру статусу Нацыянальнага…
Пасля экскурсіі мы яшчэ доўга размаўлялі з Алімпіядай Дзмітрыеўнай, а потым яна падарыла мне некалькі гліняных гаршчочкаў і параіла смажыць у іх бульбачку.
Дамоў я вярталася радасная і шчаслівая ад сустрэчы з “краінай” свайго дзяцінства, махала на развітанне тым бярозкам і сасонніку, што сустракалі мяне. Я паабяцала ім: абавязкова прыеду яшчэ.
Дар’я НІКАНЧУК,
выпускніца СШ №1
г. Жабінкі.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

Усё яшчэ жывы…

Следующая запись

Завышэнне расцэнак, прыпіскі аб’ёмаў, памылкі праекціроўшчыкаў прывялі да павелічэння кошту будаўніцтва амаль на 1,6 мільярда рублёў