Пра эканоміку і земскіх урачоў
Зроблены сур’ёзны аналіз работы народнай гаспадаркі Брэстчыны з пачатку года
На чарговым пасяджэнні абл-выканкама, якое адбылося 18 красавіка, былі разгледжаны чатыры пытанні.
Перад іх абмеркаваннем кіраўнік вобласці Канстанцін Сумар сканцэнтраваў увагу на асноўным – выніках работы народнай гаспадаркі і выкананні бюджэту вобласці ў першым квартале 2011 года. У прыватнасці, ён адзначыў, што за справаздачны перыяд эканоміка вобласці прырасла. Тэмп росту валавога рэгіянальнага прадукта склаў 109,7 працэнта пры гадавым прагнозе 109,5-110,5 працэнта – і гэта станоўчы момант. Але, заўважыў Канстанцін Андрэевіч, назіраецца зніжэнне рэнтабельнасці рэалізаванай прадукцыі – таму трэба шукаць шляхі вырашэння гэтай задачы, бо спасылкі на павелічэнне затрат на энерганосьбіты і іншыя не пройдуць. “Хацеў бы, – сказаў губернатар, – каб над гэтым сегментам эканомікі старшыні гаррайвыканкамаў уважліва папрацавалі, як, дарэчы, і над прамымі замежнымі інвестыцыямі – тут мы зусім не спацелі. Варта звярнуць увагу і на сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі, таксама на паказчык па энергазберажэнні – ён “мінус” 4,4 працэнта пры прагнозным 6…”
У сваім выступленні старшыня камітэта эканомікі аблвыканкама Андрэй Клец спыніўся на аспектах, якія патрабуюць больш пільных падыходаў і, вядома ж, нашай работы. Так, аб’ёмы прамысловай вытворчасці ў супастаўных цэнах знізіліся ў 6 раёнах з 19 – Столінскім, Камянецкім, Пружанскім, Жабінкаўскім, Баранавіцкім і Брэсцкім. У 6 рэгіёнах не выпускалася інавацыйная прадукцыя – Баранавіцкім, Брэсцкім, Драгічынскім, Камянецкім, Пінскім і Столінскім. Рост запасаў гатовай прадукцыі адзначаецца на ААТ “Брэстсельмаш”, ІААА “Вокс”, СААА “Пінскдрэў-Адрыяна” і ААА “Дземетра”. Не забяспечылі тэмпаў росту інвестыцый на ўзроўні даведзенага задання 8 рэгіёнаў – горад Брэст, Брэсцкі, Ганцавіцкі, Драгічынскі, Камянецкі, Лунінецкі, Ляхавіцкі і Пружанскі раёны. А вось найбольшае прыцягненне прамых замежных інвестыцый ажыццяўлялі ў Пружанскім, Кобрынскім і Іванаўскім раёнах…
Ёсць над чым працаваць на сяле, пра што сведчыць невыкананне адпаведнага прагнознага паказчыка – тэмпу росту валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі. Гэты пралік, на думку выступоўцы, абумоўлены недастаткова высокімі тэмпамі вытворчасці БРЖ у грамадскім сектары і недаборам прадукцыі ў асабістым.
Гаворачы аб рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця і комплекснага выкарыстання прыродных рэсурсаў Прыпяцкага Палесся на 2010-2015 гады, Андрэй Клец са станоўчага боку вылучыў Пінскі раён, якім ужо асвоена 31,6 працэнта фінансавых сродкаў, а вось Столінскаму і Лунінецкаму рэгіёнам варта актывізаваць дзейнасць…
Пасля таго, як былі заслуханы кіраўнікі рэгіёнаў і абласных службаў, Канстанцін Сумар літаральна заклікаў кожнага з іх: “Давайце не будзем плакацца – давайце будзем развіваць эканоміку і павялічваць паступленні ў бюджэт!” Па меркаванні губернатара, калі паглядзець увогуле на выкананне паказчыкаў – быццам усё нармальна, калі ж асэнсаваць праграмы, над якімі працуем – іх немагчыма будзе ажыццявіць з тымі аб’ёмамі, якія ёсць зараз. “А значыць, трэба прыкласці максімум намаганняў і стараннасці ў развіццё эканомікі”, – падагульніў Канстанцін Сумар.
