Па шляху дабрыні

Па шляху дабрыні

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

будзе і далей крочыць ГА “Беларускі саюз жанчын”
Напрыканцы мінулага тыдня дэлегацыя берасцейскіх жанчын – актывістак абласной суполкі “БСЖ” на чале з яе старшынёй Ірынай Арабей – бралі ўдзел у V рэспубліканскай справаздачна-выбарчай канферэнцыі самай масавай грамадскай арганізацыі, якая сёлета адзначыла свой юбілей. Калі 20 год назад (на пачатку свайго станаўлення) у ёй налічвалася ўсяго 242 жанчыны, дык цяпер – больш за 183 тысячы! І з кожным годам шарэнгі арганізацыі пашыраюцца. А ведаеце, чаму? Бо саюз крочыць па шляху дабрыні, узяўшы пад сваё крыло самыя слабыя слаі насельніцтва, бо мацуецца любоўю, якую вылучаюць дзясяткі тысяч чуйных жаночых сэрцаў і якая неадольна прыцягвае да сябе падобныя…
Беларускі саюз жанчын заўсёды займаў канструктыўную, дзелавую пазіцыю, ён стаў адной з самых аўтарытэтных арганізацый у краіне – адзначалася ў прывітанні Аляксандра Лукашэнкі, якое агучыў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Валерый Міцкевіч. Па словах старшыні ГА “БСЖ”, старшыні праўлення Нацбанка Беларусі Надзеі Ермаковай, калі будуць моцнымі жанчыны на ўсіх узроўнях і ва ўсіх сферах – мацней будзе і Беларусь. Менавіта па ініцыятыве БСЖ быў заснаваны ў нас Дзень маці і аб’яўлены Год маці, Год дзіцяці, праведзены конкурс “Жанчына года”, рэалізаваны рух “У Беларусі – ніводнага пакінутага дзіцяці”. Беларускі саюз жанчын актыўна супрацоўнічае з уладай, шматлікімі дабрачыннымі суполкамі, падтрымлівае сувязі з замежнымі жаночымі арганізацыямі. Адным словам, віруе сапраўднае паўнакроўнае жыццё, скіраванае на тое, каб свет стаў яшчэ крышку дабрэйшым і больш міласэрным. Таму і не дзіўна, што сустаршыня ГА “БСЖ” Антаніна Морава, якая выступіла з дакладам праўлення аб рабоце ў 2006-2011 гадах і  задачах на перспектыву, зрабіла акцэнт менавіта на канкрэтных справах. Прыемна, што, называючы лепшых з лепшых, Антаніна Пятроўна ўзгадала і брастаўчанак – генеральнага дырэктара ААТ “Лагуна” г. Брэста Наталлю Ільніцкую, памочніка рэктара УА “Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт” Рэгіну Венцэль, старшыню Пінскага гарадскога Савета дэпутатаў, ініцыятара стварэння Музея маці Ніну Кахновіч.

А колькі прагучала розных прапаноў! Сапраўды, чаму не стварыць рэспубліканскую Дошку гонару шматдзетных сем’яў як прыклад для пераймання маладым? Чаму б адну з залаў музея Вялікай Айчыннай вайны не прысвяціць жанчыне? А колькі ўзнімалася праблем! Але не гучала адчаю ці безвыходнасці, бо, як трапна заўважыла адна з выступоўцаў, калі за справу бяруцца жанчыны – яна будзе даведзена да завяршэння.
Сваім лідарам актывісткі БСЖ зноў абралі Надзею Ермакову (прычым – аднагалосна) – яе паважаюць, ёй вераць. Сустаршынёй перавыбрана Антаніна Морава, намеснікамі старшыні сталі Рэгіна Давідовіч і Святлана Сітнікава.
Крыху пазней прайшло пасяджэнне праўлення Брэсцкай арганізацыі, з якога вышэйупамянутая Наталля Ільніцкая і прэс-сакратар старшыні аблвыканкама Таццяна Гагакава выйшлі намеснікамі старшыні абласной суполкі “БСЖ”. “Нам ёсць над чым працаваць, – зазначыла Ірына Арабей. – У нас шмат жанчын, жыццё якіх і здзіўляе, і натхняе”. Думаецца, вясной 2012-га на традыцыйным конкурсе “Жанчына года” найярчэйшымі прадстаўніцамі Берасцейшчыны будзе захапляцца ўся краіна.
Галіна МІХАЛЕВІЧ, “НТ”,
г. Мінск.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

Генеральны сакратар Еўразійскай эканамічнай супольнасці перадаў музею Дастоеўскай школы поўны збор твораў Ф.М. Дастаеўскага ў 20-ці тамах

Следующая запись

Старшынёй Ганцавіцкага раённага выканаўчага камітэта назначаны Аляксандр Саланевіч