Беларусь

Зіма, якая пахне… летам


На перакрыжаванні вуліц Савецкай і Міцкевіча ў абласным цэнтры нядаўна адкрыўся зімні сад Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна
Літаральна з першых хвілін існавання ён трапіў у рэйтынг самых прыгожых месцаў горада.
Гісторыя сцвярджае: правобразам і адначасова імпульсам да стварэння саду стала цяпліца з экзатычнымі раслінамі, арганізаваная выкладчыкамі педагагічнага інстытута ў далёкім 1965-м. Яна паспяхова заняла нішу практычнага дапаможніка ў падрыхтоўцы кваліфікаваных спецыялістаў. У 2003 годзе апеку над цяпліцай узяў міжфакультэцкі цэнтр экалогіі і прыродазнаўства, створаны ініцыятыўнай групай выкладчыкаў пры падтрымцы абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Узначаліла цэнтр Вольга Верамчук.
Адданая любімай справе жанчына і яе падапечныя гадамі выношвалі ідэю ператварэння невялічкай цяпліцы ў нешта маштабнае, унікальнае – напрацоўвалі вопыт, аналізавалі, даследавалі прыроду роднага краю, ландшафт, біялагічную разнастайнасць, прыходзілі да агульных вывадаў. Усё гэта ярка прадстаўлена ў васьмі вучэбна-метадычных комплексах, выдадзеных выкладчыкамі цэнтра. Вынікі складанай работы атрымалі ўхвалу былога міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Лявонція Харужыка. Падчас яго візіту ў Брэст унікальная калекцыя цяпліцы ўжо налічвала больш за 250 розных відаў раслін. Тады ідэя рэканструкцыі непрывабнай знешне пасля шматлікіх гадоў эксплуатацыі цяпліцы залунала ў паветры з неверагоднай яснасцю. Фінансы таксама знайшліся. Па распараджэнні Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ўніверсітэту выдзелілі 5 мільярдаў рублёў на рэалізацыю планаў.
Экспанаты са старой цяплічкі нікуды не дзеліся – усе яны знайшлі прытулак пад сучасным шкляным дахам цяперашняга зімняга саду. Новая аранжарэя разраслася да 500 экземпляраў. Тут “пасяліліся” трапічныя пальмы, дыннае дрэва, фікусы – рэдкія віды раслін з фондаў Цэнтральнага батанічнага сада, што ў сталіцы. Унікальную калекцыю кактусаў новаму музею прэзентаваў брастаўчанін Васіль Белан. Менавіта яго “гадаванцы” склалі аснову экспазіцыі “Пустыня”. Акрамя ўзгаданай кліматычнай зоны ў суседніх залах размясціліся тропікі і субтропікі.
– Калі да нейкай ідэі імкнуцца вельмі доўга, яе ўвасабленне абавязкова будзе прафесійным, – расказвае Вольга Верамчук. – Нашы даследаванні далі дарогу буйному праекту зімняга саду, ажыццявіць які дапамагла архітэктар Таццяна Мароз. Не варта забываць, што першапачаткова аб’ект планаваўся як вучэбна-метадычны комплекс для студэнтаў. У гэтым і ёсць яго ўнікальнасць, бо аранжарэй падобнага плану шмат, а наш варыянт – адзіны.
Сапраўды, у студэнтаў і іх выкладчыкаў з’явілася своеасаблівая лабараторыя для вывучэння цеплалюбівых раслін. Для тэарэтычных заняткаў нават ёсць аўдыторыя, абсталяваная па апошнім слове тэхнікі.
Што да гараджан – ім экскурсія па аранжарэі дазволіць запоўніць недахопы ў экалагічнай адукацыі. Дарэчы, у першыя дні пасля адкрыцця тут пабывала каля 500 аматараў прыроды. Мяркуючы па запісах у гасцявой кнізе, ніхто не быў расчараваны. Людзі параўноўвалі сад з маленькім раем, за вокнамі якога чараўніца-зіма ў імгненне вока наваражыла белыя, пухнатыя сумёты, размалявала шыбкі іскрыстымі ўзорамі, укрыла зямлю снежнай коўдрай. Ды калі зайсці ўсярэдзіну – атмасфера трапічных джунгляў ці спякотнай пустыні не пакідае ад лютай стыхіі і следу. Таму пакуль прыхільнікі цёплага надвор’я, дзеці сонца, маўкліва чакаюць змены сезонаў, сапраўдныя гурманы ўжо знайшлі куточак, дзе заўсёды будзе пахнуць летам.
Ніна ЛЕАНАВЕЦ, “НТ”.
Фота Міланы Харытонавай, БелаПАН.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля