Беларусь

Брэсцкія кадры


Брэсцкія кадры
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка напрыканцы мінулага тыдня разгледзеў кадравыя пытанні. У прыватнасці, Кіраўнік дзяржавы прызначыў Юрыя Брыткова, які працаваў начальнікам Брэсцкай мытні, намеснікам старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэта, а Васіля Манюка, які доўгі час працаваў на Брэстчыне і ўзначальваў тэлерадыёкампанію «Брэст», намеснікам старшыні Белтэлерадыёкампаніі. Прэзідэнт таксама даў згоду на прызначэнне старшынёй Камітэта дзяржаўнага кантролю Брэсцкай вобласці Валерыя Стадольніка (да гэтага Валерый Францавіч працаваў старшынёй КДК Гомельскай вобласці).
Пабудуем музей разам!
У філіяле №510 «ААБ Беларусбанк» (г. Мінск, код 603, УНН 100235472) адкрыты дабрачынныя рахункі для залічэння грашовых сродкаў на будаўніцтва новага будынка музея Вялікай Айчыннай вайны: 3642900000858 – у доларах ЗША; 3642900000917 – у еўра; 3642900000904 – у расійскіх рублях; 3642900000887 – у беларускіх рублях.
Вынікі суботніка
Па папярэдніх разліках, у рэспубліканскім суботніку, які адбыўся 16 красавіка, прынялі ўдзел каля 460 тысяч жыхароў Брэстчыны. Яны зарабілі больш за 2,2 мільярда рублёў. Палавіна заробленых сродкаў застанецца ў абласным бюджэце, астатнія будуць накіраваны на мінімізацыю наступстваў катастрофы на ЧАЭС, у тым ліку набыццё медыцынскага і тэхналагічнага абсталявання, умацаванне базы дзіцячых рэабілітацыйна- аздараўленчых цэнтраў і ўстаноў аховы здароўя. У час суботніка быў выкананы вялікі аб’ём работ па добраўпарадкаванні населеных пунктаў, навядзенні парадку на вытворчых і дваровых тэрыторыях.
Хто лепшы кіраўнік?
Падведзены вынікі конкурсу «Лепшы кіраўнік Брэсцкага абласнога саюза наймальні-каў-2010». Пераможцамі сталі генеральны дырэктар ВРУП «Брэстаблгаз» Яўген Шалонік, генеральны дырэктар ААТ «Брэсцкі панчошны камбінат» Таццяна Маторына, дырэктар КУП «Пінская рэгіянальная друкарня» Аляксандр Пракопаў, дырэктар РВУП «Гандальмаш» Аляксандр Раткевіч і дырэктар Баранавіцкага станкабудаўнічага завода ЗАТ «Атлант» Уладзімір Рашатко.
Інтэлектуальныя школьнікі
У Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце прайшоў рэспубліканскі конкурс навукова-тэхнічнай творчасці моладзі «ТэхнаІнтэлект». На ім паспяхова выступілі вучні САШ №10 г. Брэста. Аляксандра Клаўдзіева заняла другое месца, Дзмітрый Васільковіч, Юлія Шкутнік і Марыя Некрашэвіч – трэція. Яшчэ адно трэцяе месца на рахунку вучаніцы Кісялевіцкага дзіцячага садка-сярэдняй школы Кобрынскага раёна Кацярыны Левай.
Ахвяры вады
У нядзелю, 17 красавіка, у вобласці адбыліся яшчэ два няшчасныя выпадкі на вадзе. У Драгічынскім раёне ў меліярацыйным канале каля в. Равіны знойдзена цела 44-гадовага мясцовага жыхара, вадзіцеля аднаго з прадпрыемстваў. 64-гадовы жыхар г. Пінска ў час рыбалкі ў кар’еры каля вёскі Церабень страціў раўнавагу, упаў з лодкі ў ваду і загінуў.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля