Папесцім сябе крэветкамі…
САЛАТА “РУЖОВЫ БЛЮЗ” ад Ірыны БЛАХІНОЙ, загадчыцы аддзела навін і праваднога вяшчання “Радыё Брэст”:
– Як і ў любой актыўнай жанчыны, часу пасля работы і дамашніх клопатаў на гатаванне застаецца вельмі мала. Гастранамічныя перавагі ў маёй сям’і разыходзяцца, таму даводзіцца дагаджаць і мужу, і дачушцы. Перавагу аддаю салатам. Эксперыментую і сытныя – з мясам ці рыбай, і лёгкія – “летні варыянт”. З улікам росту цэн многія гаспадыні шукаюць больш эканомныя рэцэпты, але час ад часу хочацца папесціць сябе. Для гэтага рэкамендую чытачам “НТ” прыгатаваць салату “Ружовы блюз”.
Нам спатрэбяцца: 2 упакоўкі салаты, 3 вялікія памідоры, 800 г замарожаных нячышчаных крэветак, 100 г смятаны, 100 г маянэзу (лепш узяць высокакаларыйныя “Махеев” ці “Чумак”), 3 зубкі часнаку і 2 сталовыя лыжкі кетчупу.
Салат мыем і рвём на часткі. Выкладваем на плазаватую вялікую талерку. Памідоры наразаем кубікамі і кладзём зверху так, каб па краях выступала салата. На адну хвіліну ў кіпень апускаем крэветкі. Дастаём і чысцім. Рэкамендую браць менавіта неачышчаныя крэветкі, бо так будзе смачней. Выкладваем на сярэдзіну талеркі так, каб выступаў слой памідораў.
Робім соус: змешваем смятану і маянэз у роўных прапорцыях, прапускаем праз часночніцу часнок і дадаём у атрыманую сумесь. Для таго, каб надаць соусу ружовы колер, неабходна разбавіць яго кетчупам. Запраўляем салату соусам. Найбольш падыходзіць для гэтага кулінарны шпрыц. Крэветкі паліваем густа, а вось памідоры ўпрыгожваем хаатычна – як падкажа ваша фантазія.
Паспрабуйце і атрымаеце асалоду не толькі ад смаку далікатэсу, але і ад знешняга выгляду
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.