Беларусь

Усе мы – людзі розныя…


У моладзі не можа быць аднолькавы на ўсіх музычны густ
Музыка… Сёння яе так многа, што заблудзіцца сярод музычных твораў лёгка. Класіка, поп, рэп і яшчэ дзясяткі плыняў. Калі жыве такая розная музыка, напэўна, яе слухаюць розныя людзі. Пад адзін трафарэт музычны густ моладзі ніяк не падыходзіць. Па якіх жа крытэрыях маладыя выбіраюць свой музычны стыль, сваю песню?
Хрысціна ЛЕСНІК, г. Брэст:
– Слухаю розную музыку: хуткую і павольную, замежную і рускую, поп і рок. Мяне захапляюць гукі фартэпіяна, але з той жа лёгкасцю трапляю ў джазавы палон. Не маю нейкай адной музычнай схільнасці. Не лічу, што гэта дрэнна, бо разнастайнасць, у тым ліку і музычная, робіць свет цікавейшым.

Дзяніс ТРАЦЮК, Маларыцкі раён:
– Пры выбары таго, што паслухаць, кіруюся настроем. Калі сумна, слухаю нешта меланхалічнае. Калі настрой такі, што горы звярнуць можна, выбіраю кампазіцыі рытмічныя і пазітыўныя. Хто прыдумаў, што моладзь супраць класікі? Хоць слухаю яе рэдка, але класічныя творы мне таксама імпануюць.

Дзмітрый БОСАК, г. Брэст:
— Мне падабаецца альтэрнатыўны рок. Класічную музыку не слухаю. Думаю, што ў сучасным рытме жыцця маладым хочацца слухаць музыку, якая зможа даць пэўную разрадку і бліжэй да зменлівай моладзі. Класіка – не для яе!
Таццяна ДОБЫШ, г. Камянец:
– А я люблю клубную музыку замежных ды-джэяў. Яна заўсёды ўзнімае настрой, пад яе хочацца танцаваць.
Як бачым, усе мы – людзі розныя. Добры ці дрэнны музычны густ у маіх равеснікаў, меркаваць не бяруся. Вось толькі шкада, што ніхто не ўзгадаў беларускую музыку…
Запісала Сабіна ГАРАЕВА,
студэнтка БрДУ
імя А.С. Пушкіна.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля