Канстанцін Сумар сустрэўся з ветэранамі Брэстчыны
Старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар сустрэўся з актывам ветэранскага руху Брэстчыны
Актыўнай жыццёвай і грамадскай пазіцыяй вылучаюцца ветэраны вайны і працы, а іх вопыт каштоўны для маладога пакалення. Старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар ахвотна сустракаецца з ветэранамі і тым самым пацвярджае падтрымку ўладамі грамадскай арганізацыі, якая вылучаецца неабыякавымі адносінамі да жыцця рэгіёна.
На традыцыйнай сустрэчы з актывам ветэранскага руху Брэстчыны, якая 12 снежня прайшла ў аблвыканкаме, Канстанцін Андрэевіч расказаў аб развіцці рэгіёна, выкананні эканамічных і сацыяльных задач. Кіраўнік вобласці падрабязна ахарактарызаваў сучасную сітуацыю і пазнаёміў ветэранаў з асноўнымі напрамкамі дзяржаўнай палітыкі, у тым ліку і па сацыяльнай абароне ветэранаў, дапамозе пажылым людзям.
У сваю чаргу старшыня абласнога ветэранскага савета Сцяпан Амялюсік падзяліўся, чым жыве грамадскае аб’яднанне ветэранаў, як выкананы даручэнні старшыні аблвыканкама, што былі дадзены пасля падобнай папярэдняй сустрэчы. Свайго лідара дапоўнілі кіраўнікі ветэранскіх суполак з Ляхавіцкага, Пінскага, Іванаўскага, Камянецкага раёнаў, Ленінскага раёна г. Брэста. У наступным годзе ветэранскае грамадскае аб’яднанне адзначыць сваё 25-годдзе. Да юбілейнай даты плануецца выдаць брашуры аб рабоце суполкі, правесці шэраг мерапрыемстваў. Прапановы ветэранаў аб узаемадзеянні з мясцовымі ўладамі, удзеле ў выбарах дэпутатаў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, новых формах патрыятычнага выхавання браліся пад увагу.
Амаль дзве гадзіны доўжыўся гэты дыялог улады і грамадскасці. Ветэраны не хавалі задавальнення: іх не забылі, яны па-ранейшаму патрэбныя сваёй краіне, іх меркаванні пачулі на высокім абласным узроўні. Значыць, ветэранскія клопаты недарэмныя. Адчуваць жа сябе патрэбнымі вельмі важна і ў шаноўным узросце.
Святлана ТАБОЛІЧ, “НТ”.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.