Берасцейшчына: ад суботы да суботы
БРЭСТ
Вынікі і задачы
24 студзеня адбыўся сход гаспадарчага актыву горада. У яго рабоце прынялі ўдзел кіраўнікі прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў усіх форм уласнасці, намеснікі па ідэалагічнай рабоце, кіраўнікі прафсаюзных арганізацый, грамадскіх аб’яднанняў, упраўленняў, аддзелаў і службаў гарвыканкама і адміністрацый раёнаў, дэпутаты гарадскога Савета. Абмеркавана пытанне “Аб выніках гаспадарчай дзейнасці за 2011 год і задачах па выкананні прагнозных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця горада ў 2012 годзе”.
БРЭСЦКІ РАЁН
Наперадзе – напружаная праца
Учора ў Дом культуры вёскі Чэрні з’ехаліся дэпутаты райсавета, кіраўнікі СВК, прадпрыемстваў і арганізацый. Спачатку тут адбылася сесія раённага Савета дэпутатаў, а потым – сход гаспадарчага актыву з удзелам намесніка старшыні аблвыканкама Мікалая Крывецкага. З улікам таго, што і вобласць, і рэгіёны не справіліся з большасцю прагнозных паказчыкаў за 2011 год, Мікалай Анатольевіч нацэліў усіх на напружаную працу.
БАРАНАВІЧЫ
Яшчэ камфортней!
Пра тое, як зрабіць райцэнтр яшчэ больш камфортным для гараджан, а таксама пра развіццё бізнесу, прамысловасці, перспектывы сацыяльнай сферы і работу дзяржаўных структур з насельніцтвам гаварылі ўчора ўдзельнікі нарады гаспадарчага актыву горада. У мерапрыемстве прыняў удзел першы намеснік старшыні аблвыканкама Міхаіл Юхімук.
БАРАНАВІЦКІ РАЁН
Дыялог з людзьмі
Учора старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Андрэйчанка наведаў ААТ “Птушкафабрыка “Дружба”. Ён пазнаёміўся з работай прадпрыемства. Акрамя таго, Уладзімір Паўлавіч сустрэўся з калектывам птушкафабрыкі, выслухаў праблемы людзей, іх прапановы і заўвагі.
БЯРОЗА
Дэпутаты – аб раёне
У аўторак у актавай зале аддзела культуры райвыканкама адбылася сесія раённага Савета дэпутатаў. На ёй былі разгледжаны пытанні выканання прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна ў 2011 годзе і прагноз на 2012 год, а таксама аб бюджэце раёна і плане работы райсавета.
ГАНЦАВІЧЫ
Не толькі пра экалогію…
25 студзеня міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Уладзімір Цалка наведаў ААТ “Модуль”. Ён пазнаёміўся з вытворчасцю і перспектывамі развіцця прадпрыемства, прадукцыя якога запатрабавана не толькі на ўнутраным рынку краіны. Міністр пагутарыў з работнікамі таварыства, пацікавіўся ўмовамі іх працы і адказаў на хвалюючыя пытанні, якія тычыліся не толькі экалогіі.
ДРАГІЧЫН
У творчай атмасферы
Па-сапраўднаму творчая атмасфера панавала ў аўторак у 311 кабінеце гарадской гімназіі. Тут на сустрэчу з мясцовай паэткай Святланай Асаўцовай, прысвечаную Году кнігі, сабраліся вучні 9 і 10 “А” класаў. Напачатку хлопцы і дзяўчаты падзяліліся сваімі думкамі пра паэтычнае слова, а пасля з захапленнем слухалі вершы сваёй зямлячкі.
ЖАБІНКА
Навярстаць упушчанае
Учора з удзелам старшыні абласнога Савета дэпутатаў Сяргея Ашмянцава прайшоў сход гаспадарчага актыву раёна. У сваім выступленні Сяргей Дзмітрыевіч пільную ўвагу ўдзяліў таму, што належыць зрабіць, каб навярстаць упушчанае ў 2011 годзе. Для жабінкаўчан – развіваць раслінаводства, займацца пытаннямі імпартазамяшчэння і прыцягнення інвестыцый, будаваць жыллё. Самае галоўнае – павышаць узровень жыцця людзей, і ў першую чаргу – за кошт павелічэння выпуску прадукцыі.
ІВАНАВА
Зарад бадзёрасці на тыдзень
Мясцовыя прадпрымальнікі Вячаслаў Бонька, Міхаіл Кузьміч і Віктар Нахайчук за кошт уласных сродкаў падарылі землякам цудоўны адпачынак у мінулыя выхадныя на Лядовай арэне ў Кобрыне. У прызначаны час каля сотні іванаўцаў – аматараў спорту прыбылі сюды, каб падтрымаць хакейную каманду раёна, якая сустракалася са зборнай УУС аблвыканкама. З мінімальным лікам 6:5 перамаглі апошнія. Лепшыя ігракі атрымалі дыпломы і падарункі, а ўсе астатнія – добры зарад бадзёрасці на наступны працоўны тыдзень.
ІВАЦЭВІЧЫ
Адкрылі Лядовы палац. Урачыста
Насычаным на падзеі выдаўся тыдзень на Івацэвіччыне. У сераду тут у складзе рэспубліканскай інфармацыйнай групы пабываў міністр па надзвычайных сітуацыях Уладзімір Вашчанка, а ўчора прайшоў сход гаспадарчага актыву раёна і адбылося ўрачыстае адкрыццё Лядовага палаца і басейна.
КАМЯНЕЦ
Сёння – сход актыву
25 студзеня памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – галоўны інспектар па Брэсцкай вобласці Уладзімір Пузырэўскі сустрэўся з працоўным калектывам СААТ “Белавежскія сыры”, а сёння ў ГДК праходзіць пасяджэнне гаспадарчага актыву раёна з удзелам кіраўніцтва вобласці. На ім будуць падведзены вынікі работы за мінулы год і акрэслены задачы на бягучы.
КОБРЫН
Сустрэчы з працоўнымі калектывамі
У сераду ў складзе рэспубліканскай інфармацыйнай групы ў раёне пабываў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Андрэй Тур. Ён сустрэўся з працоўнымі калектывамі птушкафабрыкі і інструментальнага завода “Сітома”, расказаў аб праводзімай у краіне сацыяльна-эканамічнай палітыцы, адказаў на шматлікія пытанні работнікаў гэтых прадпрыемстваў.
ЛУНІНЕЦ
Рандэву з пісьменнікам
У сераду па тэме “Духоўнае адраджэнне Беларусі” прайшлі сустрэчы ў працоўных і студэнцкіх калектывах з членам ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Уладзімірам Сітухам. Вядомы паэт і літаратар наведаў дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж сельскагаспадарчай вытворчасці, дзяржаўны політэхнічны прафесійна-тэхнічны каледж, цэнтральную раённую бібліятэку. Ён пазнаёміў прысутных са сваёй творчасцю і біяграфіяй, а таксама даў ацэнку актуальным падзеям грамадска-палітычнага жыцця.
ЛЯХАВІЧЫ
Аб прафесіі мужных
Напрыканцы мінулага тыдня ў райаддзеле па надзвычайных сітуацыях прайшоў дзень адчыненых дзвярэй. Начальнік РАНС Валерый Равінскі расказаў 11-класнікам гарадскіх школ пра аператыўную абстаноўку, звязаную з пажарамі, у вобласці і на Ляхавіччыне, зрабіўшы акцэнт на прычынах іх узнікнення. А былы выпускнік Мінскага камандна-інжынернага інстытута МНС, цяпер – інспектар Дзяржпажнагляду Дзмітрый Новік узгадаў гады вучобы і асобна спыніўся на патрабаваннях да будучых выратавальнікаў.
МАЛАРЫТА
“Жамчужыне” – год
Споўніўся год, як у райцэнтры пачаў функцыянаваць універсальны спартыўны комплекс “Жамчужына”. За гэты час яго наведалі 81627 чалавек. Найбольшай папулярнасцю ў маларытчан і гасцей горада карыстаецца плавальны басейн, у якім працуюць тры дзіцячыя групы па плаванні і адна – аквааэробікі. Сюрпрыз падчас зімовых канікул чакае студэнтаў: пры прад’яўленні студэнцкага білета яны могуць паплаваць у басейне са скідкай за аплату 20 працэнтаў. Скідка прадугледжана і для выпускнікоў школ, якія ў першую суботу лютага збяруцца на традыцыйны вечар сустрэчы.
ПІНСК
Цёмна-сіняя радасць
Нацыянальны банк Беларусі падарыў шматдзетнай сям’і мікрааўтобус. Цёмна-сіні “Фальксваген” шчасліўчыкам даставілі прама да дома. Цяпер новенькі жалезны конь дапаможа сям’і Гур’евых, у якой выхоўваюцца аж 10 дзяцей, лёгка рашаць праблемы з транспарціроўкай.
ПІНСКІ РАЁН
Мінус адзін пункт
Ліквідаваны нелегальны пункт нарыхтоўкі металалому ў вёсцы Малы Халожын. Ён знаходзіўся ў двары прыватнага жылога дома і належыў 39-гадоваму непрацуючаму мясцоваму жыхару. Пінскім РАУС сумесна з інспекцыяй Міністэрства па падатках і зборах на месцы злачынства выяўлена і канфіскавана 970 кілаграмаў лому чорных металаў на 1,7 мільёна рублёў.
ПРУЖАНЫ
Эсэ аб раўнапраўі
Раённы аддзел адукацыі абвясціў творчы конкурс “На шляху да гендарнага раўнапраўя”. Старшакласнікам прапанавана напісаць эсэ і паразважаць над адной з праблем, якая з’яўляецца актуальнай у галінах дэмаграфічнай бяспекі, занятасці і аховы здароўя насельніцтва. Вынікі плануюць падвесці вясной.
СТОЛІН
Цана падману
Уступіў у сілу прысуд у адносінах жыхара раёна за лжывы данос на следчага пракуратуры. Мужчына сцвярджаў, што супрацоўнік пракуратуры Століншчыны сфабрыкаваў доказы яго вінаватасці ў згвалтаванні непаўналетняй у 2009 годзе. За загадзя лжывыя сведчанні асуджаны атрымаў тры гады пазбаўлення волі. З улікам неадбытага тэрміну за папярэдняе злачынства ён правядзе ў калоніі строгага рэжыму 10 гадоў і 6 месяцаў.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.