“Зроблена ў Беларусі”

“Зроблена ў Беларусі”

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Нават прафесійнае свята работнікі кінаіндустрыі правядуць у працоўных клопатах
Летапіс нацыянальнага кінематографа прынята весці ад 17 снежня 1924 года. Менавіта ў гэты зімовы дзень на свет з’явілася новая структура – дзяржаўнае ўпраўленне па справах кінематаграфіі і фатаграфіі “Белдзяржкіно”, а праз некаторы час – і студыя “Савецкая Беларусь”. Сёння яна вядома кінааматарам пад назвай “Беларусьфільм”.
Кінапраекты з маркіроўкай “зроблена ў Беларусі” знайшлі сваіх прыхільнікаў і сярод брастаўчан. Штогадова абласны кінавідэапракат арганізоўвае прэм’ерныя паказы 3-4 новых стужак айчыннай вытворчасці. На вялікім экране на “ўра” прайшлі папулярныя нацыянальныя кінахіты апошняга часу: “Брэсцкая крэпасць” Аляксандра Кота, “Масакра” Андрэя Кудзіненкі, “Ваўкі” Аляксандра Колбышава. Ну, а лідарам па колькасці наведвальнікаў прызнаны фільм “Зграя” рэжысёра Дзмітрыя Зайцава. Па словах Зінаіды Алексяевіч, намесніка генеральнага дырэктара КУП “Брэстаблкінавідэапракат”, пачынаючы з 2008-га карціну паглядзелі каля 50 тысяч чалавек.
Дарэчы, большасць работнікаў індустрыі  (а іх у вобласці каля 400), нават сваё прафесійнае свята правядуць у працоўных клопатах. Напрыклад, толькі ўчора ў брэсцкім кінатэатры “Беларусь” адбылося ўрачыстае шанаванне лепшых у галіне, а ўжо сёння да знамянальнай даты запланаваны тэматычныя паказы айчыннага кіно. Словам, з карабля на баль – толькі наадварот! У святочны дзень аматары паўцёмных кіназалаў разам з добра вядомымі фільмамі мінулых гадоў пабачаць і новыя стужкі: меладраму “На ростанях” Віталя Дудзіна і дзіцячую камедыю Алены Туравай “Рыжык у залюстэр’і ”.
Дарэчы, апошні фільм новы кіраўнік КУП “Брэстаблкінавідэапракат” Вячаслаў Шахлевіч ужо пазначыў арэолам сваёй прыхільнасці. Ён прызнаўся: як чалавек сямейны шчыра сімпатызуе дзіцячаму кіно, бо яно выхоўвае падрастаючае пакаленне на ідэалах дабрыні, сяброўства, міласэрнасці, спагады.
Акрамя таго, для папулярызацыі нацыянальнага кіно ў вобласці рэгулярна арганізоўваюцца шматлікія тэматычныя акцыі і творчыя сустрэчы. Напрыклад, згаданы фільм “Рыжык…” у Брэсце прэзентавала рэжысёр Алена Турава разам з актрысай Нікай Шылкоўскай. У Пінску са стужкай “На ростанях” гледачоў пазнаёмілі выканаўцы галоўных роляў Вераніка Пляшкевіч і Андрэй Сенькін, які, дарэчы, сам ураджэнец горада над Пінай.
– Кіруючыся народнай мудрасцю “рыхтуй сані летам, а калёсы – зімой”, ужо сёння абдумваем правядзенне VIII Рэспубліканскага фестывалю беларускіх фільмаў, які пройдзе ў верасні, – расказвае Вячаслаў Шахлевіч. – А наконт бліжэйшай будучыні: кінааматараў Брэстчыны чакае прэм’ера навагодняй камедыі “Ёлкі-2”, якая стартавала ў чацвер у кінатэатры “Беларусь”. Таксама пакажам доўгачаканыя стужкі “Змярканне. Сага. Світанак”, “Місія невыканальная: пратакол Фантом”, “Аб чым яшчэ гавораць мужчыны”. Набліжаюцца навагоднія святы, таму да віншаванняў работнікам кінаіндустрыі варта дадаць і пажаданні добрага настрою ўсім берасцейцам. А КУП “Брэсткінавідэапракат” дапаможа вам яго стварыць!
Ніна ЛЕАНАВЕЦ, “НТ”.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

Генеральны сакратар Еўразійскай эканамічнай супольнасці перадаў музею Дастоеўскай школы поўны збор твораў Ф.М. Дастаеўскага ў 20-ці тамах

Следующая запись

Старшынёй Ганцавіцкага раённага выканаўчага камітэта назначаны Аляксандр Саланевіч