Клёцкі “Часночны авангард”
КЛЁЦКІ “ЧАСНОЧНЫ АВАНГАРД” ад Любові ПАХОМАВАЙ, намесніка начальніка аддзела арганізацыйнай, прававой і кадравай работы Брэсцкага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя:
– Шчыра кажучы, работа і надзённыя клопаты пазбаўляюць жадання прыгатаваць нешта асаблівае, бо на гэта не застаецца часу. Ды, з’яўляючыся прыхільніцай нацыянальнай кухні, вельмі люблю парадаваць блізкіх простымі, знаёмымі з дзяцінства ласункамі. Пры гэтым заўжды дадаю ў звыклую страву нешта эксклюзіўнае, каб здзівіць пачуццём навізны. Вось, напрыклад, бульбяныя клёцкі прапаную падаць з часночным соусам.
Для прыгатавання клёцак возьмем: 1кг бульбы, 3 сталовыя лыжкі мукі, 200 г курынага або свінога фаршу, 1 цыбуліну, 1 яйка, соль, перац на смак.
У фарш дадаём здробненую цыбуліну, пасля чаго солім і перчым атрыманую масу. Бульбу націраем на дробнай тарцы, як для дранікаў, адціскаем вадкасць, дадаём яйка і муку, таксама солім. З цеста робім невялічкія аладкі, якія начыняем фаршам і скручваем у шарык. Апускаем шарыкі ў падсолены кіпень і варым хвілін 15 да гатоўнасці. Як варыянт, можна потым абсмажыць клёцкі на алеі.
Для соусу нам спатрэбіцца: 3 сталовыя лыжкі смятаны, столькі ж таматнай пасты, 1-2 зубкі часнаку, 1 чайная лыжка мукі, соль і спецыі.
Падсмажым муку на сухой патэльні, а затым павольна ўвальём 100 г вады. Размяшаем, каб не было камякоў. Паэтапна дадаём пасту, смятану, спецыі. Тушым каля 3 хвілін. Часнок напрыканцы выціснем праз часночніцу і перамяшаем з астатнімі інгрэдыентамі.
Усё, клёцкі “Часночны авангард” гатовы! Прыемнага апетыту!
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.