Беларусь

У майго шчасця ёсць імя


Хто не быў у Гальцах – той не зведаў усю прыгажосць палескага краю
Смела магу сказаць: я – шчаслівая! Многія, напэўна, адразу падумаюць, што ў мяне няма цяжкасцей, што я ніколі не сумую, не спрачаюся з сябрамі, што бацькі мае банкіры і даюць усё, што пажадаю. Але гэта не так. Я шчаслівая таму, што нарадзілася і жыву ў маляўнічым і цудоўным краі – на Піншчыне. І асабліва прыгожая мая родная вёска Гальцы, якая знаходзіцца сярод палескіх балот. З дзяцінства знаёма мне тут кожнае дрэўца, кожная рачулка, кожная кветачка.
Палеская прырода – гэта цудоўны казачны свет. Бачыць яго мяне навучыў мой дзядуля Ілья Ільіч Вакуліч. Ён вельмі любіць фатаграфаваць прыроду і бачыць у ёй столькі цікавага і неверагоднага!
Мне здаецца, хто не быў у Гальцах, той не зведаў усю прыгажосць і прывабнасць палескага краю. Бо ў нас нават паветра такое, што дыхаеш і дыхаць хочацца. Неба заўсёды бяздоннае і яснае, нават думкі нясуць цябе недзе ўвысь і становяцца такімі ж светлымі. Нідзе я яшчэ не бачыла такіх таямнічых начэй, як тут. Ды і зоркі на Палессі самыя яркія, як і людзі. І не дзіва, бо ў нас у сэрцы разам з зоркамі загараецца агеньчык, які, нібыта сонца, сагравае ўсё навокал.
Што можа быць прыгажэй за вясёлку пасля летняга дажджу?!. Яна здаецца такой вялікай, быццам злучае ўвесь свет. А нараджэнне новага дня: неба наліваецца чырванню, сонца непаўторна прывабнае і чароўнае, вакол разлятаюцца галасы птушак – усё гэта так міла сэрцу…
А якая дзівосная тут кожная пара года! Гарачае, чаканае лета. Але як я яго люблю! Што ні дзень – то паходы на рэчку, што ні вечар – то сустрэчы з сябрамі. І бясконцыя вандроўкі ў лес – усё так цешыць душу і намагае сэрца біцца часцей. А захацеў зачаравацца прыгажосцю – хутчэй на луг. Кветкі… Бясконцае мноства кветак. Спаборніцтвы на лепшы букет нас вельмі радуюць.
Потым прыходзіць залатая прыгажуня – восень. Хтосьці скажа: сумная пара… Ды толькі не ў Гальцах! Глядзіш на лісце, якое быццам кружыцца ў вальсе, павольна падае на зямлю – і вачэй адарваць не можаш. А калі пройдзеш па ім, дык здаецца, што кожны лісцік шэпча табе нешта сваё. А можа, спявае сваю асеннюю мелодыю?..
Нечакана выпадае снег. Першы, самы першы і лёгкі. Тады
выйдзеш на вуліцу, падставіш далоні гэтым белым лёгкім сняжынкам, і з’яўляецца пачуццё невыказна цудоўнага і незвычайнага. Зіма не стамляе здзіўляць нас сваёй прыгажосцю. Дрэвы стаяць, нібы зачараваныя, у белым казачным убранні. А то завые завіруха – белага свету не відаць. Выглядае сонейка – сумёты пераліваюцца срэбным бляскам. Хіба ж не казка?!
Квецень садоў, пах першай зеляніны, хвалькі на Прыпяці і Стары… Безумоўна, Гальцоўская вясна, якая цешыць душу, нясе радасць, надзею. З кожнай вясной, як той лісцік, людзі тут нараджаюцца нанава. Нарэшце, доўгачаканы паход у лес па ландышы. Як мы з сябрамі чакаем яго! І дрэвы, якія, здаецца, крычаць: “Паглядзіце на нас, якія мы прыгожыя!” Адным словам, дзіва.
Колькі б я ні пісала пра прыгажосць нашага краю, маёй роднай вёскі, не змагу апісаць яе цалкам. Усё гэта патрэбна ўбачыць сваімі вачыма. Калі ж хто ўсё гэта ўбачыць, дык адразу зразумее, чаму я лічу сябе шчаслівым чалавекам.
Карына ВАКУЛІЧ,
выпускніца Калавуравіцкай СШ Пінскага раёна.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля