Беларусь

Берасцейшчына: навіны тыдня


БРЭСТ
Расліны… прачнуліся
Анамальная цеплыня гэтай зімы падманула расліны. Каля Свята-Сімяонаўскага сабора зацвілі браткі, каля касцёла Узвіжання Святога Крыжа набухлі пупышкі бэзу, а на вуліцы Пушкінскай распусціліся прымулы. Студзень з канцом сакавіка пераблытала фарзіцыя – залаціста-жоўтыя кветкі здзіўляюць людзей ля калгаснага рынку. Прыгожа, але шкада: сіноптыкі абяцаюць яшчэ маразы.
БРЭСЦКІ РАЁН
Летапіс вёскі
Вучні сярэдняй школы вёскі Вялікія Матыкалы стварылі лепшы ў вобласці летапіс населенага пункта. Краязнаўчае аб’яднанне, якім кіруе Таццяна Ціхамірава, узнагароджана дыпломам I ступені ўпраўлення адукацыі аблвыканкама за перамогу ў конкурсе, які праходзіў у рамках маладзёжнай акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”.
БАРАНАВІЧЫ
Лоб у лоб
На вуліцы Брэсцкай сутыкнуліся два рэйсавыя аўтобусы №№1 і 13. Па папярэдніх дадзеных, вадзіцель – віноўнік ДТЗ – страціў прытомнасць. Сур’ёзна ніхто не пацярпеў, але ж чацвёра чалавек звярнуліся за дапамогай медыкаў. Зараз праводзіцца праверка.
БАРАНАВІЦКІ РАЁН
Візіт да вайскоўцаў
Прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч наведаў 61-ю знішчальную авіябазу. Кіраўнік Урада азнаёміўся з тэхнічным забеспячэннем. Пасля ён пабываў у 120-й зенітнай ракетнай брыгадзе, дзе госцю прадэманстравалі ракетныя комплексы “Тор-М2”, якія паступілі на ўзбраенне перад Новым годам.
БЯРОЗА
Двухмільённы метр
Новы год калектыў ААТ “Ізаляцыя” пачаў з прыемнай навіны. На прадпрыемстве выпушчаны двухмільённы квадратны метр рулоннага дахавага і гідраізаляцыйнага матэрыялу. У цэху прайшоў урачысты сход, а рулон заняў месца ў музеі завода. Работнікі прадпрыемства адзначаны грашовай прэміяй.
ГАНЦАВІЧЫ
Узнагарода – пуцёўкі ў “Зубраня”
Лідары пярвічных арганізацый БРСМ Яўген Ільюкевіч і Павел Руткоўскі з гарадской СШ №1, Аляксандр Крупеніч з гімназіі, Вікторыя Дзенісеня з Кукаўскай СШ і Алеся Кірэйчык з Востраўскай заахвочаны пуцёўкамі ў Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр “Зубраня”. З учарашняга дня яны сталі ўдзельнікамі змены актывістаў грамадскай арганізацыі “Свой свет мы будуем разам”. Наперадзе ў іх – конкурсы сценгазет, прэзентацыі мала-дзёжных ініцыятыў і сацыяльных ролікаў, турнір аратараў, інтэрактыўнае галасаванне, псіхалагічныя трэнінгі…

ДРАГІЧЫН
Ягада-маліна
Надзвычайнае здарэнне ў СФГ “Агра-ягада” прымусіла дырэктара гаспадаркі звярнуцца ў міліцыю. На полі каля вёскі Марковічы невядомыя выкапалі 3 тысячы саджанцаў маліны. Урон склаў 7,5 мільёна рублёў. Злодзеяў вышукваюць.

ЖАБІНКА
Інспектарскія ўловы
Раённая інспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету ў канцы мінулага тыдня “навывуджвала” з Мухаўца 300 метраў браканьерскіх сетак. Быў затрыманы  і жыхар вёскі Пятровічы, які пазбавіўся забароненай прылады для лоўлі рыбы, а ў дадатак атрымаў штраф. Толькі за два тыдні раённай і абласной інспекцыямі з ракі і вадаёмаў выцягнута звыш паўтара кіламетра незаконных прылад.

ІВАНАВА
Падтрымка спорту
Калядныя святы прынеслі падарунак выхаванцам мясцовай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы: ва ўрачыстай абстаноўцы адкрылі яе спартыўную залу. На рамонт з раённага бюджэту выдаткавана больш за мільярд рублёў. Юрый Бісун, старшыня райвыканкама, уручыў калектыву ДЮСШ камплект мячоў, а Мікалай Хевук, начальнік упраўлення фізічнай культуры, спорту і турызму аблвыканкама, – сертыфікат на 20 мільёнаў рублёў, якія будуць выкарыстаны на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы навучальнай установы.

ІВАЦЭВІЧЫ
Цуды здзяйсняюцца
Больш за 3 мільёны рублёў сабраў райкам БРСМ падчас першага этапа дабрачыннай акцыі “Цуды на Каляды”. За гэтыя грошы набылі падарункі, якія атрымалі выхаванцы сацыяльна-педагагічнага цэнтра з дзіцячым сацыяльным прытулкам, Югалінская дзяржаўная дапаможная школа-інтэрнат, каля 20 малазабяспечаных сем’яў. Вучняў Целяханскай школы-інтэрната і выхаванцаў Быценскага дзіцячага дома запрасілі пакатацца на каньках на лядовай арэне ў Івацэвічах і таксама парадавалі падарункамі.

КАМЯНЕЦ
Прафесіяналізм і творчасць
У тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва прайшоў конкурс прафесійнага майстэрства сярод сацыяльных работнікаў аддзялення сацыяльнай дапамогі дома. Веданне тэорыі,  практыку сацыяльнай работы, а таксама творчасць канкурсантаў ацэньвалі калегі. Першае месца заняла Святлана Шэлест, другое – Таццяна Альшэўская, а трэцім прызёрам стала Святлана Казачук.

КОБРЫН
Юныя алімпійцы
Сёння завяршаецца абласны этап рэспубліканскай алімпіяды па прадмеце “Працоўнае навучанне”. Яна праходзіла з 9 студзеня на базе СШ №7 і дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа будаўнікоў. Удзельнікам, навучэнцам 9-11 класаў, акрамя алімпіядных заданняў падрыхтавалі і цікавую культурную праграму

ЛУНІНЕЦ
З новай назвай
Паліклініка каля чыгуначнай станцыі Лунінец атрымае новую назву. З таго часу, як медыцынская ўстанова трапіла “пад крыло” цэнтральнай раённай бальніцы, яна знаходзіцца ў стадыі арганізацыйнай карэкціроўкі. Плануецца, што да 1 лютага рэарганізацыя наблізіцца да фінішу. З гэтага часу паліклініка будзе функцыянаваць пад назвай “Залеская амбулаторыя ўрача агульнай практыкі”.

ЛЯХАВІЧЫ
Адно свята на чатыры прыходы
У мінулую нядзелю ў храм Святога Духа, што ў вёсцы Вялікае Падлессе, прыехаў не толькі благачынны цэркваў Ляхавіцкай акругі протаіерэй Георгій Жытко, але і старшыня райвыканкама Дзмітрый Бурдук, сабраліся не толькі мясцовыя вернікі, але і з Навасёлак, Крывошына, райцэнтра, каб паўдзельнічаць у калядных урачыстасцях. Адбыўся малебен, пасля якога свята перамясцілася за сцены храма.Тут, на імправізаванай сцэне, асабліва парадавалі прыхаджан дзеці нядзельных школ і навучэнцы Жыровіцкай духоўнай семінарыі.

МАЛАРЫТА
Рэалізацыя праекта
Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь прыняў пастанову аб заключэнні інвестыцыйнага дагавора аб рэалізацыі праекта па асваенні радовішча Хаціслаўскае. Распрацоўку пяскоў і мелу будуць весці ААТ “Трайпл”, АДТ “Белнафтагаз”,  СЗАТ “КварцМелПрам” і “Рэдкаст Холдзінгз Лімітэд”.

ПІНСК
Ацанілі на расійскім рынку
Падведзены вынікі традыцыйнага конкурсу “Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь на рынку Расійскай Федэрацыі”. Лаўрэатам у намінацыі  “Прадукцыя вытворча-тэхнічнага прызначэння” стала адкрытае акцыянернае таварыства “Пінскі завод сродкаў малой механізацыі”: расіяне ацанілі аўтагідрапад’ёмнік ПМС 212-02 на базе аўтамабіля ГАЗ-33023 “ГАЗель”. Узнагароду сярод вытворцаў прамысловых тавараў для насельніцтва атрымала за мэблю ЗАТ “Холдынгавая кампанія “Пінскдрэў”.

ПІНСКІ РАЁН
Падзяліліся цеплынёй
Акцыя “Нашы дзеці” падарыла навагодне-калядны ранішнік дзецям-інвалідам, сіротам і дзецям, якія засталіся без бацькоўскай апекі. Ён прайшоў у Лагішынскім маладзёжным цэнтры культуры. Віншаванні і добрыя пажаданні дзецям выказаў намеснік старшыні райвыканкама Іван Багатка, а святочнае прадстаўленне паказалі ўдзельнікі тэатральнай студыі “Экспромт” Каменскага СДК. У свяце прынялі ўдзел валанцёры раённага клуба “Новае пакаленне” і атрада міласэрнасці Аснежыцкай школы. Ад раённай арганізацыі БРСМ дзеці атрымалі падарункі, сабраныя ўдзельнікамі традыцыйнай акцыі “Падзяліся цеплынёй душы сваёй”.

ПРУЖАНЫ
Галасы “Звонкай раніцы-2”
З 12 студзеня ў Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня” пачаўся фінальны тур конкурсу юных вакалістаў “Звонкая раніца-2”, які праводзяць “Настаўніцкая газета” і газета для падлеткаў “Переходный возраст”. Сярод 50 фіналістаў – прадстаўніцы Пружаншчыны Марыя Субота, Ірына Шчурко і Дзіяна Саўчук. Усе мерапрыемствы фіналу можна паглядзець у рэжыме рэальнага часу на сайце www.zr.ng-press.by, а таксама SMS-галасаваннем падтрымаць зямлячак.

СТОЛІН
Дапамажы сваім землякам!
Цэнтр тэрытарыяльнага абслугоўвання насельніцтва прымае дабрачынную дапамогу ад жыхароў Століншчыны. Гэта можа быць адзенне, бытавая тэхніка, дзіцячыя каляскі, электраапаратура. Не прымаюцца галаўныя ўборы, бялізна, абутак, шкарпэткі і прадметы асабістай гігіены. Сабраныя рэчы перададуць людзям, якія маюць патрэбу ў сацыяльнай падтрымцы. Калі вы належыце да іх ліку ці проста жадаеце дапамагчы землякам, звяртайцеся па тэлефоне ў Століне 2-44-85.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля