Зноў павышаюцца пенсіі
Падзяка Прэзідэнта
Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка 25 ліпеня падпісаў распараджэнне аб аб’яўленні Падзякі Прэзідэнта Беларусі работнікам розных сфер. За шматгадовую плённую працу, прафесіянальнае майстэрства, значны асабісты ўклад у развіццё і ўдасканаленне беларускай энергетычнай сістэмы, у прыватнасці, адзначаны начальнік падстанцыі ў Баранавічах Віктар Васілеўскі і токар ААТ «Белаазёрскі энергамеханічны завод» Андрэй Сычык. Падзяка Прэзідэнта аб’яўлена таксама намесніку начальніка інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Брэсцкім раёне Людміле Ваяводзінай. Віншуем!
Павышаюцца пенсіі
У Беларусі з 1 жніўня і з 1 лістапада павышаюцца працоўныя і сацыяльныя пенсіі. Адпаведны Указ падпісаў 26 ліпеня Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка. Так, з 1 жніўня працоўныя пенсіі павялічацца ў сярэднім на 13 працэнтаў (з 669 тысяч да 757 тысяч рублёў), а з 1 лістапада – яшчэ на 7,9 працэнта (да 817 тысяч рублёў).
Жаночы твар Нацбанка
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 27 ліпеня падпісаў Указ аб прызначэнні Надзеі Ермаковай старшынёй праўлення Нацыянальнага банка краіны. Надзея Андрэеўна нарадзілася ў 1953 годзе ў вёсцы Разальмаў Хоцімскага раёна Магілёўскай вобласці, у 1971 годзе скончыла Пінскі ўлікова-крэдытны тэхнікум, у 1978-м – Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі імя В.В. Куйбышава. Працавала на розных пасадах у фінансавых і банкаўскіх установах Шклоўскага раёна. Да прызначэння старшынёй праўлення Нацбанка ўзначальвала ААТ «Ашчадны банк «Беларусбанк».
Прэм’ер-міністр наведаў «Крошын»
27 ліпеня Прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч у ходзе рабочай паездкі па рэгіёнах краіны наведаў сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў «Крошын» Баранавіцкага раёна. У гэтай гаспадарцы кіраўнік Урада цікавіўся, як арганізавана ўборка збожжавых культур.
Памятны знак
25 ліпеня ва ўрочышчы Ялаваста, што каля Косава ў Івацэвіцкім раёне, адкрыты памятны знак на месцы, дзе ў 1942 годзе нямецка-фашысцкімі акупантамі былі расстраляны 200 яўрэяў. У жалобнай цырымоніі прынялі ўдзел Часовы Павераны ў справах Дзяржавы Ізраіль у Рэспубліцы Беларусь Цві Коэн-Літант, прадстаўнікі спонсараў праекта, якія прыехалі з Нью-Ёрка і Лондана, вучні СШ №3 г. Івацэвічы і іх настаўніца Жанна Каспяровіч, якія правялі вялікую работу па пошуку месца масавага забойства яўрэяў.
Трагічная бесклапотнасць
Вада працягвае забіраць людскія жыцці. Як паведамілі ў абласным савеце таварыства выратавання на вадзе, толькі за папярэдні тыдзень на вадаёмах Брэстчыны загінулі 7 чалавек, большасць з іх знаходзіліся ў нецвярозым стане. Так, 20 ліпеня ў сажалцы каля вёскі Міхнавічы Івацэвіцкага раёна ўтапіўся 23-гадовы беспрацоўны жыхар г. Івацэвічы, а на рацэ Гарынь – 55-гадовы беспрацоўны жыхар Давыд-Гарадка. Нецвярозымі былі таксама 61-гадовы кабрынчанін і 75-гадовы жыхар Пінска, якія ўтапіліся 19 ліпеня (першы – у кар’еры каля вёскі Малыя Лепясы, другі – на рацэ Прыпяць каля вёскі Кнубава Пінскага раёна).
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.