Беларусь

“ЗАБАВА” ДЛЯ СВЯТА


Чым ганцавіцкія хлебапёкі
будуць сустракаць гасцей
сёлетняга Дня
беларускага пісьменства?
Вельмі хацелася задаць гэтае пытанне даўнім сябрам газеты – першым героям інфармацыйна-аналітычнага праекта “Яго Вялікасць Хлеб”. Больш зручнай нагоды, здаецца, і прыдумаць цяжка: чакаючы значную грамадска-культурную падзею, увесь горад змяняецца да непазнавальнасці. Вуліцы і вулачкі Ганцавіч напаўняюцца цікавымі архітэктурнымі элементамі, у тон сучаснасці карэктуюць важныя аб’екты райцэнтра. Майстры ж Ганцавіцкага хлебазавода плануюць здзівіць гасцей не толькі арыгінальнымі прысмакамі вышэйшага гатунку, але і бездакорным знешнім выглядам свайго адрамантаванага будынка.
НОВЫЯ
ДАХ І ЎПАКОЎКА
– На рэканструкцыю завода паабяцалі выдзеліць каля 800 мільёнаў рублёў, – паведаміў Андрэй Арцёменка, кіраўнік невялікага, але надзвычай самадастатковага прадпрыемства.
Дырэктар падмацаваў свае словы прыгожымі эскізамі, на якіх канчатковы вынік вельмі нагадвае велічную сядзібу, аформленую ў цёплым жоўтым колеры – гэта тое, што чакае хлебазавод у перспектыве. Андрэй Віктаравіч не без гонару дадаў: “Хутка тут разгорнецца маштабная будоўля: трэба ўцяпліць сцены, каб не мерзнуць зімой, зрабіць касметычны рамонт фасада і даху, давесці да ладу вароты”.
Здаецца, не так і шмат часу засталося да пачатку верасня, калі горад гасцінна расчыніць дзверы для шматлікіх прадстаўнікоў інтэлігенцыі, што прыедуць сюды з усіх куточкаў Беларусі. Ды нястомныя хлебапёкі літаральна фантануюць свежымі ідэямі. Акрамя пераўтварэнняў у плане інтэр’еру, інавацыі чакаюцца і ў вытворчым працэсе: у маі, напрыклад, кукурузныя палачкі ад ганцавіцкіх майстроў хлебапякарнай справы паступяць на прылаўкі ў новай упакоўцы.
Андрэй Арцёменка прызнаецца: новая кукурузная “вопратка” павінна прыцягнуць увагу пакупнікоў. Дырэктар хлебазавода і сам спачатку разгубіўся, калі глянуў на пробнікі, падрыхтаваныя студэнтамі-маркетолагамі: да такога нават ён, вопытны кіраўнік, не быў гатовы. У першую чаргу ўразіла крэатыўнае афармленне таварнага знака “Забава”, прывабным атрымаўся і рэкламны слоган. Не пралічыўся Андрэй Віктаравіч, калі даверыў даволі рызыкоўную справу моладзі: і сэканоміць атрымалася, і вынік парадаваў арыгінальнасцю. З такой упакоўкай кліенты ўжо не пераблытаюць кукурузныя палачкі ад ганцаўчан з аналагічнай прадукцыяй ад іншых кампаній.
Дарэчы, каб наладзіць выпуск смачных вырабаў, летась завод набыў новую лінію па вытворчасці сухіх сняданкаў. Адсутнасць у вобласці канкурэнтаў на гэтай ніве абяцала нядрэнныя прыбыткі і дадатковыя магчымасці ў плане экспарту. Лінія разлічана на 11 відаў прадукцыі, ды ганцаўчане эксперыментаваць не спяшаюцца: яны цярпліва адшліфоўваюць навыкі ў прыгатаванні менавіта кукурузных палачак, якія існуюць пакуль што ў дзвюх варыяцыях – з глазурай і без яе.
Варта адзначыць, што са з’яўленнем новай лініі кадравы склад завода папоўніўся яшчэ адным працаўніком – Юрыем Навіцкім, які выконвае функцыі аператара і адказвае за вытворчы працэс. У суткі тут “нараджаецца” 600 – 800 кілаграмаў кукурузных палачак выдатнай якасці, але і гэта не мяжа. Як толькі атрымаецца падняць справу на належны ўзровень, хлебапёкі пачнуць эксплуатаваць лінію ў поўным аб’ёме – тады і Юрыю Мікалаевічу, і задзейнічаным у працэсе ўпакоўшчыкам работы дабавіцца. А асваенне вырабаў з начынкай яшчэ больш расшырыць асартымент тавараў.
ДА БУЛАК –
ЯК ДА СКАРБУ
У родных Ганцавічах хлебапёкі ў пашане. Яны не толькі забяспечваюць мучной прадукцыяй увесь раён, але і прывіваюць землякам добры густ. Апошнія ж адразу адчуваюць халтуру, таму ні пры якіх абставінах не дазваляюць завадчанам паніжаць узнятую планку. А каб цалкам задаволіць патрэбы капрызных кліентаў, прыходзіцца ўдасканальваць тэхналогіі, рэцэптуру, пускаць у ход розныя смачныя фішкі і хітрынкі.
Найвялікшай сімпатыяй у мясцовых жыхароў карыстаюцца здобныя булачкі. Асаблівасці менталітэту дыктуюць і попыт: на Ганцаўшчыне, як прызнаюцца самі хлебапёкі, любяць усё салодкае, насычанае, пышнае і свежае. Не залежваюцца ў магазінах, іншых гандлёвых кропках драбнаштучныя вырабы з красамоўнымі назвамі “Маковый сюрприз”, “Тропинка” і іх шматлікія салодкія “сястрычкі”.
Дарэчы, калі звярнуць увагу менавіта на назвы, адразу становіцца зразумела: усе яны – быццам мініяцюры з жыцця.
– Бывала, глядзіш у акно, а там ужо вясна, снег растаў, і праз зямлю ледзь-ледзь прабі-ваецца першая расліннасць –
вось і імя для вітушкі гатова: толькі “Проталинкой”, “народжаную” ў такую пару, і назавеш, – расказвае Марыя Якубюк, загадчыца вытворча-тэхнічнай лабараторыі. – Паралелі можна праводзіць бясконца: восень падарыла нам пірог “Листопад”, а багатае, высокарэцэптурнае паходжанне натхніла на стварэнне вітушкі “Панночка”.
Марыя Сцяпанаўна – прафесіянал у хлебнай справе. З вялікай ахвотай каштуе яна хоць малюсенькі кавалачак усяго таго, што звычайна выпякаюць за змену, бо кожная булачка, кожная “цаглінка” для яе – сапраўдны хлебны скарб.
Тым не менш штораніцы галоўны тэхнолаг завода звычайна ідзе на работу з трывогай. Ну як тут спакойна паспіш, калі на прадпрыемстве ўсю ноч паліцца печ ды выспяваюць булкі! Вытворчы працэс на хлебазаводзе наладжаны так, што справа не стаіць нават у цёмны час сутак. У першую змену працавітыя рукі ганцаўчанак ствараюць духмяныя батоны і боханы, каб своечасова адправіць іх у гандлёвыя кропкі раёна, а ноччу чаруюць над драбнаштучнымі вырабамі.
Дарэчы, падрыхтоўка да Вялікадня таксама прайшла на “выдатна”. Як патлумачылі ганцавіцкія пекары, слова “куліч” у раёне чамусьці не прыжылося, таму на заводзе налаўчыліся рабіць булкі па рэцэптуры кекса. Тыя, каму давялося есці гэты велікодны ласунак, прызнаюцца: нічога смачнейшага яны не каштавалі. Слава пра мучныя вырабы незвычайнага смаку разляцелася і за межы вобласці, таму ганцавіцкім хлебапёкам прыйшлося падзяліцца ласункам і з бліжэйшымі суседзямі, для якіх руплівыя майстры выпеклі каля 10 тысяч кексаў.
Пацвярджэннем якасці прадукцыі Ганцавіцкага хлебазавода выступаюць шматлікія ўзнагароды: вітушка “Проталинка” трапіла ў спіс лепшых тавараў Рэспублікі Беларусь 2010 года; хлеб “Багрянец” стаў лаўрэатам рэспубліканскага конкурсу-агляду “Ласунак-2010”. Ды лепшай адзнакай, безумоўна, лічацца прыхільнасць пакупнікоў і павага калег. Станоўчыя водгукі, быццам з рога багацця, сыплюцца і ад землякоў, і ад шматлікіх гасцей райцэнтра.
А яшчэ на завод за вопытам прыязджалі калегі са Ржэва Цвярской вобласці. Дырэктар расійскага прадпрыемства адпачываў на Нарачы, і яму настолькі спадабаўся беларускі хлеб, што захацелася падрабязней даведацца пра тэхналогію яго выпечкі. Цікаўнаму кіраўніку параілі наведацца ў Ганцавічы: маўляў, там усё пабачыш на ўласныя вочы. Прыехаў – і не прагадаў! Хлебапёкам са Ржэва прыглянуўся фармавы хлеб, пышныя ганцавіцкія батоны. Не пакінула абыякавымі гасцей і абсталяванне завода…
АДНА НА ЎСІХ
ГІСТОРЫЯ
Няхай растуць нібы на дражджах аб’ёмы продажу, павялічваецца асартымент тавараў, мяняюцца ўпакоўка і дызайн вытворчага цэха, але пастаяннай велічынёй у любой формуле поспеху застаюцца людзі, якія сочаць і за першым, і за другім, і за трэцім. Ад іх сумленнай працы, жадання пачынаць новы дзень з усмешкай і з усіх ног бегчы на работу залежыць, наколькі смачнымі і пышнымі атрымаюцца булкі. На Ганцавіцкім хлебазаводзе няма старонніх – тут кожны на сваім месцы. Адных лёс выпадкова звязаў з хлебам, але так моцна – што не вырвацца. Другія, акрамя гэтай прафесіі, нічога іншага для сябе не ўяўлялі. Нягледзячы на ўзроставую розніцу, жыццёвы багаж і непрадказальныя жаночыя характары, усіх ганцавіцкіх майстрых аб’ядноўвае адна гісторыя, на чале якой – Яго Вялікасць Хлеб.
Для цеставода Надзеі Аб’едкавай усё пачалося 12 мая 12 гадоў таму. Сімволіку лічбаў дапоўніў яшчэ той факт, што Надзея Фёдараўна з’явілася на заводзе акурат у свой дзень нара-джэння і, як кажуць, трапіла з карабля на баль. Ды калі балем кіруюць мучныя ласункі – значыць, і падарунак бу-дзе адпаведны: дзяжурства ў начную змену – вось што дасталося жанчыне ў якасці святочнага прэзента.
Брыгадзір Марына Кандратовіч на заводзе 16 гадоў – за гэты час яе асабістая гісторыя мянялася разам з гісторыяй прадпрыемства практычна ў адным рытме. 24-гадовая дзяўчына, якая пераступіла парог ганцавіцкага хлебазавода, ператварылася ў моцную духам жанчыну, з цудоўнымі лідарскімі якасцямі. У брыгадзе Марыны Яўгенаўны – 8 чалавек, якіх трэба і арганізаваць, і падахвоціць, і заўвагу зрабіць, калі заслужылі.
Гісторыя Веранікі Бортнік, начальніка цэха, вядзе адлік з 2005-га – менавіта тады дзяўчына ўладкавалася на хлебазавод укладчыцай. Праз тры гады яна заняла цяперашнюю пасаду. Зараз перад Веранікай Бортнік стаіць задача паспяхова абараніць дыплом: яна – студэнтка 5-га курса Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання.
Вось з такіх індывідуальных гісторый майстроў-хлебапёкаў і складаецца агульная гісторыя дружнага калектыву прадпрыемства. І іх набыткамі яна множыцца…
Ніна ЛЕАНАВЕЦ, “НТ”,
г. Ганцавічы.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля