Беларусь

У Брэсце пабудавана сучасная футбольная міні-пляцоўка


Урачыстае адкрыццё футбольнай пляцоўкі адбылося ў аўторак па адрасе: вул. Дуброўская, 14. Гэта першы спартыўны аб’ект падобнага тыпу ў вобласці, пабудаваны ў рамках сацыяльнага праекта “Родная Сторона – детям”. Доступ на пляцоўку свабодны, і трапіць сюды можа кожны, хто толькі пажадае. Новая футбольная міні-пляцоўка дазволіць зацікавіць гэтым відам спорту яшчэ больш вучняў, дасць належны імпульс яго развіццю. Гуляць у футбол на полі са штучным пакрыццём (надзвычай трывалым, разлічаным на 8 гадоў) можна будзе ў любую пару, незалежна ад надвор’я. Праўда, калі раптам заснежыць, юным спартсменам давядзецца замест размінкі некаторы час  папрацаваць з рыдлёўкай. Але ж ці гэта перашкода для сапраўдных аматараў!
Ініцыятарам сацыяльнага праекта з’яўляецца сумеснае таварыства з абмежаванай адказнасцю “НТС” – уладальнік права на гандлёвы знак “Родная Сторона” – і Беларуская асацыяцыя футбола. У працэсе яго рэалізацыі ў Беларусі на працягу 5 год плануецца пабудаваць 118 сучасных спартыўных палёў.
Будаўніцтва міні-пляцоўкі стала магчымым, дзякуючы фінансавай падтрымцы мясцовых органаў выканаўчай улады. Агульны кошт аб’екта склаў 1 мільярд беларускіх рублёў.  З іх 670 мільёнаў выдаткавана з гарадскога бюджэту, астатняя сума – падарунак СТАА “НТС”, якое стала партнёрам праекта. Дзякуючы Беларускай федэрацыі футбола, на полі з’явіліся прафесійныя вароты апошняга пакалення. Пляцоўка пабудавана ў рэкордна кароткі тэрмін – крыху больш чым за месяц.
“Калі ёсць адпаведныя ўмовы, дык можна добра навучыцца гуляць у футбол”, – лаканічна абазначыў значэнне новага спартыўнага аб’екта намеснік старшыні аблвыканкама Леанід Цупрык. Дарэчы, ганароваму госцю было дадзена права першага ўдару па мячы, якім Леанід Аляксандравіч з задавальненнем скарыстаўся.
Мікола СЯНКЕВІЧ, “НТ”.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля