Беларусь

“Жыроўка” з сюрпрызам


Пад крыло Маларыцкай ЖКГ жыллёва-будаўнічы кааператыў №1 (першы ў райцэнтры) перайшоў летам 2010 года. На жаль, пасля гэтага ў жыхароў дома праблем чамусьці прыбавілася
Пачну з таго, што ў адзін цудоўны вясновы дзень са столі ў туалеце прама на галаву мне стала капаць вада. Я, вядома ж, пазваніла ў ЖКГ, бо за тэхнічнае абслугоўванне дома спраўна плаціла ўжо цэлы год. “Аварыйка” прыехала хутка. Работнікі агледзелі месца, адкуль цякла вада, а пасля – толькі іх і бачылі! Не буду расказваць пра ўсе свае нягоды: непаладкі ў трубе на стыку панэлей работнікі ЖКГ ліквідавалі недзе праз месяц. Праўда, толькі пасля ўмяшання кіраўніка абласной камунальнай службы Сяргея Лабанава, да якога мне прыйшлося звярнуцца па дапамогу. Але навошта тады мясцовы начальнік, скажуць чытачы, калі ён нічога не вырашае?..
А цяпер – пра работу бухгалтэрыі па налічэнні аплаты за камунальныя паслугі. Спачатку “жыроўкі”, у якіх было распісана, за што і колькі мы павінны заплаціць, прыходзілі рэгулярна ў пачатку другой паловы месяца. А ў сёлетнім жніўні рахунку-квітанцыі ў гэты час я не знайшла ў паштовай скрынцы. Бліжэй да 25-га, апошняга дня разліку за камунальныя паслугі, пачала настойліва тэлефанаваць у бухгалтэрыю ЖКГ, каб высветліць, чаму няма “жыроўкі”. Але ўсе мае намаганні былі дарэмнымі: ні ў 8 гадзін раніцы, ні перад абедам, ні пасля яго там ніхто не браў трубку.
Так працягвалася некалькі дзён, пакуль знаёмая жанчына не патлумачыла: цяпер, маўляў, “жыровак” атрымліваць увогуле не будзем – каб разлічыцца з ЖКГ, неабходна ісці ў ашчадную касу, дзе ёсць адпаведная база дадзеных. Што я і зрабіла ў наступным месяцы, а за пратэрміноўку аплаты заплаціла пеню. І няхай сума гэта невялікая, але чаму я павінна плаціць яе, калі пратэрміноўка дапушчана не па маёй віне? Няўжо нельга было загадзя папярэдзіць гараджан аб адмене “жыровак” праз раённую газету, напрыклад, ці вывесіць аб’явы ў дамах?
Але гэта былі толькі кветачкі. Ягадкі чакалі наперадзе. У кастрычніку, атрымаўшы аванс, я адразу накіравалася ў ашчадную касу, каб разлічыцца за “камуналку” за верасень. Жанчына-касір адкрыла базу дадзеных і “парадавала” мяне, паведаміўшы, што за верасень мне плаціць ўсяго 9 тысяч з капейкамі.
– Не можа такога быць, – тут жа засумнявалася я. – Трэба плаціць тысяч 40, калі не больш: адлічэнне толькі на капітальны рамонт дома штомесяц складае больш за 20 тысяч, ды яшчэ прыкладна столькі ж за тэхабслугоўванне і пару тысяч за вываз смецця.
На жаль, касір нічога не магла мне больш патлумачыць. Я заплаціла названую суму (за газ, ваду, электраэнергію – асобна) і накіравалася дахаты, дзе мяне чакаў сюрпрыз: у паштовай скрынцы ляжала “жыроўка” за верасень. Сума, указаная ў ёй, складала крыху больш за 45 тысяч, як я і меркавала.
На наступны дзень пасля работы зноў накіравалася ў ашчадную касу, каб разлічыцца па “жыроўцы”. Якім жа было маё здзіўленне, калі касір адкрыла базу дадзеных і паведаміла, што ў рахунак уключана толькі кватэрная плата за жнівень. “Якая плата? – абурылася я. – За жнівень у мяне ўсё аплачана”. (Як пазней высветліла ў планава-эканамічным аддзеле абласнога ўпраўлення ЖКГ, тэрміна “кватэрная плата” як такога не існуе – ёсць тэхнічнае абслугоўванне. Дык, можа, і маларыцкім камунальнікам варта пазбавіцца ад яго, каб не блытаць людзей?). Тут жа пачалі збірацца людзі, якія стаялі ў чарзе, і наперабой гаварыць пра тое, што панапісвалі ім у “жыроўках”. Касір толькі рукамі развяла…
На працягу наступнага дня я некалькі разоў тэлефанавала ў бухгалтэрыю, каб высветліць усе пытанні, але на тым канцы трубку так ніхто і не зняў. Тады, адпрасіўшыся з работы (працую ў Брэсце), вырашыла сама наведацца ў бухгалтэрыю. 25 кастрычніка а палове 9-ай раніцы прыйшла ў будынак старой гасцініцы, дзе знаходзіцца кабінет бухгалтара па налічэнні камунальных плацяжоў. Дзверы былі зачынены. А на аркушы паперы, прышпіленым да іх, было напісана: “З 25 кастрычніка на бальнічным”. У гэты час да мяне падышла пажылая жанчына і сказала, што ўжо некалькі дзён сюды прыходзіць – а тут усё зачынена.
– А я два тыдні спрабую высветліць, чаму мне ў “жыроўку” ўключаюць налічэнні за ваду, – уступіў у размову пенсіянер, які стаяў крыху далей. – У мяне дома ўстаноўлены лічыльнік, па якім я аплачваю яе расходы. А тут нікога не застаць…
Я ж вырашыла вывучыць распарадак рабочага дня бухгалтара. І, шчыра кажучы, пазайздросціла спецыялісту, які працуе на гэтай пасадзе. Мяркуйце самі: нядзеля і панядзелак – выхадны; у аўторак бухгалтар працуе з 8.00 да 18.00; у сераду – з 8.00 да 13.00, непрыёмны час – з 14.00 да 17.00; у чацвер – з 8.00 да 20.00, абедзенны перапынак – з 13.00 да 14.00; пятніца – непрыёмны дзень; субота – з 8.00 да 12.00.
І гэта ў той час, калі ў людзей столькі пытанняў! Больш таго, зараз пастаянна мяняюцца расцэнкі на паслугі, а ў ЖКГ на горад усяго адзін бухгалтар па налічэнні камунальных плацяжоў. А калі ён будзе на бальнічным месяц ці больш, хто тады выканае работу? Ці нам зноў давядзецца плаціць пеню за пратэрміноўку аплаты камунальных паслуг не па сваёй віне?
P. S. На жаль, да начальніка Маларыцкай жыллёва-камунальнай гаспадаркі дазваніцца з некалькіх спроб я таксама не змагла: то ён на нарадзе, то ў ад’ездзе, то ніхто трубку не бярэ. Дык няўжо кожны раз трэба звяртацца да кіраўніка абласной камунальнай службы, як ужо прыйшлося аднойчы зрабіць?
Надзея ЯЦУРА, “НТ”,
г. Маларыта.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля