БЕРАСЦЕЙШЧЫНА: ад суботы да суботы. Самыя апошнія навіны рэгіёна.
БРЭСТ
Прэмія ад урада Малдовы
Дзіцячая хакейная каманда “Брэст-98” заняла другое месца на міжнародным турніры па хакеі на Кубак прэм’ер-міністра Малдовы, які завяршыўся ў нядзелю ў Кішынёве. У фінале нашы юныя землякі прайгралі камандзе гаспадароў – клубу “Дынама” (Кішынёў), якім і дастаўся галоўны прыз спаборніцтваў. Тым не менш брастаўчане ў ліку трох прызёраў турніру атрымалі грашовую прэмію ад кіраўніка малдоўскага ўрада.
БРЭСЦКІ РАЁН
Сям’я: мой радавод
Пад такім дэвізам на базе турыстычнага аздараўленчага комплексу “Белае возера” прайшоў 18-19 мая пяты абласны фестываль-злёт маладых сем’яў “Вера. Надзея. Любоў”. 11 сямейных каманд з розных рэгіёнаў Берасцейшчыны прыехалі ў Прыбужжа, каб пазмагацца за перамогу. Лепшай стала сям’я педагогаў Вольгі і Ігара Саюкоў з Івацэвіч.
БАРАНАВІЧЫ
Паралельны свет
У Палацы дзіцячай творчасці прайшоў першы адкрыты тэатральны фестываль-семінар дзіцяча-юнацкіх і маладзёжных тэатраў “Паралельныя светы”. На працягу пяці дзён юнакі і дзяўчаты з Беларусі, Расіі, Украіны дэманстравалі сваё акцёрскае майстэрства. Гран-пры атрымаў народны тэатр-студыя “Новая сцэна” з расійскага горада Пераслаўль-Залескі.
БАРАНАВІЦКІ РАЁН
Імітацыя бою
З панядзелка войскі Заходняга аператыўна-тактычнага камандавання ваенна-паветраных сіл і войскаў проціпаветранай абароны задзейнічаны ў камандна-штабных вучэннях Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Ва ўмовах імітацыі паветранай атакі праціўніка праводзяцца манеўры падраздзяленняў воінскіх часцей, а таксама дэманструецца арганізацыя ўпраўлення перасоўных камандных пунктаў і работа ракетных разлікаў.
БЯРОЗА
Завадскія гаспадыні
Адна з лепшых у вобласці прафсаюзных арганізацый ЗАТ СП “Белкельме” правяла конкурс сярод сваіх работніц “Лепшая гаспадыня”. Першае месца заняла каманда 14-га ўчастка зборкі нарыхтовак абутку, якая здзівіла журы сельскай сядзібай з выпечкі. Пераможцы атрымалі грашовыя прэміі.
ГАНЦАВІЧЫ
Аб надзённым – адкрыта
У рамках адзінага дня інфармавання насельніцтва намеснік Прэм’ер-міністра Анатоль Калінін выступіў перад працаўнікамі лясгаса, закрануўшы ў сваім выступленні злабадзённыя пытанні – у прыватнасці, адносна валюты, ажыятажнага попыту на соль, цукар. Людзі зразумелі урэгулюецца, галоўнае – сумленна працаваць. Канструктыўнай была і сустрэча памочніка Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – галоўнага інспектара па Брэсцкай вобласці Уладзіміра Пузырэўскага з калектывам цэнтральнай райбальніцы.
ДРАГІЧЫН
“Зарніца-2011”
19 мая на базе гарадской СШ №1 прайшла раённая ваенна-патрыятычная гульня “Зарніца-2011”. За званне мацнейшай змагаліся 9 каманд сярэдніх агульнаадукацыйных школ. Па выніках конкурсаў баявых лісткоў, мастацкай самадзейнасці, медыцынскага і спартыўных спаборніцтваў першае месца заваявалі гаспадары – каманда агульнаадукацыйнай СШ №1 г. Драгічына.
ЖАБІНКА
Музей на сядзібе Касцюшкаў
У чацвер у Малых Сяхновічах, дзе жыў род Касцюшкаў, урачыста адкрыты гісторыка-краязнаўчы музей. Удзельнікі мерапрыемства азнаёміліся з экспанатамі, дакументамі і фотаздымкамі, якія распавядаюць пра мінулае і сучаснае гэтага краю.
ІВАНАВА
Здароўем даражыць…
Менавіта гэтаму вучыліся ўдзельнікі выязнога пасяджэння савета стараст Іванаўшчыны на чале са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Святланай Маісейчык. Мерапрыемства прайшло на базе Сачыўкаўскага сельсавета і было прысвечана фарміраванню здаровага ладу жыцця ў насельніцтва. Вопыт работы вывучалі на мясцовым ФАПе, у сярэдняй школе-дзіцячым садзе і сельгаскааператыве “Бакунова”. Шмат уражанняў засталося пасля экскурсіі ў музей народнай медыцыны, які створаны энтузіястамі вёскі Стрэльна.
ІВАЦЭВІЧЫ
Старт юных агняборцаў
Раённы чэмпіянат па пажарным спорце сярод школьных клубаў юных выратавальнікаў-пажарных прайшоў у райцэнтры. Агульнакамандную перамогу святкавалі юныя выратавальнікі-пажарныя Гортальскай САШ. Другое і трэцяе месцы адпаведна занялі каманды Аброўскавулькаўскай і Дабрамысленскай школ.
КАМЯНЕЦ
“Любава” запрашае
Пазаўчора ў райцэнтры адбылося ўрачыстае адкрыццё ўніверсама “Любава”, у якім праводзілася рэканструкцыя. Пасля выкананых работ гандлёвая плошча магазіна павялічылася ў два разы і набыла сучасны інтэр’ер. Тут устаноўлена новае халадзільнае і гандлёвае абсталяванне, укаранёна сістэма аўтаматызацыі і поўнага самаабслугоўвання.
КОБРЫН
Стартавала “зялёнае жніво”
17 мая ў Кобрынскім раёне адбыўся абласны семінар па нарыхтоўцы травяных кармоў і пераводу жывёлы на летняе пашавае ўтрыманне. Яго ўдзельнікі наведалі СВК “Стрыгава” і ААТ “Агра-Кобрынскае”, дзе азнаёміліся з новымі тэхналогіямі ў кормавытворчасці і жывёлагадоўлі. У рабоце семінара прыняў удзел старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар.
ЛУНІНЕЦ
Па вуліцы з аркестрам
Марш-парадам духавых аркестраў па вуліцы Савецкай у райцэнтры сёння пачалося ХХ абласное свята-конкурс духавой музыкі “Фанфары-2011”. Удзельнічаюць у ім прадстаўнікі 7 раёнаў і трох гарадоў Берасцейшчыны. У конкурснай праграме выступяць 15 дарослых і дзіцячых духавых аркестраў. Акрамя экзамену перад журы, калектывы парадуюць працаўнікоў вёсак. Завершыцца свята-конкурс заўтра ўшанаваннем лепшых духавых аркестраў і гала-канцэртам.
ЛЯХАВІЧЫ
Лепшы стажор – у лепшага кіраўніка
У гэтыя лагодныя майскія дні 10 педагогаў першага года працы абаранялі стажорскую практыку. Яны паказалі сябе не толькі на прэзентацыі, адкрытых уроках, але і ў конкурсе “Свет маіх захапленняў”. У выніку ўсім маладым педагогам залічана стажорская практыка. А пераможцай стала настаўніца англійскай мовы гарадской СШ №2 Наталля Лапіч, стажорскай практыкай якой кіравала Алена Сокал – дарэчы, гэты вопытны педагог названы лепшым кіраўніком практыкі.
МАЛАРЫТА
Вучымся зберагаць энергію
Абласны семінар па тэме “Энергазберажэнне ў сучасных умовах” прайшоў у сераду на базе раёна. Падчас практычнай часткі ўдзельнікі мерапрыемства пазнаёміліся з работай камбіната кааператыўнай прамысловасці райспажыўтаварыства, наведалі станцыю абезжалезвання вады, кацельню на мясцовых відах паліва раённай ЖКГ, кансерваваагароднінасушыльны камбінат і ўніверсальны спартыўны комплекс. Вынікі семінара падведзены на пленарным пасяджэнні, якое правёў намеснік старшыні аблвыканкама Мікалай Крывецкі.
ПІНСК
Атэль на… вадзе
Швартовыя і хадавыя выпрабаванні атэля на буксіры паспяхова правялі работнікі Пінскага суднабудаўнічага-суднарамонтнага завода. Такое рачное судна завод вырабіў упершыню ў рэспубліцы па праекце ААТ “Белсудапраект” і заказе адкрытага акцыянернага таварыства “Тураўшчына”. Праект рэалізаваны ў рамках Дзяржаўнай праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця і комплекснага выкарыстання прыродных рэсурсаў Прыпяцкага Палесся. Гасцініца на вадзе адбуксіравана цеплаходам па Прыпяці да месца свайго назначэння – у Тураў.
ПІНСКІ РАЁН
Сямейны дзень
На базе тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва прайшло раённае свята, прысвечанае Дню сям’і. Конкурсная праграма “Ты + Я + нашы дзеці – лепшая сям’я на свеце” з творчымі і спартыўнымі спаборніцтвамі выявіла пераможцаў: Аляксандр і Лілія Майсеянчыкі з сынамі Дзімай і Кірылам з вёскі Лапаціна сталі лепшымі. Галоўны прыз, зацверджаны раённай арганізацыяй Беларускага фонду міру, уручыла ім кіраўнік суполкі Ірына Завадская.
ПРУЖАНЫ
Выдатная адзнака ветэранам
Па ініцыятыве савета ветэранаў педагагічнай работы ў цэнтры творчасці дзяцей і юнацтва прайшла выстава творчых здабыткаў былых работнікаў школ і дзіцячых садкоў Пружаншчыны. Вязаныя ўпрыгожванні, прадметы быту, адзенне і нават выгадаваны на падаконніку куст памідораў склалі незвычайную экспазіцыю “Свет творчасці ветэранаў”. Крэатыўнасць мастацкіх здольнасцей педагогаў-ветэранаў на “выдатна” ацанілі іх былыя калегі і сённяшнія школьнікі.
СТОЛІН
Спартыўны энтузіязм
Сёння ў гарадскім парку райцэнтра праходзіць “Кірмаш здароўя”. Цэнтральнае месца ў яго праграме займаюць фізкультурна-спартыўныя мерапрыемствы: спартакіяда школьнікаў па лёгкай атлетыцы, спаборніцтва па спартыўных гарадках, веласіпедная эстафета каманд працоўных калектываў. Пройдуць таксама конкурс “Тата, мама, я – спартыўная сям’я” і выставы, прысвечаныя здароваму ладу жыцця.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.