Без грыфа сакрэтнасці
БРЭСТ
Аўтамабіль – не раскоша…
27 красавіка з мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой” стартаваў аўтапрабег на рэтрааўтамабілях па маршруце Брэст – Санкт-Пецярбург – Брэст. Арганізаваны ён грамадскім аб’яднаннем “Клуб аматараў рэтрааўтамабіляў “Адам” пры падтрымцы аддзела па справах моладзі абл-выканкама і прысвечаны папулярызацыі гісторыі савецкага аўтамабілебудавання. У прабегу прымаюць удзел аўтааматары з Брэста, Навагрудка, Віцебска, Кіева і Львова.
БРЭСЦКІ РАЁН
На прыём – у абноўленыя ФАПы
Два ўрачыстыя мерапрыемствы адбыліся 29 красавіка ў Прыбужжы. Па-святочнаму, з удзелам прадстаўнікоў раённай улады, медработнікаў і грамадскасці былі адкрыты пасля рэканструкцыі фельчарска-акушэрскія пункты ў вёсцы Яцкавічы Лышчыцкага сельсавета і ў Прыбараве Тамашоўскага сельсавета.
БАРАНАВІЧЫ
Рукамі – ад сэрца
У тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва прайшла дабрачынная выстава-кірмаш вырабаў наведвальнікаў установы. Выхаванцы працоўных майстэрняў – дзеці з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі – прадэманстравалі лепшыя свае работы. Сярод іх – яркія паштоўкі, календары, запісныя кніжкі і іншыя сувеніры. Арганізатары адзначылі, што мерапрыемства знайшло водгук у сэрцах гараджан, а таму абавязкова будзе мець працяг.
БАРАНАВІЦКІ РАЁН
Без грыфа сакрэтнасці
61-ю знішчальную авіяцыйную базу беларускіх ваенна-паветраных сіл і войск проціпаветранай абароны наведалі 48 прадстаўнікоў 27 краін-удзельніц АБСЕ. Гэты візіт прайшоў у рамках патрабаванняў Венскага дагавора 1999 года, які прадугледжвае абмен інфармацыяй аб вядзенні вучэнняў. Сустрэча прайшла без грыфа сакрэтнасці: госці пазнаёміліся з гісторыяй і сучаснай дзейнасцю авіябазы.
БЯРОЗА
Моц і прызнанне
ААТ “Бярозаўскі маторарамонтны завод” стала пераможцай рэспубліканскага спаборніцтва прадпрыемстваў “Белаграсэрвісу”. За плённую працу калектыў узнагароджаны дыпломам Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь, а таксама падарункамі – камп’ютарам і пральнай машынай. