Беларусь

Да сусветных велатрэкаў


ЮНЫЯ ВЕЛАСІПЕДЫСТЫ З ПРУЖАН ЕЗДЗЯЦЬ НЕ ТОЛЬКІ ПА РОДНЫХ ДАРОГАХ
Некаторыя з былых выхаванцаў гэтай велашколы пакараюць трэкі сусветных велагонак. Пакараюць дзякуючы майстэрству, першыя навыкі якога атрымалі тут, у Пружанах, у правінцыйнай спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе. Яна, як і дзве іншыя, што ў Бярозе і Драгічыне, рыхтуе кадры  для абласнога вучылішча алімпійскага рэзерву.
Як і ва ўсіх навучальных установах, тут ідзе  навучальны год: укамплектаваны групы, складзены планы заняткаў і трэніровак.
– Нават лета канікуламі не лічым, – кажа трэнер-выкладчык Анатоль Плеска. – Трэніроўкі працягваем рэгулярна, таму што гэтага патрабуе спорт.
Школу можа наведваць любы жадаючы, каму споўнілася 10 гадоў. Нават той, хто не ўмее катацца на веласіпедзе. Пасля выпрабавальнага экзамену, галоўнай умовай якога з’яўляецца адпаведная фізічная падрыхтоўка, трэнер Юрый Валкоўскі, які завочна вучыцца ў Смаленскай дзяржаўнай акадэміі фізічнай культуры, і трэнер-выкладчык майстар спорту Анатоль Плеска бяруцца за справу. Да пяці разоў на тыдзень па дзве гадзіны ў дзень яны праводзяць заняткі і трэніроўкі з рознымі ўзроставымі групамі.
– Хацелася б мець не дзесяць веласіпедаў вышэйшага класу, а больш, – гаворыць Анатоль Плеска. – Усіх усялякіх іх у нас 20. Самі рамантуем, але не заўжды хапае запчастак. Не заўсёды вы-дзяляюцца патрэбныя грошы на экіпіроўку, але дапамагае мясцовая ўлада. У прыватнасці, старшыня райвыканкама Аляксандр Юркевіч. Ён – заўзяты аматар веласіпеда, а яшчэ – кандыдат у майстры спорту. Мы цесна кантактуем з начальнікам аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму Сяргеем Шчыпанавым і загадчыцай фінансавага аддзела райвыканкама Марыяй Казлоўскай. Яна, дарэчы, таксама любіць ездзіць на спартыўным веласіпедзе.
За сваё існаванне школа падрыхтавала шмат кандыдатаў у майстры спорту. Апошнім часам гэтае званне атрымалі Таіса Насковіч і Хрысціна Мархель, якія сумяшчаюць вучобу ў агульнаадукацыйнай школе з павышэннем прафесійнага майстэрства ў абласным вучылішчы алімпійскага рэзерву. Дзякуючы велашколе многія выхаванцы сталі майстрамі спорту. І не толькі: Ганна Субота з’яўляецца неаднаразовай чэмпіёнкай Беларусі, а Сяргей Даўбнюк – майстар спорту міжнароднага класа. Ён абараняў гонар рэспублікі на этапах Кубка свету ў Сіднэі, Мехіка і Манчэстары.
Аляксей ГАНЧУК, “НТ”,
г. Пружаны.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля