Ці ёсць у вяскоўцаў альтэрнатыва калодзежам?

Ці ёсць у вяскоўцаў альтэрнатыва калодзежам?

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Будаўніцтва водаправода ў вёсцы Радастава Драгічынскага раёна прадыктавана намерам ператварыць населены пункт у аграгарадок. Маштабныя метамарфозы з гэтай нагоды літаральна ахапілі цэнтральную вуліцу вёскі яшчэ летась. Ды тое, што так жвава пачыналася, праз некаторы час з-за адсутнасці фінансавання перайшло ў рэжым “паўзы”. Вяскоўцы захваляваліся: няўжо мары пра доўгачаканы камфорт адкладваюцца?
Сёння ў цэнтры Радастава зноў шумна і шматлюдна. Аказваецца, каб аднавіць работы на гэтым аб’екце, драгічынскім камунальшчыкам давялося ўзяць крэдыт. Вось толькі чуткі пра тое, што вада трапіць не ў кожны дом, падаграюць і без таго павышаную заклапочанасць насельніцтва гэтым пытаннем.

Цяжка заставацца стрыманымі, калі штодня даводзіцца чэрпаць ваду вёдрамі з калодзежаў. Можа, і перажылі, калі б не дрэнная якасць жыватворнай вільгаці, утрыманне жалеза ў якой значна перавышае норму, а колер асадку пераліваецца адценнямі ад жоўтага да карычнева-бурага. Ужываць такі прадукт у ежу нават страшнавата, не гаворачы ўжо пра выкарыстанне яго на іншыя хатнія патрэбы, якіх у гаспадарцы нямала.
Жыхарка вуліцы Навашкольнай Вольга Астапук, як і многія яе аднавяскоўцы, вымушана “частавацца” з суседскага калодзежа, бо там усё ж вада лепшая. Жанчына паціскае плячыма – маўляў, не пашанцавала: дом будавалі ў 1993-м, а тады лепшыя ўчасткі зямлі людзі ўжо пазаймалі. Давялося асесці фактычна на балоце.
Гаспадыня з нецярпеннем чакае магчымасці падключыцца да выгод цывілізацыі і забыць пра дакучлівую бляшаную тару – ужо нават сантэхніку патрэбную набыла. Вось толькі ў сельвыканкаме засмуцілі: на бакавыя вуліцы водазабеспячэнне пакуль не запланавана.
Ёсць сярод вяскоўцаў і такія, хто смела ўносіць карэктывы ў планы і рэалізуе ўласныя ідэі наконт здабычы каштоўнай вадкасці. Больш сучаснай альтэрнатывай калодзежам з’яўляюцца свідравіны, але існуе верагоднасць, што помпа будзе засмечвацца бруднай вадой.
Людміла Нагубнева і яе блізкія таксама вырашылі рызыкнуць і ўсталяваць у сваім двары калонку – маўляў, не пашкодзіць. І накарміць, і напаіць, і ў чыстае апрануць усіх прадстаўнікоў вялікага сямейства – справа нялёгкая…
Між тым, у калодзежы змяшчаецца ад 2 да 5 кадак. Каб забяспечыць сябе неабходнай колькасцю вадкасці, даводзіцца эканоміць, напрыклад, на паліванні гарода. Але гэта, вядома ж, не выхад з сітуацыі, асабліва ў спякоту. Ці варта казаць: тут таксама з задавальненнем далучыліся б да дзяржаўнай крыніцы водазабеспячэння. Аднак…
Сапраўды, толькі палова вёскі адразу зможа задаволіць свае патрэбы з дапамогай вясковага водаправода. Гэта пацвердзілі і працаўнікі Драгічынскай ПМК-86, якія завіхаюцца на аб’екце, і старшыня Радастаўскага сельвыканкама Алена Капуза. Ваду атрымаюць жыхары цэнтральнай і самых густанаселеных вуліц. Але панікаваць не варта, запэўніваюць адказныя за аб’ект і працэс асобы, з цягам часу ўсе будуць з якаснай вадой.
– У бліжэйшую пяцігодку вадою будзе забяспечаны ўвесь населены пункт, – патлумачыла Алена Аляксандраўна. – Паводле праекта, разлічанага на гэты тэрмін, 50 працэнтаў насельніцтва вёскі атрымаюць ваду адразу ж, астатнія – крыху пазней.
І яшчэ. У сельвыканкаме паведамілі: Радастава трапіла ў рэспубліканскую праграму па меліярацыі, паступовае ажыццяўленне якой дапаможа вырашыць праблему падтаплення вёскі. Дажджлівае надвор’е прыносіць жыхарам шмат клопатаў. Але ж у выніку асушэння можа знікнуць вада з калодзежаў. Як тады быць? Надзея толькі на водаправод.
Пакуль жа радастаўчане жывуць надзеяй, што неўзабаве ў іх дамах заструменіць празрыстая якасная вадзіца. І парадуе кожнага…
Тамара ВАСІЛЬКОВА, “НТ”,
Драгічынскі раён.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Яўген Казімірчык кіруецца правілам: дробязных пытанняў не існуе

Следующая запись

Беларускі каларыт і моц брэсцкіх асілкаў адзначаны на рэспубліканскім фестывалі “Алімпія-2011”