Беларусь

Берасцейшчына: ад суботы да суботы


БРЭСТ
Хто наступны?
Пасля апошняй гульні футбалістаў брэсцкага “Дынама” супраць наваполацкага “Нафтана”, якую нашы землякі прайгралі на сваім полі з лікам 1:3, галоўны трэнер брастаўчан Юрый Пунтус заявіў аб сваёй адстаўцы. Цалкам лагічны ўчынак: каманда з 12 ачкамі пасля першага тура чэмпіянату краіны трывала замацавалася на апошнім месцы. Дынамаўскае кіраўніцтва задаволіла заяву Юрыя Пунтуса. Абавязкі галоўнага трэнера ўскладзены на Сяргея Кавальчука.

БРЭСЦКІ РАЁН
“Снайпер-2. Тунгус”
Напрыканцы  мінулага тыдня кінастудыя “Беларусьфільм” сумесна з ТАА “Арт Сінема Груп” завяршыла здымкі эпізодаў чатырохсерыйнага мастацкага тэлевізійнага фільма  пра Вялікую Айчынную вайну пад рабочай назвай “Снайпер-2. Тунгус”. Работа вялася на тэрыторыі чыгуначнай станцыі Дубіца Дамачаўскага пассавета. Кінастужка апавядае пра няпростыя лёсы юных дзяўчат-снайпераў, якія выконваюць складанае сакрэтнае заданне ў тыле ворага.
БАРАНАВІЧЫ
Лепшы ў свеце стадыён
Райцэнтр наведаў генеральны сакратар Еўрапейскай федэрацыі хакея на траве Давід Балбірні. Нагодай для візіту высокага госця стаў пачатак будаўніцтва стадыёна са штучным пакрыццём. Сакратар сустрэўся са старшынёй гарвыканкама Віктарам Дзічкоўскім, пабываў на будоўлі і застаўся задаволены пачутым і ўбачаным. Па словах Давіда Балбірні, будучая спартыўная база будзе адной з лепшых у свеце.
БАРАНАВІЦКІ РАЁН
Грошы за бяспеку
Удзельнікі раённага дня аховы працы наведалі ПМК-2, РКБА і камбінат проціпажарных паслуг. Яны абмеркавалі пытанні бяспечных умоў працы, санітарных норм і правіл. Старшыня райвыканкама Мікалай Язубец уручыў грашовыя ўзнагароджанні пераможцам: заводу жалезабетонных вырабаў, птушкафабрыцы “Дружба”, ДРБУ-136. Лепшым у вобласці сярод арганізацый невытворчай сферы прызнаны Гарадзішчанскі дом-інтэрнат.
БЯРОЗА
Новая пошта
На вуліцы Тышкевіча адкрыўся пункт паштовай сувязі. Ён з’яўляецца доўгачаканым падарункам для жыхароў мікрараёна. Акрамя традыцыйных паштовых паслуг, тут можна аплаціць камунальныя паслугі, мабільную і стацыянарную тэлефонную сувязь, пагасіць банкаўскі крэдыт і набыць шэраг неабходных тавараў.
ГАНЦАВІЧЫ
З Грэцыі – з медалямі
З узнагародамі вярнуліся выхаванцы дапаможнай школы-інтэрната з Сусветных спецыяльных Алімпійскіх гульняў для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, што праходзілі ў Афінах. На рахунку ганцавіцкай каманды – “золата” і “бронза” ў скачках у даўжыню, “серабро” – у бегу на 400 м.
ДРАГІЧЫН
Перспектывы супрацоўніцтва
У рамках адзінага дня інфармавання насельніцтва старшыня райвыканкама Васіль Хвацік сустрэўся з працоўным калектывам Драгічынскага трактарарамонтнага завода. Кіраўнік раёна расказаў аб сацыяльна-эканамічным развіцці рэгіёна ў I паўгоддзі, аб перспектывах супрацоўніцтва прадпрыемства з бельгійскай кампаніяй “JOSKIN Pirard Holding scrl”, якая спецыялізуецца на выпуску сельгастэхнікі і плануе да 2016 года інвеставаць у завод 10 мільёнаў еўра, адказаў на пытанні работнікаў ААТ.
ЖАБІНКА
За фізіку – 100 балаў
Выпускнік першай гарадской школы, залаты медаліст Яўген Мядзведзь у цэнтралізаваным  тэсціраванні набраў 100 балаў па фізіцы і 94 – па матэматыцы. На працягу чатырох гадоў Яўген удзельнічаў і перамагаў у раённых, і рэспубліканскіх алімпіядах. Авалодаць дакладнымі навукамі юнаку дапамаглі яго настаўнікі Аліна Барысюк і Галіна Барысюк.
ІВАНАВА
Злёт турыстаў
8-10 ліпеня на возеры Мульным прайшоў традыцыйны летні раённы турыстычны злёт. У ім прынялі ўдзел каманды з 17 арганізацый і ўстаноў Іванаўшчыны. Яны дэманстравалі свае здольнасці ў шматлікіх конкурсах і спартыўных спаборніцтвах. У выніку напружанай барацьбы пераможцай стала каманда філіяла “Іванава” Пінскага аўтапарка. Другое і трэцяе месца занялі, адпаведна, турысты аддзела адукацыі і райаддзела па надзвычайных сітуацыях.
ІВАЦЭВІЧЫ
Канапель – чатыры з паловай…
Паўтара гектара канапель знішчана ў лясным масіве недалёка ад вёскі Альба. Па сёлетняй статыстыцы гэта самая буйная плантацыя наркатычнай расліны, якая выяўлена на Брэстчыне, яе агульная вага – чатыры з паловай тоны. Упраўленне ўнутраных спраў аблвыканкама правярае факт парушэння заканадаўства.
КАМЯНЕЦ
Па музеі – з аўдыягідам
У музеі прыроды Нацыянальнага парка “Белавежская пушча” з’явілася новая паслуга: экскурсія з індывідуальным аўдыягідам. Незвычайны экскурсавод валодае чатырма мовамі: рускай, англійскай, нямецкай і французскай. Кошт новай паслугі – 13 тысяч рублёў. У музеі маецца ў наяўнасці дастаткова пультаў, каб абслужыць групу турыстаў.
КОБРЫН
Дзень горада
Сёння і заўтра Кобрын адзначае 67-ю гадавіну вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Дзень горада. У дні свята адбудзецца ўскладанне кветак у скверы імя А.І. Марозава, у ваенна-гістарычным музеі А.В. Суворава будуць праходзіць экскурсіі па выставах. У парку культуры і адпачынку – працаваць атракцыёны, пройдуць канцэрты творчых калектываў раёна. Запланаваны таксама гала-канцэрт “Ты сам, мой горад, песня пра сябе!” і канцэрт-віншаванне вядомай беларускай спявачкі Ірыны Дарафе-евай. Завершыцца святочная праграма феерверкам.
ЛУНІНЕЦ
Трактар – за перамогу
СВК “Вулькаўскі світанак” стаў пераможцай рэспубліканскага агляду-конкурсу на лепшы машынны двор у 2010 годзе. Дбайныя палескія гаспадары ўзнагароджаны дыпломам і грашовай прэміяй. А ўзорны машынны двор папоўніўся яшчэ адным транспартным сродкам – трактарам МТЗ-1221, які з’яўляецца падарункам за перамогу.
ЛЯХАВІЧЫ
Аб праблемах людзей
Прадпрыемствы раёна наведала  інфармацыйная група пад кіраўніцтвам  намесніка Прэм’ер-міністра Беларусі Анатоля Калініна. Госці пабывалі на льнозаводзе, малочным і кансервавым заводах. Падчас сустрэч у працоўных калектывах абмяркоўваліся пытанні сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў краіне, перспектывы далейшага развіцця прамысловых аб’ектаў і сацыяльнай інфраструктуры горада.
МАЛАРЫТА
Вярнуліся з перамогай
У абласной галіновай спартакіядзе, якая праходзіла на базе Пінскага сельскагаспадарчага ліцэя, удзельнічалі 14 каманд лясніцтваў Берасцейшчыны. Мацнейшай за іншых была спартыўная дружына з Маларыцкага лясгаса. Першае месца ў спаборніцтвах па валейболе і другое – у дартсе дазволіла маларытчанам стаць лепшымі ў агульнакамандным заліку. Каманда-пераможца прыме ўдзел у рэспубліканскіх спаборніцтвах, якія ў жніўні пройдуць у Брэсце.
ПІНСК
Новая лінія ў дзеянні
Новая лінія гранулявання пачала дзейнічаць на камбінаце хлебапрадуктаў. Абсталяванне гэтае прызначана для надання формы камбікармам для буйной рагатай жывёлы, рыбы, птушкі, свіней, якія рэалізуюцца не толькі ў вобласці, але і па ўсёй Беларусі. Прэс “Грантэк” украінскай вытворчасці  вырабляе ў гадзіну 16 тон прадукцыі, што ў тры разы больш, чым за такі ж час выдавала старая лінія. На прадпрыемстве заменена таксама лінія падачы кармоў.
ПІНСКІ РАЁН
Павіншавалі ветэрана
У мінулую нядзелю 85-годдзе адзначыў ганаровы грамадзянін Пінскага раёна, ветэран Вялікай Айчыннай вайны, старшыня раённай арганізацыі  Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Пётр Журкоў. У дзень нараджэння ветэрана ўшаноўвалі ў райвыканкаме. У адрас імянінніка прагучала нямала цёплых слоў і пажаданняў. Пётр Якімавіч узнагароджаны таксама Ганаровай граматай абласнога Савета дэпутатаў.
ПРУЖАНЫ
Смяротны нумар
Двухмесны самалёт авіяцыйнага атрада ТАА “Пружаны Авіяхімсэрвіс” разбіўся ў Ваўкавыскім раёне, дзе ён быў задзейнічаны ў пошуках зніклай жанчыны. Пілот, які знаходзіўся ў кабіне, загінуў. Падчас выканання віражу авіямашына згубіла вышыню і ўпала на гаражны кааператыў. Вядома, што пацярпелых з ліку мясцовага насельніцтва няма. Прычына аварыі высвятляецца.
СТОЛІН
“Мы за чыстую Беларусь”
Такую тэму ўзялі за аснову ўдзельнікі экалагічнага семінара на тэрыторыі гідравузла “Стахава”. Двухдзённае мерапрыемства, арганізаванае райкамам БРСМ разам з заказнікамі “Сярэдняя Прыпяць” і “Альманскія балоты”, сёння набліжаецца да свайго завяршэння. За час, праведзены на чыстым паветры, аматары прыроды асвоілі экалагічную сцежку “Карабейная”, наладзілі экскурсію па рацэ Прыпяць, паспаборнічалі ў тэматычных конкурсах.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля