Беларусь

Пра пашпарт, дэпартацыю і работу за мяжой


Публікацыя “Месяц без пашпарта” (“НТ” №34 за 17 жніўня) выклікала не толькі рэзананс сярод чытачоў газеты, але і знайшла водгук у адказных асоб. Нагадаем, што ў рэдакцыю прыйшоў афіцыйны адказ за подпісам начальніка ўпраўлення па грамадзянстве і міграцыі УУС аблвыканкама Аляксандра ТОМАШАВА (на здымку), які змясцілі ў нумары “НТ” №39 за 21 верасня. Але Аляксандр Уладзіміравіч прапанаваў рэдакцыі дадатковую інфармацыю. Падчас сустрэчы з ім высветлілася, што праблема з заменай пашпарта нават праблемай і не з’яўляецца, а многія непрыемныя сітуацыі ўзнікаюць з-за недахопу інфармацыі ці няўважлівасці людзей да гэтай самай інфармацыі. Гутарка з начальнікам-энтузіястам, акрамя пазітыўнага ўражання ад прафесіянальных і чалавечых якасцей суразмоўцы, пакінула бясцэнны інфармацыйны багаж. Найбольш цікавымі і карыснымі фактамі з работы ўпраўлення па грамадзянстве і міграцыі дзялюся з нашымі чытачамі.

* Пры замене пашпарта стары дакумент можна не здаваць, а пакінуць сабе, пакуль не атрымаеце новы. Для гэтага неабходна напісаць заяву.
* Працуюць работнікі службы 6 дзён на тыдзень.  Нават у суботу. У некаторыя дні працоўны час заканчваецца ў 20.00, таму зусім неабавязкова прыходзіць да адкрыцця, у 11.00, і ствараць чэргі. Немалаважна, што нават калі прыём грамадзян скончаны, то дзверы ўстановы адчынены, і тут можна атрымаць усю неабходную інфармацыю. Да таго ж, спецыялісты заўсёды гатовыя пайсці насустрач і дапамагчы.
* Да асоб з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі супрацоўнікі ведамства прыйдуць дамоў. Для гэтага неабходна паведаміць аб сваёй праблеме ў аддзел па грама-дзянстве і міграцыі па месцы жыхарства.
*Ва ўрачыстай абстаноўцы па ініцыятыве ўпраўлення пашпарты атрымліваюць грамадзяне ў 14 гадоў, а таксама 100-гадовыя юбіляры. Дарэчы, равеснікаў стагоддзя сёлета ў вобласці – аж 54 чалавекі.
* Адным з важнейшых кірункаў дзейнасці ўпраўлення з’яўляецца работа з мігрантамі. У год выдаецца звыш 1,5 тысячы дазволаў для пастаяннага пражывання замежным грамадзянам. Больш за 140 чалавек ужо дэпартаваны ў гэтым годзе з тэрыторыі Брэстчыны, 74 з іх – пад канвоем. Найбольш частымі парушальнікамі закона з’яўляюцца грамадзяне Расіі, Украіны, Туркменістана, Узбекістана.
* Вядзецца актыўная работа з замежнымі студэнтамі ў вышэйшых навучальных установах Брэстчыны. Іх у вобласці – 629 чалавек. Геаграфія вельмі шырокая – Туркменістан, Кітай, Нігерыя, Кыргызстан, Шры-Ланка, Іран, Турцыя, Камерун, Грузія.
* Ва ўпраўленні шмат увагі надаецца рабоце з грамадзянамі, якія выязджаюць працаваць за мяжу. Традыцыйнымі сталі інфармацыйныя акцыі, сустрэчы ў калектывах, актыўна выкарыстоўваецца сацыяльная рэклама.
* У год у вобласці выдаецца звыш 100 тысяч пашпартоў.

Запомніліся словы Аляксандра Томашава пра сваю работу: “Чалавек прыходзіць да нас, каб вырашыць пэўныя праблемы і атрымаць канкрэтны вынік, а мы, у сваю чаргу, павінны дапамагчы і не выйсці за рамкі прававога поля”. Пакуль працягвалася гутарка, у кабінеце ўвесь час званіў тэлефон, сюды прыходзілі людзі. Адметна, што кожнага Аляксандр Уладзіміравіч ведае па імені. Аказваецца, гэта прафесіянальная асаблівасць работнікаў службы.
Адным з самых вопытных і даўніх работнікаў, напрыклад, з’яўляецца Галіна Шыш. Жанчына 38 гадоў працуе пашпартысткай аддзела па грамадзянстве і міграцыі Драгічынскага РАУС. Яна прызналася, што помніць усіх людзей нават у твар. Колькі пакаленняў драгічынцаў зафіксаваліся ў яе памяці, ужо нават цяжка падлічыць.
Вось так аператыўна і інфарматыўна рэзананс на крытычную публікацыю перарос у канструктыўную гутарку. Знаёмства з дзейнасцю ўпраўлення па грамадзянстве і міграцыі абавязкова працягнем у нашай газеце і далей.
Вольга СВІРЫДОВІЧ, “НТ”.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля