На плошчы Цырыманіялаў пахаваны астанкі 58 абаронцаў Брэсцкай крэпасці
9 лістапада на плошчы Цырыманіялаў пахаваны астанкі 58 абаронцаў Брэсцкай крэпасці
Два тыдні, з 11 па 26 кастрычніка, на тэрыторыі крэпасці, у раёне Свята-Мікалаеўскага храма і новага будынка нядзельнай школы, байцы 52-га асобнага спецыялізаванага батальёна (упраўленне па ўвекавечванні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь) вялі раскопкі.
У выніку работ былі знойдзены астанкі 58 ваеннаслужачых РККА, якія загінулі ў чэрвені-ліпені 1941 года. На сённяшні дзень удалося ўстанавіць імёны толькі трох з іх. Родных абаронцаў крэпасці запрасілі на ўрачыстую цырымонію перазахавання.
Тут і адбылася першая сустрэча Валерыя Гітэльмана са сваім дзедам Рыгорам Сямёнавічам Зінчанкам. 19-гадовы Рыгор з сяла Вялікае Беларэчанскага раёна Краснадарскага краю быў прызваны ў Чырвоную Армію восенню 1940 года. Служыў у Брэсце, на тэрыторыі крэпасці. І вось толькі цяпер стала вядома: Рыгор Сямёнавіч загінуў у першыя дні вайны, а да гэтага ён лічыўся прапаўшым без вестак. На памяць аб ім у жонкі застаўся толькі фотаздымак мужа ў ваеннай форме, які ён прыслаў дадому за некалькі дзён да пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Так і не даведаўся салдат, што стаў бацькам, што ў яго нарадзілася дачка, якая так ні разу і не ўбачылася з ім. За сваю маці гэта здолеў зрабіць унук героя Валерый (на здымку – з партрэтам дзеда), які прыехаў у Брэст ужо са сваім унукам.
– Я ўпершыню ў вашым горадзе, – расказвае Валерый Алегавіч, – вельмі ўражаны Брэстам і крэпасцю, удзячны брастаўчанам, што яны так беражліва захоўваюць памяць абаронцаў Айчыны, нашых продкаў.
Кажуць, вайна не закончана да таго часу, пакуль не пахаваны яе апошні салдат. Можна, напэўна, дадаць: і пакуль не ўстаноўлена імя кожнага невядомага ўдзельніка мінулай вайны. Яшчэ адзін крок на гэтым шляху зроблены. Але не апошні.
Віктар СЛАВІН, “НТ”.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.