Беларусь

6 гадзін цвярозасці


БРЭСТ
Тры ўзнагароды аднаго конкурсу
Адразу тры медалі заваявала прадукцыя Брэсцкага лікёра-гарэлачнага завода на прафесіянальным дэгустацыйным конкурсе “Бістро”, які праходзіў у Мінску на ХІХ Міжнароднай спецыялізаванай выставе “Віна і напіткі-2010”. Залатыя медалі прысуджаны гарэлцы “Брестъ-Литовскъ” і салодкай настойцы “Ладная с клюквой”, бронзавы – бальзаму “Старый Брест”.
БРЭСЦКІ РАЁН
Вучыцца рэзерв
18 красавіка ў райвыканкаме прайшла вучоба з асобамі, якія знаходзяцца ў перспектыўным рэзерве кадраў на замяшчэнне кіруючых пасад. Перад слухачамі выступілі старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Саланевіч, намеснік старшыні райвыканкама Людміла Жуковіч, старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Пётр Брузгін, загадчыца аддзела па прававой рабоце абкама прафсаюза работнікаў АПК Аліна Шабала.
БАРАНАВІЧЫ
6 гадзін цвярозасці
20 красавіка з 8 да 14 гадзін у райцэнтры прайшоў дзень цвярозасці. Прадпрыемствы рознічнага гандлю не прадавалі алкагольныя, слабаалкагольныя напоі і піва. Такое рашэнне прыняў гарвыканкам. Плануецца, што такія акцыі будуць праводзіцца кожны квартал.
БАРАНАВІЦКІ РАЁН
Непаседлівыя
Тры з чатырох нумароў узорнай студыі дзіцячай эстраднай творчасці “Непаседы” адзначаны ўзнагародамі на IV адкрытым конкурсе “Шаную цябе, Белая Русь” у Мінску. Дыпломы пераможцаў атрымалі выхаванцы Навамышскай дзіцячай музычнай школы пад кіраўніцтвам Вольгі Болбат Ганна Болбат, Вікторыя Дыдышка, Ксенія Юдчыц, Анастасія Некрашэвіч, Арцём Радкавец і Дар’я Чабатар.
БЯРОЗА
Белаазёрскія наватары
У Белаазёрскім каледжы электратэхнікі прайшла выстава тэхнічнай творчасці “Зямля бацькоў – зямля надзеі нашай”. Свае работы, у ліку якіх былі апарат для вытворчасці салодкай ваты, электралобзік, спецыфічныя кошыкі, вазоны, хлебніцы, а таксама карціны і вырабы дэкаратыўна-прыкладной творчасці, прадэманстравалі выхаванцы гурткоў “Спадчына”, “Глінка”, “Інфарматар”, “Металіст” і навучэнцы ўстановы.
ГАНЦАВІЧЫ
Бягом за… перамогай
У мінулую суботу, калі працоўныя калектывы раёна ўдарна працавалі на суботніку, каманда спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву здабывала ў Іванаве перамогу ў першынстве вобласці па вясновым лёгкаатлетычным кросе. І гэта ёй удалося. Цяпер спартсмены з Ганцавіч будуць 8 мая абараняць гонар Брэстчыны на фінальных спаборніцтвах у Мінску.
ДРАГІЧЫН
Да прыроды з любоўю
У раённай дзіцячай бібліятэцы  прайшоў дзень экалагічных ведаў  “Да прыроды з любоўю і клопатам” для выхаванцаў дашкольных устаноў. У яго рамках была арганізавана кніжная выстава “Мы – сябры прыроды”. Дзеці актыўна ўдзельнічалі ў экалагічнай віктарыне “Аб птушках і дрэвах”, разам з казачнымі героямі лялечнага тэатра “У гасцях у Лесавіка” вучыліся беражліва адносіцца да прыроды.
ЖАБІНКА
Выхоўваць патрыётаў
20 красавіка прайшла IV раённая справаздачна-выбарная канферэнцыя БРСМ, на якой была прааналізавана работа раённай маладзёжнай арганізацыі за апошнія тры гады. Дэлегаты выбралі новыя кіруючыя органы, прынялі зварот да моладзі Жабінкаўшчыны, стрыжнем якога з’яўляецца патрыятычнае і духоўнае выхаванне падрастаючага пакалення, прапаганда здаровага ладу жыцця.
ІВАНАВА
На любы густ
Напярэдадні велікодных свят упраўленне гандлю і паслуг аблвыканкама сумесна з Іванаўскім райвыканкамам правяло рабочую нараду з індывідуальнымі прадпрымальнікамі, прадпрыемствамі-вытворцамі і работнікамі гандлёвай сферы. У зале Дома культуры і народных традыцый прайшла выстава-дэгустацыя, на якой можна было паспытаць новую прадукцыю.
ІВАЦЭВІЧЫ
Набудавалі на дыпломы
Бліскучай перамогай у рэспубліканскім конкурсе на лепшае дасягненне ў будаўнічай галіне Рэспублікі Беларусь за 2010 год адзначыўся калектыў УП “Івацэвіцкая ПМК-11”. Арганізацыя прызнана пераможцам у намінацыі “Аб’ект года”. Дыплом лаўрэата атрымала яшчэ і ПМК-18 – за ўзвядзенне прыбудовы да галоўнага корпуса цэнтральнай раённай бальніцы.
КАМЯНЕЦ
Пасадзілі лес
Сёння на Камянеччыне завяршаецца акцыя “Тыдзень лесу-2011”, якая праходзіла ў рамках Плана мерапрыемстваў па правядзенні ў рэспубліцы Міжнароднага года лесу. На працягу тыдня ў Высокаўскім лясніцтве новыя саджанцы з’явіліся на 33 гектарах, на 4 – праведзена іх падсадка. Інструментам, саджанцамі і транспартам усіх жадаючых паўдзельнічаць у гэтай дабрачыннай справе забяспечыла лясніцтва.
КОБРЫН
На ролікі!
“Усе на ролікі!” – акцыя пад такой назвай пройдзе сёння ў парку культуры і адпачынку імя А.В. Суворава. У ёй прымуць удзел вучні агульнаадукацыйных школ горада. Лепшыя ўдзельнікі масавых спаборніцтваў на ролікавых каньках атрымаюць прызы ад арганізатараў.
ЛУНІНЕЦ
Вершы ад музы
Чарговы 33-і нумар альманаха творчага клуба “Муза” выйшаў пад назвай “Зімнія яблыкі”. У ім можна будзе падрабязней пазнаёміцца з творчасцю паэтэсы Вольгі Грыдзюшка – менавіта яе вершы склалі аснову зборніка. Незвычайная назва нумара таксама запазычана з чацвёртай кнігі Вольгі Сцяпанаўны.
ЛЯХАВІЧЫ
Ад Элізінага дуба
21 красавіка ў вёсцы Флер’янова, каля дуба, пасаджанага ў далёкім 1908-м Элізай Ажэшка, закладзены новы парк. Гэты праект – пасадзіць 100 саджанцаў, вырашчаных з жалудоў знакамітага дуба, быў ініцыяваны рэдакцыяй “Ляхавіцкага весніка”. Яго актыўна падтрымалі кіраўнік раёна Дзмітрый Бурдук, старшыня ветэранскай раённай арганізацыі, Герой Сацыялістычнай Працы Генрых Траццяк і старшыня СВК “Шлях новы” Аляксандр Вашчук. Журналісты “раёнкі” спадзяюцца, што Элізіны дубы аздобяць наваколіцы палаца Бохвіца –
з цягам часу тут з’явіцца турыстычны маршрут.
МАЛАРЫТА
Спаборнічалі ЮІДаўцы
У сераду на базе Збуражскай сярэдняй школы-сада адбыўся занальны злёт-конкурс юных інспектараў дарожнага руху. За права на ўдзел у абласных спаборніцтвах змагаліся 7 каманд. У напружанай барацьбе перамогу атрымалі ЮІДаўцы гімназіі №2  Маскоўскага раёна г. Брэста. На другім месцы – каманда са Збуражскай СШ-сада Маларыцкага, на трэцім – з СШ Вялікія Матыкалы Брэсцкага раёнаў. Яны і прымуць удзел у абласных спаборніцтвах.
ПІНСК
У пошуках прафесіі
У гарадскім Доме культуры 27 красавіка аддзел занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне гарвыканкама праводзіць дзень прафарыентацыі “Твой выбар, выпускнік!”. Будуць прапанаваны прэзентацыі прафесіянальна-тэхнічных, сярэдніх спецыяльных і вышэйшых устаноў краіны, пройдзе псіхалагічнае кансультаванне па пытаннях выбару прафесій. З выпускнікамі сустрэнуцца таксама прадстаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый горада.
ПІНСКІ РАЁН
Працягваць рэабілітацыю
У цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі правялі сустрэчу з выпускнікамі класаў інтэграванага навучання і выхавання, а таксама з тымі, хто займаўся дома, і іх бацькамі. Размова вялася пра магчымасці далейшай сацыяльнай і працоўнай рэабілітацыі маладых людзей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Дапамогу гатовы аказаць аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, Івацэвіцкі дзяржаўны прафліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці, у якім працуе спецыяльны цэнтр прафесійнай і сацыяльнай рэабілітацыі, іншыя ўстановы Брэстчыны.
ПРУЖАНЫ
Тэрытарыяльная абарона
19 красавіка у раёне прайшлі абласныя заняткі па тэрытарыяльнай абароне. Удзел у іх прынялі старшыні гаррайвыканкамаў, прадстаўнікі абласных ведамстваў, ваенныя. За дзеяннямі падраздзяленняў грамадзянскай абароны назіралі начальнік Генеральнага штаба Узброеных Сіл, першы намеснік міністра абароны Рэспублікі Беларусь генерал-маёр Пётр Ціханоўскі і камандуючы сухапутнымі войскамі генерал-маёр Аляксандр Нікіцін.
СТОЛІН
Задачы для ідэолагаў
22 красавіка Століншчына прымала абласны семінар-калегію галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы аблвыканкама. На прыкладзе раёна прысутныя дэтальна абмеркавалі, як будуць выконвацца задачы, акрэсленыя на IV Усебеларускім народным сходзе, і што ў сувязі з гэтым патрабуецца ад ідэалагічнага актыву.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля