Судовую пастанову можна абскардзіць
Прававы лікбез “НТ”
Скарга ці пратэст?
У выпадку нязгоды аднаго боку з рашэннем суда ён мае права ў 10-дзённы тэрмін з дня вынясення рашэння падаць касацыйную скаргу ці касацыйны пратэст. Яны, як правіла, адрасуюцца ў суд касацыйнай інстанцыі, але падаюцца ў суд, які вынес рашэнне.
Існуюць падставы для адмовы ў прыняцці касацыйных скаргі ці пратэсту. Напрыклад, калі прапушчаны ўстаноўленыя Грамадзянскім працэсуальным кодэксам тэрміны і адмоўлена ў аднаўленні тэрміну для касацыйнага абскарджвання; калі судовая пастанова не падлягае абскарджванню ці апратэставанню на падставе закона; калі асоба не мае права на абскарджванне або апратэставанне.
Змест касацыйных скаргі ці пратэсту павінен адпавядаць патрабаванням, якія прад’яўляюцца да працэсуальнага дакумента, а таксама ўтрымліваць: указанне на рашэнне, якое абскарджваецца ці апратэстоўваецца, і найменне суда, што вынес рашэнне; абгрунтаванне няправільнасці рашэння, а таксама просьбу асобы, якая падае скаргу ці пратэст; указанне аб абспрэчваемай суме па маёмасных справах; пералік пісьмовых матэрыялаў, якія прыкладаюцца да скаргі ці пратэсту. Касацыйная справа падпісваецца касатарам ці яго прадстаўніком, касацыйны пратэст – пракурорам.
Суд першай інстанцыі пасля прыняцця касацыйнага дакумента абавязаны не пазней наступнага дня накіраваць юрыдычна зацікаўленым у зыходзе справы асобам копіі скаргі ці пратэсту і пісьмовых матэрыялаў, якія дадаюцца да іх, а таксама паведаміць ім пра час і месца разгляду скаргі ці пратэсту, а па зыходзе тэрміну, устаноўленага для іх падачы, накіраваць справу ў суд касацыйнай інстанцыі і назначыць там яе разгляд у межах месячнага тэрміну з дня накіравання.
Да ўступлення рашэння ў законную сілу справа нікім не можа быць запатрабавана з суда. Юрыдычна зацікаўленыя ў яе зыходзе асобы маюць права знаёміцца ў судзе з матэрыяламі і паступіўшымі касацыйнымі скаргамі ці пратэстамі. Пракурор мае права знаёміцца з матэрыяламі справы і ў тым выпадку, калі ў ёй не ўдзельнічаў.
Юрыдычна зацікаўленыя ў зыходзе справы асобы маюць права выказаць пярэчанне на касацыйныя скаргу ці пратэст з далучэннем дакументаў, якія пацвярджаюць гэтае пярэчанне, суду першай інстанцыі ці непасрэдна ў касацыйны суд да пачатку ці ў працэсе разгляду справы. Прычым пярэчанні і прыкладзеныя да іх пісьмовыя матэрыялы павінны быць пададзены з копіямі па колькасці юрыдычна зацікаўленых у зыходзе справы асоб.
Суістцы, суадказнікі і трэція асобы, якія выступаюць у працэсе на баку касатара, ва ўстаноўлены кодэксам тэрмін для абскарджвання рашэння могуць падаваць суду заяву аб далучэнні да касацыйнай скаргі. Такая заява дзяржаўнай пошлінай не аплачваецца. Аднак, калі патрабаванні названых асоб не супадаюць з патрабаваннямі касатара, заява павінна афармляцца як асобная касацыйная скарга і аплачваецца дзяржаўнай пошлінай.
Пасля атрымання справы суддзя суда касацыйнай інстанцыі правярае захаванне парадку падачы касацыйных скаргі ці пратэсту і падрыхтаванасць справы да разгляду.
Наталля БУДНIК,
старшыня суда
Ляхавiцкага раёна
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.