Дакладваючы па другім пытанні парадку дня – аб выніках ацяпляльнага сезона і задачах па падрыхтоўцы народнагаспадарчага комплексу вобласці да асенне-зімовага перыяду 2011-2012 гадоў – старшыня камітэта па архітэктуры і будаўніцтве аблвыканкама Уладзімір Парашка канстатаваў устойлівую работу аб’ектаў народнай гаспадаркі. А калі ўзнікалі аварыйныя сітуацыі, дык ухіляліся аператыўна. Цяпер жа складзены мерапрыемствы па падрыхтоўцы да наступнага ацяпляльнага сезона. І тут, падкрэсліў выступоўца, трэба звярнуць увагу на якасць выканання запланаванага і яго паўнату. А старшыня аблвыканкама ўказаў на неабходнасць наладзіць штомесячны кантроль за выкананнем распрацаваных мерапрыемстваў – тады восенню без лішняй мітусні можна будзе сказаць: “Усё гатова належным чынам”.
У абмеркаванні пытання “Аб ходзе выканання рашэння аблвыканкама ад 28 лістапада 2005 года №802 “Аб мерапрыемствах па развіцці турызму ў Брэсцкай вобласці на 2006-2010 гады” прыняў удзел намеснік міністра спорту і турызму Чэслаў Шульга. Ён лічыць, што ў нашай вобласці дынаміка развіцця турыстычных паслуг станоўчая, але іншыя тэрыторыі развіваюцца яшчэ хутчэй – Польшча, Украіна, не кажучы пра Віцебскую воб-ласць. Гэтай жа думкі – аб паляпшэнні работы, дзе яшчэ шмат нявыкарыстаных рэзерваў – прытрымліваўся і губернатар Канстанцін Сумар. Так, адна з важнейшых задач – развіццё гасцінічнага сэрвісу, але не менш актуальная – якасць паслуг, якія прапаноўваюцца турыстам. Варта працаваць і над далейшай распрацоўкай турыстычных маршрутаў, і над пашырэннем паслуг, што прымусіла б гасцей пакідаць грошы ў нашай вобласці. А самая вялікая праблема, на думку Чэслава Шульгі, што пра нас у свеце яшчэ мала ведаюць: “Добры сайт Брэсцкага аблвыканкама, але чамусьці няма польска- ці англамоўнай версіі аб турыстычных аб’ектах”. І вывад быў адзіны: толькі якасць, пачынаючы з кадравай падрыхтоўкі, дазволіць зарабіць больш грошай і ўзняць аўтарытэт Беларусі ў вачах турыстаў.
Апошнім было разгледжана пытанне аб мерах па павышэнні якасці і даступнасці медыцынскай дапамогі, якая аказваецца першасным звяном сістэмы аховы здароўя вобласці. З выступлення начальніка абласнога ўпраўлення аховы здароўя Ігара Ласіцкага вынікала: за апошні час шмат чаго зроблена ў медыцыне, і тым не менш праблемы існуюць. Да прыкладу, кадравы голад. Сёлета заяўка на ўрачоў складае 718 спецыялістаў, а летась яна была задаволена толькі на 31 працэнт. Найбольш запатрабаванымі застаюцца ўрачы першаснага звяна – 257 чалавек. Асабліва не хапае іх на сяле. Калі ў Закозельскай урачэбнай амбулаторыі Драгічынскай ЦРБ, Вайской (Камянецкай), Падлескай (Ляхавіцкай) прыём пацыентаў вядуць сумяшчальнікі, дык у Чудзінскай амбулаторыі Ганцавіцкай ЦРБ увогуле не занята ніводная пасада ўчастковага ўрача-тэрапеўта. У сярэднім па вобласці з першага месца працы пасля абавязковай адпрацоўкі звальняецца 22,4 працэнта маладых спецыялістаў, хоць і забяспечваюцца яны жыллём. Дык дзе выйсце?
Канстанцін Сумар перакананы: урачоў агульнай практыкі трэба рыхтаваць у сценах Брэсцкага ўніверсітэта. Ігар Ласіцкі патлумачыў, што ўжо ў наступным годзе плануецца зрабіць першы набор, а навучанне будзе весціся з прыцягненнем гродзенскіх і, магчыма, мінскіх выкладчыкаў. “І тут не павінна быць ніякага скептыцызму. Земскіх урачоў, як іх называлі раней, мы ўпаўне можам рыхтаваць у вобласці”, – не сумняваецца губернатар. Ён яшчэ раз перад аховай здароўя вобласці акрэсліў галоўную задачу: рабіць усё, каб у любым населеным пункце медыцынскае абслугоўванне было якасным і даступным.
Галіна МАЗІНА, “НТ”.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.