“ЗДАРОВЫЯ” навіны
Інфарм-укол
АРГКАМІТЭТ VII МІЖНАРОДНАЙ ВЫСТАВЫ-КІРМАШУ “Садзейнічанне здароваму ладу жыцця – 2011” прыняў рашэнне аб правядзенні мерапрыемства з 14 па 16 верасня. Традыцыйная сустрэча аматараў здаровага ладу жыцця, медыкаў, прыхільнікаў фізкультуры і спорту адбудзецца ў абласным цэнтры ў лядовым палацы, а працаваць выстава-кірмаш будзе з 11 да 19 гадзін штодня.
***
ДАДАТКОВЫЯ МЕРЫ прыняты санітарнай службай па недапушчэнні распаўсюджвання на тэрыторыі вобласці небяспечных інфекцыйных хвароб. Па інфармацыі галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача Брэстчыны Івана Даўжука, узмоцнены санітарна-каранцінны кантроль за пасажырамі, якія прыязджаюць з-за мяжы. Эпідэміёлагі адсочваюць кожную партыю завезенай сырой гародніны з краін Еўрасаюза. Інфармацыя аб эпідсітуацыі па небяспечных інфекцыях штодня абнаўляецца на сайце абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.
***
ДЫЯГНАЗ “КЛЕШЧАВЫ ЭНЦЭФАЛІТ” за 7 месяцаў гэтага года ўстаноўлены ў 8 чалавек і ў 29 – “Лайм-Барэліоз”. Па інфармацыі ўрача-паразітолага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Алы Корзан, эпідэмічны сезон згаданых хвароб толькі набірае тэмп. Колькасць кляшчоў у прыродзе сёлета застаецца даволі высокай, на Брэстчыне пацярпелі ўжо 3654 чалавекі, з іх 1100 – дзеці.
Спецыялісты раяць захоўваць меры перасцярогі. Адпраўляючыся ў лес, апранайцеся і абувайцеся так, каб засцерагчы цела ад кляшчоў. Вярнуўшыся дамоў, абавязкова агледзьце сябе. Каб адагнаць насякомых, выкарыстоўвайце рэпеленты, якія можна набыць у аптэцы ці магазіне. Калі ж клешч прысмактаўся, здыміце яго з дапамогай пятлі моцнай ніткі ці пінцэтам, пакачваючы з боку ў бок. Знятых насякомых нельга сціскаць рукамі, іх трэба даследаваць на кляшчавыя інфекцыі. Калі ў скуры застаўся хабаток, выдаліце яго з дапамогай іголкі аднаразовага шпрыца. Месца ўкуса змажце ёдам ці іншым антысэпцікам. Калі самі не здымеце насякомае, абавязкова звярніцеся да ўрача.
Служба навін “НТ”.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.