Беларусь

Аварыйная пасадка ў Брэсцкім аэрапорце і іншыя навіны вобласці…


БРЭСТ
Аварыйная пасадка
Вечарам 26 ліпеня ў Брэсцкім аэрапорце з-за выхаду са строю генератара левага рухавіка зрабіў аварыйную пасадку рэактыўны самалёт, які без пасажыраў ажыццяўляў рэйс з Ніццы (Францыя) у Маскву. На яго борце знаходзіліся тры члены экіпажа – грамадзяне Расіі. У аэрапорт былі накіраваны 11 адзінак аварыйна-выратавальнай тэхнікі, аднак дапамога выратавальнікаў не спатрэбілася, бо самалёт прызямліўся нармальна і ніхто пры гэтым не пацярпеў.
БРЭСЦКІ РАЁН
Сустрэча з творчасцю
Больш за 50 прадстаўнікоў раённых арганізацый прыйшлі ў сераду на сустрэчу з берасцейскай пісьменніцай Марыяй Якімук, якая праходзіла ў малой зале райвыканкама. Арганізаванае работнікамі раённай бібліятэкі мерапрыемства прайшло ў цёплай і добразычлівай атмасферы. Падчас сустрэчы пісьменніца расказала пра сваю літаратурную дзейнасць, прачытала новыя вершы, а хор ветэранаў з вёскі Кавярдзякі Матыкальскага сельсавета выканаў песні на яе творы.
БАРАНАВІЧЫ
Тры елкі з Польшчы
Дзіцячыя творчыя калектывы хор “Вясёлка” і ансамбль танца “Фіеста” прывезлі тры ўзнагароды з міжнароднага конкурсу творчасці школьнай моладзі “Кельцэ-2011”. Артысты атрымалі залатую, сярэбраную і зялёную елкі – сімвалы спаборніцтва. Польскае журы нават не змагло падабраць традыцыйныя майстар-класы для трыумфатараў, настолькі ўразіў талент дзяцей.
БАРАНАВІЦКІ РАЁН
Люшнеўскі фэст
Спартыўна-маладзёжны фестываль “Крок да здароўя” прайшоў у вёсцы Люшнева. Свята арганізаваў мясцовы прадпрымальнік Аляксандр Бурак пры падтрымцы аддзела па справах моладзі райвыканкама. Удзельнікі спаборнічалі ў бегу, веласпорце, кіданні гранаты. Першае месца занялі гаспадары, на другім – каманда вёскі Цешаўля, на трэцім – спартсмены з Палонкі.
БЯРОЗА
Плюс два стыпендыяты
Студэнты 4-га курса юрыдычнага факультэта БрДУ імя А.С. Пушкіна Алеся Праўдзік і Сяргей Жуковіч атрымалі грашовую прэмію спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Яны занялі трэцяе месца ў рэспубліканскай студэнцкай юрыдычнай алімпіядзе. Стыпендыяты родам з райцэнтра: Алеся – выпускніца СШ №1, а Сяргей скончыў СШ №2.
ГАНЦАВІЧЫ
Вясковы футбол
Каманда дзіцячага сада-сярэдняй школы вёскі Люсіна заваявала сярэбраную ўзнагароду  ў абласных спаборніцтвах па футболе “Каласок”. Па выніках спаборніцтваў каманда ўзнагароджана граматай упраўлення фізічнай культуры, спорту і турызму аблвыканкама. Лепшыя вынікі паказалі Арцём Бабок, Аляксандр Занька, Аляксандр Амельяновіч.
ДРАГІЧЫН
Удачны старт
Вадзіцель ААТ “Драгічынскі камбікормавы завод” Сяргей Шымко на сёлетнім жніве першы ў раёне перавёз з поля 100 тон зерня. За гэта райкамам прафсаюза работнікаў АПК быў узнагароджаны каштоўным падарункам. А днямі  ён зноў вылучыўся: з пачатку жніва даставіў ад збожжаўборачных камбайнаў першую тысячу тон хлеба новага ўраджаю, за што заахвочваецца Падзячным пісьмом райвыканкама і райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу.
ЖАБІНКА
Бібліятэка на колах
У цэнтральнай раённай бібліятэчнай сістэме стала на адну ўстанову больш: жыхароў 27 малых аддаленых вёсак Жабінкаўшчыны пачаў абслугоўваць новы перасоўны комплекс – бібліобус. У фондзе сучаснай сельскай бібліятэкі на колах – 876 асобнікаў мастацкай і камерцыйнай літаратуры, а таксама газеты і часопісы.
ІВАНАВА
Сталі лепшымі гандлярамі
Абласны конкурс “Лепшы па прафесіі” сярод прадаўцоў харчовых і нехарчовых тавараў праведзены абкамам прафсаюза работнікаў спажыўкааперацыі сумесна з праўленнем аблспажыўсаюза на базе прадпрыемстваў раённага спажыўтаварыства. У ім прымалі ўдзел 28 лепшых работніц прылаўка з розных рэгіёнаў Брэстчыны. Пераможцай у намінацыі “Прадаўцы харчовых тавараў” стала Вольга Насытка з Пружан, у намінацыі “Прадаўцы нехарчовых тавараў” – Ала Давыдзюк з Лунінца.
ІВАЦЭВІЧЫ
Музычнае свята
Раённае свята фальклору “Край чарнічны, край музычны” сабрала лепшыя творчыя ансамблі на сцэне Целяханскага ЦКіА. Кампанію мясцовым артыстам склалі госці з Піншчыны і Іванаўшчыны. Самыя цікавыя і неардынарныя выступленні былі адзначаны дыпломамі аддзела культуры райвыканкама.
КАМЯНЕЦ
Горад, які чытае
На гэтым тыдні завяршае сваю работу фотавыстава “Наш горад чытае”, якая працавала на працягу двух месяцаў у цэнтральнай раённай бібліятэцы імя У. Ігнатоўскага. Прадстаўленыя на ёй больш за 35 фота рознага фармату, пачынаючы з 60-х гадоў мінулага стагоддзя і да сённяшняга дня, паказваюць дзяцей і дарослых горада з кнігай. Выстава прымеркавана да 735-годдзя Камянца, якое адзначалася ў мінулую нядзелю.
КОБРЫН
На пахаванне з… гашышам
У вёсцы Батчы ў нядзелю затрыманы расіянін, які прыехаў на пахаванне бабулі. 19-гадовы жыхар Санкт-Пецярбурга знаходзіўся ў стане наркатычнага ап’янення, у яго таксама была знойдзена скрыначка з 0,65 грама гашышу. У адносінах да расіяніна ўзбуджана крымінальная справа па частцы 1 артыкула 328 Крымінальнага кодэкса (незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў і іх прэкурсораў).
ЛУНІНЕЦ
Меры – не толькі на паперы
Кіраўнікам прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў незалежна ад формы ўласнасці рэкамендавана ўвесці пасаду спецыяліста па рабоце з моладдзю. Такое рашэнне было прынята падчас зацвярджэння комплексу мер па рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі ў раёне на другое паўгоддзе. Акрамя таго, сярод найбольш важных пытанняў па-ранейшаму застаецца прафілактыка наркаманіі і алкагалізму, а таксама павышэнне духоўнай, грамадзянска-прававой, фізічнай культуры прадстаўнікоў новага пакалення.
ЛЯХАВІЧЫ
Раскопкі “Уральца”
У раёне завяршыў сваю работу пошукавы атрад з Расіі “Уралец”. Разам з беларускімі вайскоўцамі шосты год запар следапыты з паўднёваўральскага горада Азёрска займаліся раскопкамі і рэканструкцыяй ваенных падзей у рэгіёне. Дзякуючы іх рабоце ўстаноўлены імёны многіх невядомых салдат, якія загінулі ў вайну. На наступны год работа будзе працягнута.
МАЛАРЫТА
Купацца забаронена!
Такі вердыкт вынеслі спецыялісты раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі пасля апошняй праверкі вады ў Лукаўскім возеры, якое аблюбавалі не толькі вяскоўцы, але і многія жыхары райцэнтра. Рашэнне галоўнага санітарнага ўрача раёна ўступіла ў сілу з 26 ліпеня. Яно носіць часовы характар і будзе адменена, як толькі пробы вады, якія бяруцца ў вадаёмах рэгулярна, будуць адпавядаць норме.
ПІНСК
Гордасць нацыі
У сераду ў пінскім Музеі Беларускага Палесся ўрачыста адкрыта выстава “Гордасць нацыі. Знакамітыя яўрэі – выхадцы з Беларусі”. У яе адкрыцці прыняў удзел Часовы Павераны ў справах Дзяржавы Ізраіль у Рэспубліцы Беларусь Цві Коэн-Літант.  Выстава, якая расказвае пра жыццё вядомых яўрэйскіх дзеячаў, будзе працаваць да 21 жніўня з аўторка па нядзелю з 10 да 18 гадзін.
ПІНСКІ РАЁН
Адпачынак у “Парэччы”
Незабыўным стане адпачынак у  дзіцячым аздараўленчым лагеры “Парэчча” для трэцяй змены, якая праходзіць пад патранажам РК БРСМ.  Хлопчыкаў і дзяўчынак, якія прыехалі сюды,  чакаюць цікавыя сустрэчы, разнастайныя мерапрыемствы і конкурсы. Работнікі інспекцыі па справах непаўналетніх правядуць турнір па стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі, згуляюць у міні-футбол з камандай лагера.
ПРУЖАНЫ
Спяваеш? Прыходзь на кастынг!
У студыі гуказапісу гарадскога Палаца культуры праходзіць адбор удзельнікаў тэатра песні “FLASH”. Кожны панядзелак і пятніцу ў 12 гадзін таленавітыя юнакі і дзяўчаты ва ўзросце ад 15 гадоў могуць паспрабаваць свае сілы. Кастынг арганізаваны пры падтрымцы прадзюсарскага цэнтра Валерыя Будзько.
СТОЛІН
Гол! Гол! Гол!
Сёння на стадыёне “Камунальнік” стартуюць занальныя гульні па футболе ў рамках летняй абласной спартакіяды сярод сельскіх працаўнікоў “Залаты колас”. Футбольныя матчы будуць доўжыцца два дні. Акрамя гаспадароў, удзел у спаборніцтвах прымуць бліжэйшыя суседзі – каманды з Іванава, Пінска і Лунінца.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля