Беларусь

“Берасцейскі пекар”: лепшы сярод роўных


Галаўное прадпрыемства РУВП “Брэстхлебпрам”
трымае марку якасці, дасканалага смаку і надзейных партнёрскіх сувязей
Як аднойчы сказаў генеральны дырэктар РУВП “Брэстхлебпрам” Леанід Брыч, хлеб наш – лёс наш. Пазнаёміўшыся бліжэй з работай берасцейскіх майстроў, можна пераканацца, што гэта сапраўды так. Дзякуючы зладжанай працы вялікай каманды прафесіяналаў, гандлёвая марка “Берасцейскі пекар” добра вядомая ў Беларусі і за яе межамі.
Асаблівае месца ў структуры “Брэстхлебпрама” займае Брэсцкі хлебазавод: ён з’яўляецца галаўным. Высокаразвітое прадпрыемства мае  вялікі патэнцыял і моцную вытворча-тэхнічную базу, якая адпавядае ўсім вядомым стандартам і нормам. Кліентамі завода з’яўляюцца сотні прадпрыемстваў малога, сярэдняга бізнесу, а таксама гандлёвыя гіганты.
Зараз тут штодзённа выпускаюць больш за 100 найменняў прадукцыі на любы густ – жытнія і жытне-пшанічныя булачныя вырабы, шырокі асартымент кандытарскіх вырабаў, кісялі, паўфабрыкаты кандытарскія, выпечаныя і замарожаныя паўфабрыкаты для асабістага выкарыстання.
На працягу многіх гадоў на заво-дзе захоўваюць і беражліва адносяцца да старадаўніх рэцэптаў, аднак шырока выкарыстоўваюць і модныя ноу-хау, умела спалучаючы вопыт і апошнія тэндэнцыі галіны. Для гэтага актыўна праводзяцца мадэрнізацыя вытворчасці і ўдасканаленне матэрыяльна-тэхнічнай базы. На заводзе дзейнічае ўчастак па пашыве адзення, ёсць свая пральня. Што ўжо гаварыць пра камфортныя ўмовы для работнікаў, якія заслугоўваюць толькі адзнакі “выдатна”! Асабліва хацелася б вылучыць пакоі для адпачынку персаналу. У іх міжволі адчуваеш сябе як дома, а гэта, пагадзіцеся, вельмі важна на такой вытворчасці, як хлебазавод, бо ад настрою пекараў залежыць і смак прадукцыі. А настрой тут заўсёды ўзнёслы – пэўна, таму і тавар на магазінных паліцах не залежваецца.

На думку намесніка генеральнага дырэктара РУВП “Брэстхлебпрам” Мікалая Гарнастая,  стабільную якасць прадукцыі пад гандлёвай маркай “Берасцейскі пекар” забяспечваюць экалагічна чыстая сыравінная база, добрая тэхнічная падрыхтоўка вытворчых ліній,  дакладная сістэма кантролю якасці, высокі прафесіяналізм калектыву і надзейныя партнёрскія сувязі. “Берасцейскі пекар” імкнецца быць лепшым сярод роўных.
Безумоўна, толькі ўсе пералічаныя фактары ў комплексе даюць неабходны плён. Якасная і стабільна смачная прадукцыя мае сваіх пастаянных пакупнікоў, і, трэба адзначыць, іх колькасць няўхільна павялічваецца.
– Хлеб павінен забяспечваць не толькі фізіялагічныя патрэбы чалавека ў пажыўных рэчывах, але выконваць аздараўленчую і нават лячэбную функцыю, – расказвае Ганна Стальмакова, намеснік начальніка вытворча-тэхналагічнай лабараторыі. –
На заводзе наладжаны выпуск шырокага асартыменту дыетычных і дыябетычных, кандытарскіх, хлебабулачных вырабаў, прадуктаў з паніжанай кіслотнасцю, а таксама з выкарыстаннем сумесей абагачальных харчовых і іншых дабавак. Такая прадукцыя мае павышаную пажыўную і біялагічную каштоўнасць і з’яўляецца вельмі карыснай для здароўя.
У мінулым годзе прадпрыемства прыняло ўдзел у 29 міжнародных выставах-кірмашах і конкурсах у Маскве, Маскоўскай вобласці, Санкт-Пецярбургу, Бранску, а таксама ў Мінску і на Брэстчыне. На рахунку завода – вялікая колькасць узнагарод, якія пацвярджаюць, што пакупнікі недарэмна выбралі прадукцыю менавіта пад гандлёвай маркай “Берасцейскі пекар”.
У рэспубліканскім аглядзе-конкурсе “Ласунак-2010” гран-пры атрымалі піца “Паўднёвая ноч”, печыва “Ідылія” з водарам апельсіна і печыва “Настальжы” са смакам карамелі. Залатыя медалі заваявалі печыва “Какасанкі”, пернікі “Берасцейскі сувенір” і “Фруктовая мазаіка”. Званне лаўрэата ў конкурсе “Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь” маюць хлеб “Кірмашовы” звычайны, печыва “Амега” з фруктозай і “Амега” з пшанічным вотруб’ем.
Для кантролю якасці сыравіны, паўфабрыкатаў і гатовай прадукцыі на прадпрыемстве функцыянуюць вытворча-тэхналагічныя лабараторыі. Тут увесь час праводзіцца распрацоўка новых перспектыўных вырабаў.
Незалежным пацвярджэннем высокай якасці прадукцыі з’яўляецца сертыфікацыя па міжнародных стандартах. На вытворчасці ўкаранёна сістэма менеджменту якасці на адпаведнасць патрабаванням ISO 9001-2001 і HACCP. Істотна, што Брэсцкі хлебазавод не толькі змог дасягнуць вялікіх поспехаў, але і ўпэўнена замацаваць вынік. Такім чынам, спажыўцы могуць атрымліваць прадукцыю высокай якасці як сёння, так і ў будучым.

На працягу шасці гадоў на заводзе працуюць лініі па вытворчасці імпартазамяшчальнай прадукцыі. На іх вырабляюць печыва “Ідылія” з рознымі водарамі, пернікі ў глазуры. Больш 30 найменняў крэмавых вырабаў выпускаюць сёння на хлебазаводзе абласнога цэнтра. Палюбіліся берасцейцам торты, караваі, пончыкі. Ёсць у гараджан і магчымасць купіць любімую прадукцыю на заказ. Майстры выпякаюць унікальныя торты, пірагі ды караваі да любой ўрачыстасці, для цудоўнага настрою людзей.
Першае правіла любога рынку –
пакупнік выбірае лепшае. Трымаць марку стала ўжо традыцыяй на Брэсцкім хлебазаводзе, а якасць з’яўляецца візітнай карткай берасцейскіх пекараў.
У 2010 годзе ў цэху №2 былі ўсталяваны тры новыя печы нямецкай вытворчасці. Яны дазваляюць на трэць павялічыць аб’ёмы вытворчасці. У гэтым цэху, які спецыялізуецца на вытворчасці пшанічнага хлеба, быў значна пашыраны асартымент дыетычнай прадукцыі, а таксама нарошчаны выпуск здобы і пірагоў. Яны, дарэчы, вельмі папулярныя ў жыхароў горада над Бугам і карыстаюцца павышаным попытам.
Цяжка ўявіць стол берасцейцаў без хлеба ці здобы, выпечанай пад гандлёвай маркай “Берасцейскі пекар”. Назвы “Золата палёў”, “Вейскі”, “Кірмашовы”, “Талака”, “Кураж”, “Жнейка”, “Візаві”, “Зорка гандлю” добра знаёмыя пакупнікам і даўно заваявалі іх давер. Для зручнасці людзей функцыянуе гандлёвая сетка фірменных магазінаў прадпрыемства, якая ўвесь час прырастае новымі кропкамі. Так, напрыклад, мінулым летам урачыста-шыкоўна адкрылі магазін на вуліцы Смірнова, які, дарэчы, значна спрасціў прадуктовы шопінг для жыхароў мікрараёна Рэчыца.
І ўсё ж галоўнае багацце – людзі. Сацыяльная палітыка прадпрыемства накіравана на тое, каб кожны работнік мог працаваць з поўнай аддачай, быў спакойны за лёс сваіх дзяцей.

2.свае сярод сваіх

Намеснік генеральнага дырэктара РУВП “Брэстхлебпрам” Мікалай Гарнастай расказвае: “Прыярытэтнымі заўжды з’яўляліся менавіта інтарэсы нашых працаўнікоў. Сёння сацыяльны аспект – важны складальнік поспеху, бо ад яго прама залежыць аўтарытэт прадпрыемства. Ён таксама – заклад дабрабыту людзей, задзейнічаных у агульнай хлебнай справе. Усе сацыяльныя льготы і гарантыі прадугледжаны калектыўным дагаворам. Гэта і матэрыяльная дапамога, і штогадовы адпачынак, і шматлікія прэміі за ўдзел у грамадскім жыцці хлебазавода. Дарэчы, за арганізацыю сумеснага баўлення часу адказваюць члены пярвічкі БРСМ, актывісты савета моладзі і савета ветэранаў. Для сваіх спецыялістаў наладзілі разнастайныя курсы перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі. У сярэднім кожны трэці завадчанін штогадова праходзіць курс бесперапыннага навучання на вытворчасці, а завочна атрымліваюць адукацыю амаль 50 працаўнікоў. Маем магчымасць аператыўна вырашаць і жыллёвыя пытанні нашых спецыялістаў, асабліва іншагародніх. На балансе завода знаходзіцца інтэрнат, зараз там пражываюць каля 300 чалавек”.
Каманда Брэсцкага хлебазавода, сапраўды, падабралася выдатная. Усё таму, што на прадпрыемстве дзейнічае нешта падобнае на імправізаваную фабрыку па “вытворчасці” ўласных кадраў. Для патэнцыяльных работнікаў адукацыйны працэс пачынаецца ўжо ў перыяд студэнцтва –
падчас вытворчай практыкі, якую маладыя людзі праходзяць пад пільным наглядам старэйшых калег. Дарэчы, студэнты прыкладаюць максімум намаганняў, каб трапіць на стажыроўку менавіта сюды. Яны дакладна ведаюць: калі зможаш вытрымаць канкурэнцыю і зарабіць добрыя рэкамендацыі, дык і з працаўладкаваннем праблем не будзе.

Дзякуючы цеснаму супрацоўніцтву з адпаведнымі навучальнымі ўстановамі, на заводзе з зайздроснай перыядычнасцю з’яўляюцца таленавітыя навічкі. Летась рады “Берасцейскага пекара” папоўнілі 23 маладыя спецыялісты, праз некалькі месяцаў зноў будзе наплыў новых кадраў. Па словах саміх завадчан, хутчэй за іншыя на прадпрыемстве “амаладжваюцца” маркетынгавы аддзел,
бухгалтэрыя. Дыпламаваныя спецыялісты прыўносяць у атмасферу прадпрыемства неабходныя для дынамічнага функцыянавання разнастайнасць, крэатыўнасць, арыгінальнасць. Вось чаму завод не стаіць на месцы ў плане развіцця, а творчы патэнцыял для падобных мэт выкарыстоўваецца тут на ўсе 100 працэнтаў.
На добрым рахунку ў кіраўніцтва завода былыя выпускнікі Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання: сёння яны займаюць кіруючыя пасады і нясуць адказнасць за людзей. Цэняцца і навучэнцы політэхнічнага каледжа, што ў Маладзечна, а іх калег са Слуцкага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа перапрацоўчай прамысловасці завуць між сабою не інакш як універсальнымі салдатамі. Гэтыя спецыялісты здзіўляюць сваёй шматпрофільнасцю: яны і ля печы паспяваюць, і з цестам спраўляюц-ца – словам, могуць падтрымаць і падмяніць калег на кожным этапе вытворчага працэсу.
У 2009 годзе кіраўніцтва хлебазавода ўсталявала сувязь з Брэсцкім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжам гандлю: навучальная ўстанова пачала рыхтаваць для сваіх новых партнёраў кваліфікаваных пекараў ды кандытараў.
Загадзя паклапаціліся на прадпрыемстве і пра тое, каб новенькія працаўнікі не адчувалі сябе чужымі, а хутчэй уліваліся ў калектыў. Працэс адаптацыі маладых спецыялістаў значна спрашчае настаўніцтва, якое па праву лічыцца адной з лепшых адроджаных традыцый хлебазавода. Здаецца, нічога мудрагелістага і складанага ў ім няма: за кожным пачынаючым хлебапёкам замацоўваецца вопытны куратар, які дапамагае свайму падапечнаму спазнаць жыццё прадпрыемства з розных бакоў. Вынікі радуюць: моладзь з цягам часу ператвараецца ў сапраўдных байцоў хлебнага фронту.
Хоць кадравы склад хлебазавода мае даволі гібкія абрысы і пастаянна мяняецца, зараз у калектыве – звыш 780 чалавек. Міжволі ўзнікае пытанне: што ж аб’ядноўвае такую колькасць розных тыпажоў і характараў у адзінае цэлае? Нават больш таго – што прымушае дзейнічаць згуртавана, дэманстраваць цудоўныя вынікі ў прафесійным майстэрстве і быць першымі ў спажывецкім рэйтынгу? Безумоўна, ствараць падобныя цуды можа толькі сяброўства, таму мноства культурна-масавых мерапрыемстваў, спартыўных турніраў на хлебазаводзе накіравана на тое, каб людзям лягчэй было знайсці агульную мову, адпачыць і пагутарыць у нефармальнай абстаноўцы.

На брэсцкім прадпрыемстве перакананы: хлебапёкі не шукаюць іншай работы, яны прыходзяць і застаюцца назаўжды. Можа, справа ў тым, што адданыя людзі душой прыкіпаюць да сваіх абавязкаў і на працягу жыцця так і не здраджваюць абранай прафесіі?.. Тым не менш высакародная праца, якая прызначана прымнажаць духмяную прадукцыю, часта не прызнае адзіночак. Не дзіўна, што на заводзе так шмат працоўных дынастый. Гэта і сям’я Навасадных, і Раіса Сцепанюк з дачкой Вольгай, і галоўны тэхнолаг Надзея Мукасей з сынам Андрэем… Працягваць можна бясконца.
У асобны сегмент варта вылучыць тых, хто знайшоў тут сваю другую палавінку, – такіх прыкладаў таксама хапае на Брэсцкім хлебазаводзе. Сярод “салодкіх” парачак – Дзяніс і Алена Густыры. У штодзённай віхуры паміж партыямі булак і кілаграмамі печыва маладыя людзі паспелі па-сапраўднаму закахацца адзін у аднаго.
Падобная гісторыя, якая таксама скончылася вяселлем, звязана з сям’ёй Фядынічаў. У дачыненні да гэтай пары можна падабраць шмат яркіх эпітэтаў і параўнанняў. Карацей кажучы, і калегі, і кіраўніцтва не скупяцца на кампліменты Алёне і яе мужу Аляксандру. Дзяўчына, якая працуе ў хлебным цэху, –  адзін з самых удалых прыкладаў так званага ўніверсальнага салдата. Што б  ні даверылі, усё атрымліваецца проста выдатна! Таленавітую Алёну прырода не абдзяліла і неабходным у хлебнай справе прафесійным “нюхам”. Акрамя таго, яна завочна атрымлівае вышэйшую адукацыю.
Моцная палавінка сям’і, Аляксандр Фядыніч, завіхаецца за аператарскім пультам у тым жа цэху. Хлопец не проста цудоўна дапаўняе каханую, але і ва ўсім яе падтрымлівае і падбадзёрвае. Алёна і Аляксандр ахвотна ўдзельнічаюць і ў грамадскім жыцці прадпрыемства, а з леташняга злёту маладых сем’яў на Белым возеры, прысвечанага
90-годдзю камсамола, яны вярнуліся з дыпломамі і падарункамі. Па выніках спаборніцтваў пара трапіла ў пераможную тройку, а дакладней заняла
другое месца.

Своеасаблівым стымулам для далейшага самаўдасканалення лічацца конкурсы прафесійнага майстэрства, якія моцна зліліся з хлебазаводскай рэальнасцю і сталі амаль неаддзельныя ад яе. Лепшых на гэтай ніве неаднаразова ўзнагароджвалі граматамі адміністрацыя раёна, гарвыканкам, абласны Савет дэпутатаў, Дэпартамент хлеба-прадуктаў, Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь.
Лідар на заводзе па колькасці прафесійных “трафеяў” – Ганна Міхайлоўская, якой  прысвоена званне “майстар-кандытар”. Багатае мінулае гэтай стараннай жанчыны ўключае ў сябе перамогі абласнога, рэспубліканскага, міжнароднага ўзроўняў, бясконцыя выставы і конкурсы. Ганна Іванаўна  прыйшла на завод у 1986-м як малады спецыяліст і з той пары нават не думала змяніць месца працы. Аб такіх майстрах, вядома, марыць любое прадпрыемства. Нават калегі з Адзінцоўскай кандытарскай фабрыкі, якія выпускаюць шакаладную прадукцыю пад гандлёвай маркай “А. Каркуноў”, не маглі не захапіцца неверагоднымі здольнасцямі, залатымі рукамі і невычэрпнай фантазіяй брастаўчанкі. Расіяне падчас сяброўскага візіту на Брэсцкі хлебазавод далі майстар-клас па рабоце з шакаладам. Ды, як аказалася, брастаўчанам таксама было чым пахваліцца: Ганну Міхайлоўскую не проста высока ацанілі, але і запрасілі на стажыроўку ў Маскву.
Сёння майстар-кандытар спрабуе адысці ўбок: маўляў, няхай маладыя спаборнічаюць за лаўры. Без лішніх угавораў эстафету адразу ж падхапілі адораныя кандытары Іна Качалоўская, Святлана Саковіч, Алена Кавальчук. Сёння яны старанна выпрацоўваюць індывідуальны почырк і шчыра радуюцца кожнай маленькай перамозе.
Галаўное прадпрыемства РУВП “Брэстхлебпрам” “Брэсцкі хлебазавод” не здае сваіх пазіцый на рынку, паспявае сачыць за зменамі ў сацыяльным сектары і пастаянна радуе пакупнікоў эксклюзіўнымі прысмакамі. Лепшыя майстры прысвячаюць прадпрыемству значную частку жыцця. У сценах хлебазавода і моладзь, і старажылы адчуваюць сябе камфортна, што абавязкова адлюстроўваецца ў выдатнай працы. Як так атрымліваецца? Увесь сакрэт – у любові да сваёй прафесіі. Менавіта яна з’яўляецца той рухаючай сілай, якая можа і горы звярнуць, і муку змалоць, і падаць да стала гарачы духмяны бохан…
Вольга СВІРЫДОВІЧ, “НТ”,
Ніна ЛЕАНАВЕЦ, “НТ”.
Фота Юрыя МАКАРЧУКА, “НТ”.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля