Беларусь

Берасцейшчына: ад суботы да суботы


БРЭСТ
Запрашаем на кірмаш!
Сёння на вуліцы Гогаля абласнога цэнтра праводзіцца кірмаш па продажы мяса-малочнай прадукцыі, харчовых і прамысловых тавараў. Тут можна набыць малочныя прадукты, каўбасныя вырабы, мясныя далікатэсы і паўфабрыкаты, рыбу, мёд, хлебабулачныя і кандытарскія вырабы, гародніну. Кірмаш працуе з 9 да 17 гадзін.

БРЭСЦКІ РАЁН
Выбар камуністаў
Напачатку тыдня адбыўся справаздачна-выбарны сход раённай арганізацыі Камуністычнай партыі Беларусі. Камуністы абмеркавалі вынікі сваёй работы, акрэслілі задачы на перспектыву. Першым сакратаром РК КПБ абрана спецыяліст па арганізацыі ідэалагічнай работы ДУСП “Племзавод “Мухавец”  Святлана Аляшчэня.

БАРАНАВІЧЫ
Ліхтар – у “Паралелі”
Спектакль “Дэмбельскі цягнік” тэатра-студыі “Паралель” быў прызнаны лепшым на Міжнародным дзіцяча-юнацкім тэатральным фестывалі аматарскіх калектываў “ЛіхтArt”, які праходзіў ва ўкраінскім горадзе Роўна. З фэсту трупа прывезла галоўны прыз – залаты ліхтар і дыпломы.

БАРАНАВІЦКІ РАЁН
5 мільёнаў за… інфармацыю
Баранавіцкі РАУС устанавіў узнагароду ў памеры 5 мільёнаў рублёў за інфармацыю аб забойцу. Нагадаем, што ў вёсцы Узногі ў сваім доме была забіта 40-гадовая жанчына, яе дачцэ пашчасціла застацца ў жывых пасля нападзення. На працягу чатырох месяцаў злодзей так і не знойдзены.

БЯРОЗА
Дзеці ў аўто і на дарозе
У рамках рэспубліканскай акцыі “Дзіця – галоўны пасажыр” на аўтадарозе Стаўбцы-Івацэвічы-Кобрын адбылося мерапрыемства з удзелам супрацоўнікаў дарожна-патрульнай службы і юных інспектараў руху СШ №2 райцэнтра. З вадзіцелямі, якія перавозілі дзяцей без аўтакрэслаў, праведзена гутарка, а школьнікі правялі спецыяльнае анкеціраванне.

ГАНЦАВІЧЫ
Іх кветка – чырвоны гваздзік
7 лістапада народны хор ветэранаў гарадскога Дома культуры адзначыў сваё 25-годдзе. З гэтай нагоды старшыня райвыканкама Уладзімір Столяр уручыў граматы кіраўніку хору Лідзіі Карняйчук і актывісту Аляксандру Свірыду, які ў гэты дзень святкаваў 65-годдзе, падзячныя пісьмы атрымалі Віктар Грышман і Галіна Сільмановіч. Урачыстым акордам хору-імянінніка прагучала песня “Чырвоны гваздзік”. Дарэчы, менавіта з гэтай дарагой сэрцу кветкай вярталіся дамоў ветэраны хору…

ДРАГІЧЫН
Ушанавалі ветэранаў міліцыі
У чацвер у раённым аддзеле ўнутраных спраў ушаноўвалі ветэранаў органаў унутраных спраў. Пачалося  мерапрыемства з наведвання музея РАУС. Пасля віноўнікі ўрачыстасці ўсклалі кветкі да помніка Дзмітрыя Удовікава. Ветэраны пабывалі таксама на экскурсіі ў музеях партызанскай славы  імя Удовікава і воінаў-афганцаў, наведалі Хомскі СДК і мясцовы пункт грамадскага правапарадку, музей “Бездзежскі фартушок”.

ЖАБІНКА
Пачалі працоўную біяграфію
75  маладых спецыялістаў самых розных галін вытворчасці, якія прыбылі сёлета ў раён на работу, у сераду сустрэліся ў райвыканкаме з кіраўніцтвам мясцовай улады. Яны азнаёміліся з эканамічным, сацыяльным і культурным развіццём раёна, пачулі шмат цёплых слоў і пажаданняў у сувязі з пачаткам працоўнай біяграфіі.

ІВАНАВА
Два ў адным
На гэтым тыдні праблема сытнага, гарачага ды яшчэ і таннага абеду ў тых, хто працуе ў цэнтры горада, а таксама ў яго гасцей, адпала. Райспажыўтаварыства ў дзённы час перепрафілявала кафэ “Галактыка” ў рабочую сталовую. Танныя комплексныя абеды падаюць з 12 да 17 гадзін. На ўсю прадукцыю ў гэты час прымяняюцца мінімальныя нацэнкі грамадскага харчавання.

ІВАЦЭВІЧЫ
“Пратэсціравалі” лёд
Лядовая арэна ў райцэнтры афіцыйна адкрыта для масавага катання. У мінулыя выхадныя і святочны панядзелак 7 лістапада тут “пратэсціравалі” лёд дарослыя і дзеці. Новы спартыўны аб’ект дапаможа пашырыць магчымасці цікавага і змястоўнага баўлення часу і маладых, і старэйшых.

КАМЯНЕЦ
На падыходзе – АЗС
Ля райцэнтра на перасячэнні дарог Р-102 і Р-83  заканчваецца будаўніцтва аўтазаправачнай станцыі, увод якой запланаваны на канец лістапада. Заказчыкам АЗС з’яўляецца  РУП “Беларуснафта-Брэстаблнафтапрадукт”. Зараз тут  працуюць каля 70-ці рабочых і 15 адзінак тэхнікі субпадрадных арганізацый. Побач з узведзенымі павецямі будучай аўтазапраўкі, будынкам базы і міні-кафэ будуецца пажарны рэзервуар для ўстаноўкі дзвюх ёмістасцей з вадой, вядзецца добраўпарадкаванне тэрыторыі.

КОБРЫН
Самы лепшы сыр
У Мінску падведзены вынікі рэспубліканскага прафесіянальнага конкурсу якасці сыроў. Увазе журы былі прапанаваны 86 гатункаў з розных прадпрыемстваў краіны. Сярод чатырох шчасліўцаў, што атрымалі дыпломы першай ступені, – калектыў Кобрынскага масласырзавода.

ЛУНІНЕЦ
На адзін пункт больш
Новы пункт паштовай сувязі адкрыўся ў будынку “Белтэлекама” па адрасе вул. Чырвоная, 133. Тут ажыццяўляюцца ўсе віды паштовых паслуг, можна набыць тэлефонныя карткі і іншыя спажывецкія тавары. У хуткім часе сюды будзе перанесена электронная база дадзеных пенсіянераў, якія пражываюць у гэтым мікрараёне.

ЛЯХАВІЧЫ
З карабля – ды на баль…
Нядаўна 24-гадовая Ірына Амялянава, трэнер мясцовай ДЮСШ па самба і дзюдо, стала сярэбраным прызёрам на чарговым этапе Кубка свету па самба ў Маскве. Ды нядоўга спартсменка спачывала на лаўрах. Напрыканцы гэтага тыдня ў Вільнюсе распачаўся чэмпіянат свету, на якім Ірына выступае ў асноўным складзе нацыянальнай зборнай Беларусі па самба і дзюдо. Будзем спадзявацца, што ўдача ізноў не адвернецца ад мэтанакіраванай ляхавіччанкі.

МАЛАРЫТА
Стартавалі!
Учора на базе сярэдніх гарадскіх школ і гімназіі стартавалі раённыя алімпіяды сярод вучняў 9-11 класаў. У іспытах па абслугоўваючай і тэхнічнай працы ўдзельнічалі адпаведна 13 і 32 вучні, па нямецкай мове – 26. А сёння свае веды дэманструюць матэматыкі і краязнаўцы. У алімпіядзе па матэматыцы ўдзельнічаюць 85 старшакласнікаў, па краязнаўстве – 24.

ПІНСК
Камісія дала “дабро”
Экспартная камісія вытворча-гандлёвага прадпрыемства “Белмастпромыслы” разгледзела больш за 30 новых распрацовак фабрыкі мастацкіх вырабаў “Крыніца Палесся”. Ручнікі, хусткі, камплекты для чайнай і кававай цырымоній, іншая сувенірная і падарункавая прадукцыя пінскага прадпрыемства атрымала станоўчую адзнаку. Фабрыка ўжо выконвае заказы па новых відах вырабаў.

ПІНСКІ РАЁН
І падарункі, і пачастункі
Сёння ў вёсцы Ласіцк праходзіць раённае свята, на якім ушаноўваюць працаўнікоў сельскай гаспадаркі. Тых, хто вызначыўся сёлета на жніве і нарыхтоўцы кармоў, павіншуе не толькі кіраўніцтва раёна, але і госці-пабрацімы з Украіны і Польшчы. Да падарункаў і пачастункаў далучацца самадзейныя артысты, якія падрыхтавалі для вяскоўцаў вялікі канцэрт.

ПРУЖАНЫ
Замест поля – на стадыён
Не толькі на палетках і фермах адчуваюць сябе ўпэўнена працаўнікі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна, але і на спартыўных пляцоўках. Сведчанне таму – папулярныя спаборніцтвы сярод калектываў аграпрамысловага комплексу Пружаншчыны. Восеньскія старты на гэты раз прынеслі перамогу камандзе ААТ “Мурава”. Другое месца занялі спартсмены-аматары адкрытага акцыянернага таварыства “Жураўлінае”, трэцяе – ААТ “Ліноўскае”.

СТОЛІН
“Знакавыя” злачынствы
21 дарожны знак і 18 металічных стоек выкрадзены невядомымі на ўчастку дарогі Вялікае Малешава – Рамель. Прадуктыўна “папрацавалі” злачынцы і ў напрамку Давыд-Гарадок – Хомск: на гэтым участку страты роўныя 2 знакам і 9 стойкам. Па абодвух выпадках следчым аддзелам РАУС узбуджана крымінальная справа.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля