Беларусь

Танцуе, кулінарыць і… трымае ўдар!


Знаёмцеся: Іван Архуціч, студэнт пятага курса Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры, спорту і турызму па спецыяльнасці “Трэнерская работа”. Пэўна ж, у гэтую навучальную ўстанову паступаюць людзі, для якіх спорт – гэта штодзённая праца. Яны з дзяцінства прызвычаіліся да цяжкіх трэніровак і не па чутках ведаюць кошт перамогі. Са спортам звязаў сваё жыццё і наш герой. Нягледзячы на малады ўзрост, у сваёй скарбонцы Іван мае шмат узнагарод. Ён з’яўляецца сяміразовым  чэмпіёнам Рэспублікі Беларусь, пераможцам міжнародных спаборніцтваў, бронзавым прызёрам першынства свету ў 2006 годзе, сярэбраным прызёрам чэмпіянату Еўропы 2008 года, чэмпіёнам Еўропы 2010 года па каратэ кёкусінкай. Дарэчы, еўрапейскі чэмпіянат нядаўна праходзіў у Вільнюсе. Іван Архуціч і зараз прымае віншаванні ў родным горадзе, а таксама з радасцю дзеліцца ўражаннямі.
– Іван, раскажы, чаму выбраў менавіта каратэ?
– Спрабаваў спачатку сябе ў танцах. Прыблізна тры гады займаўся ў гуртку. Затым у Бярозе адкрылі секцыю каратэ, у якую мяне запрасіў аднакласнік. Паспрабаў – спадабалася і, як кажуць, зацягнула. З 1997 года займаюся ў клубе “Саторы” ў трэнера Віктара Няроды.
– А чым табе падабаецца каратэ?
– Кёкусінкай – кантактнае каратэ, самы жорсткі стыль. Поўны кантакт нават на чэмпіянатах. Для сучаснага каратэ патрэбна фізічная падрыхтоўка, яно не дае магчымасці расслабіцца, дысцыплінуе. Трэнер Віктар Нярода ўмее захапіць, заахвоціць імкнуцца да перамог. Я ўдзячны яму за свае  дасягненні.
– Як да чэмпіянату Еўропы рыхтаваўся?
–  Узмоцненыя трэніроўкі: бег, размінка, практыкаванні і два разы на тыдзень – трэнажорная зала. Шмат увагі надаю дыеце: перад спаборніцтвамі выключаю з рацыёну тлустую ежу і не ем пасля шасці гадзін вечара. Але ж я вельмі люблю гатаваць, таму часам радую сябе чымсьці смачным.
– Як ацэньваеш сваё выступленне і сапернікаў на чэмпіянаце?
– На спаборніцтвы прыехалі спартсмены з Францыі, Румыніі, Польшчы, Украіны, Азербайджана. Мне давялося выступаць у чатырох паядынках. Фінальны быў з палякам, вельмі моцным спартсменам. Калі выйграў, быў вельмі задаволены. На ўзнагароджанне выходзіў з беларускім флагам. Радасна было і за сябе, і за краіну. Прыемныя пачуцці зведаў, калі атрымаў яшчэ ўзнагароду за перамогу ў намінацыі “Лепшы баец Еўропы”. Яе прысу-джаюць за самую прыгожую тэхніку бою.
– Дзе і як знаходзіш “допінг” для душы?
– За “допінгам” прыязджаю ў Бярозу. Тут адчуваю падтрымку і перажыванні маці і трэнера.
– Аб чым марыш на будучыню?
– Скончыць універсітэт, абараніць дыплом. Хацелася б знайсці цікавую і захапляльную работу. Карацей кажучы, звычайныя чалавечыя планы.
Гутарыла Ірына МІНЕЕВА,
г. Бяроза.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля