Берасцейшчына: аварыя “пад градусам” і іншае

Берасцейшчына: аварыя “пад градусам” і іншае

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

БРЭСТ
Аварыя “пад градусам”
У панядзелак многія жыхары абласнога цэнтра, якія карыстаюцца грамадскім транспартам, спазніліся на работу: рух тралейбусаў зранку быў паралізаваны амаль на дзве гадзіны з-за аварыі на перакрыжаванні вуліц Камсамольскай і Пушкінскай. Тут сутыкнуўся з грузавіком легкавы аўтамабіль “Фольксваген-Пасат”, якім кіраваў п’яны (1,6 праміле алкаголю ў крыві ўжо ў ранішні час!) 19-гадовы жыхар Маларыцкага раёна. Знаходзячыся ў нецвярозым стане, вадзіцель “не заўважыў”, што на святлафоры быў чырвоны сігнал.
БРЭСЦКІ РАЁН
Таямніцы Прыбужскага Палесся
У мінулую суботу ў раённым Доме культуры ў Чэрнях прайшоў фінальны этап трэцяга рэгіянальнага эколага-турыстычнага  фестывалю “Таямніцы Прыбужскага Палесся”, у якім удзельнічалі 14 каманд са школ Брэста і раёна. У намінацыі “Фотарэпартаж” усе прызавыя месцы дасталіся прыбужцам – камандам Скокаўскай, Чэрнінскай і Меднаўскай сярэдніх школ. У намінацыі “Сацыяльная рэклама” роўных не было камандзе Дамачаўскай СШ.
БАРАНАВІЧЫ
20 тысяч за пакет
Мінчанін Сяргей Мядзведзеў адсудзіў 20 тысяч рублёў у мясцовага магазіна “Дружба”. Справа ў тым, што прадавец адмовілася даваць яму бясплатны пакет, калі мужчына купіў тут каўбасу, і прапанавала купіць яго за 20 рублёў. Спачатку ён устанавіў кампенсацыю ў памеры 40 тысяч рублёў, аднак суд абавязаў магазін выплаціць 20 тысяч рублёў.
БАРАНАВІЦКІ РАЁН
Засыпала…
Пры разгрузцы вагона на аб’язных пуцях дарожна-будаўнічага ўпраўлення каля вёскі Лесіна загінулі двое рабочых. Па папярэдняй версіі з вагона раптоўна высыпаліся калійныя ўдабрэнні, якія і засыпалі рабочых. Па факце праводзіцца праверка.

БЯРОЗА
Пасвяцілі ў прафесію
У цэнтральнай раённай бальніцы прайшло пасвячэнне ў прафесію маладых спецыялістаў. Сёлета на работу прыйшлі 22 чалавекі. Ва ўрачыстай абстаноўцы малады медперсанал уліўся ў рады дружнага калектыву бальніцы. Для навічкоў было падрыхтавана сапраўднае святочнае шоу з конкурсамі, а пасля наказ маладым дала галоўны ўрач Нэлі Малейціна.

ГАНЦАВІЧЫ
Умее сябраваць і ўмее пісаць
У сталіцы падведзены вынікі інфармацыйнага праекта “Юныя журналісты Беларусі і Расіі пра Саюзную дзяржа-
ву-2011”. У адной з трох намінацый, а менавіта – “Як сябруем мы”, за пісьмо сябру дыплом 1-й ступені прысуджаны вучню 11 “Б” класа гімназіі г. Ганцавічы Раману Рылка.

ДРАГІЧЫН
У Масткі прыехаў агітпоезд
У чацвер у Доме сацыяльных паслуг вёскі Масткі Імянінскага сельсавета было надзвычай шматлюдна. На сустрэчу з прадстаўнікамі службаў раёна прыйшлі і стары, і малы. На пытанні жыхароў  вёскі адказалі работнікі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва, РАУС, іншых аддзелаў райвыканкама.

ЖАБІНКА
І па шахматах, і па шашках
У мінулыя выхадныя ў фізкультурна-аздараўленчым комплексе “Бадзёрасць” прайшло асабіста-каманднае першынство раёна па шашках пад дэвізам “Мы – за здаровы лад жыцця” і па шахматах – “Спорт супраць СНІДу”. У агульнакамандным заліку ў абодвух відах перамогу атрымалі спартсмены камбікормавага завода.

ІВАНАВА
Ненавагодні падарунак
13 снежня пункт пропуску “Махро” працаваў у штатным рэжыме, калі ў мікрааўтобусе, які рухаўся транзітам у Расію, падчас правядзення агляду пад капотам у ёмістасці з маторным маслам быў знойдзены пакет з парашком белага колеру. Аказалася, што гэта – наркатычнае рэчыва. У адносінах да грамадзяніна К. узбуджана крымінальная справа па факце кантрабанды і незаконнага абароту наркотыкаў.

ІВАЦЭВІЧЫ
Знаёмімся, прапануем, абмяркоўваем
У сераду ў Івацэвічах прайшла сустрэча членаў саветаў моладзі пры гарпассельвыканкамах. Новае фарміраванне павінна стаць каардынатарам работы з моладдзю па месцапражыванні. Удзел у семінары-знаёмстве прынялі намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Велікаселец, начальнік аддзела па справах моладзі Аксана Юхнік і кіраўнік райкама прафсаюза работнікаў АПК і раённай суполкі ГА “Белая Русь” Ірына Краўчук.

КАМЯНЕЦ
Вялікаму палкаводцу прысвячаецца
“Маршал Жукаў. Якім мы яго памятаем?” – выстава пад такой назвай працуе ў раённай бібліятэцы імя У. Ігнатоўскага.  Прысвечана яна 115-годдзю з дня нараджэння вялікага палкаводца.  Наведаўшы выставу, жыхары і госці горада змогуць пазнаёміцца з літаратурай пра вядомага ваеннага дзеяча, з яго трохтомнікам  успамінаў і разважанняў.

КОБРЫН
Знішчылі завод. Самагонны
У мінулую суботу супрацоўнікі міліцыі ў лесе каля пасёлка Арэхаўскі выявілі падпольны самагонны міні-завод. Абсталяванне і дзве тоны самагоннай брагі знішчаны.

ЛУНІНЕЦ
На прыём да адваката
У аўторак адвакаты раённай юрыдычнай кансультацыі правялі прыём грамадзян у Гарадоцкім сельвыканкаме. Аналагічныя кансультацыйныя мерапрыемствы таксама запланаваны да канца снежня: 20-га – у Багданаўскім, а 27-га – у Лахвенскім сельвыканкамах. Каб трапіць на прыём і атрымаць кампетэнтную параду спецыялістаў, варта загадзя запісацца па тэлефоне 3-13-54.

ЛЯХАВІЧЫ
“Ратуйце! Гарым!..”
У сувязі з тым, што з канца лістапада пачасціліся пажары і ў агні загінулі 5 чалавек, у сераду раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях правёў адзіны дзень прафілактыкі. Супрацоўнікі аддзела ў чарговы раз наведалі аматараў алкаголю, праблемныя сем’і, якія жывуць на тэрыторыі Альхоўскага і Падлескага сельскіх Саветаў, праверылі пячное ацяпленне ў іх хатах і патлумачылі, як трэба сябе паводзіць у быце, каб потым не тэлефанаваць па нумары 101: “Ратуйце! Гарым!..”

МАЛАРЫТА
Пытанні міністру
Напрыканцы мінулага тыдня раён наведаў міністр сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь Мікалай Панцялей. Госць са сталіцы сустрэўся з кіраўніцтвам раёна, пабываў у ААТ “Маларыцкі кансерваваагароднінасушыльны камбінат”, раённых вузлах паштовай і электрычнай сувязі, дзе пацікавіўся праблемамі супрацоўнікаў, адказаў на іх пытанні.

ПІНСК
Маршрут №23
Пераднавагоднія падарункі ўжо атрымліваюць пінчане. Так, адкрытае акцыянернае таварыства “Пінскі аўтобусны парк” пачало транспартнае абслугоўванне мікрараёна Вясёлкавы. Для паслуг пасажыраў вызначаны маршрут №23. Для зручнасці людзей уведзены тры новыя прыпынкі: два – на вуліцы Шапашнікава і адзін – на вуліцы Сонечнай.

ПІНСКІ РАЁН
“Крок насустрач”
Так назвалі раённы фестываль дзіцячай творчасці, удзел у якім прынялі дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Учора фэст, арганізаваны цэнтрам карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, прайшоў у Пінкавічах. У ім удзельнічалі 15 устаноў адукацыі раёна. Пераможцы і прызёры атрымалі дыпломы і граматы аддзела адукацыі райвыканкама, а ўсе ўдзельнікі творчай імпрэзы – падарункі.

ПРУЖАНЫ
Справы маладзёжныя
На базе раёна 15 – 16 снежня прайшло пасяджэнне абласнога каардынацыйнага савета па справах моладзі. Яго ўдзельнікі пазнаёміліся з формамі рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі на Пружаншчыне, работай аддзела па справах моладзі райвыканкама, узаемадзеяннем розных структур па прапагандзе здаровага ладу жыцця ў маладзёжным асяродку, рабоце з маладымі спецыялістамі, арганізацыі заняткаў па інтарэсах. Сярод пытанняў, разгледжаных на пленарным пасяджэнні, – арганізацыя дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў і злачынстваў сярод моладзі, арганізацыя другаснай занятасці маладых, развіццё міжнароднага супрацоўніцтва.

СТОЛІН
Заслужаны юбіляр
70-годдзе адзначыў Мікалай Сапон, які ў 90-х працаваў намеснікам старшыні райвыканкама і курыраваў сацыяльную сферу Століншчыны. З юбілеем Мікалая Максімавіча павіншавалі не толькі блізкія людзі, але і былыя калегі. Першы намеснік старшыні райвыканкама Рыгор Пратасавіцкі асабіста ўручыў імянінніку грамату райвыканкама, яшчэ адну Мікалай Сапон атрымаў ад раённага савета ветэранаў.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

Генеральны сакратар Еўразійскай эканамічнай супольнасці перадаў музею Дастоеўскай школы поўны збор твораў Ф.М. Дастаеўскага ў 20-ці тамах

Следующая запись

Старшынёй Ганцавіцкага раённага выканаўчага камітэта назначаны Аляксандр Саланевіч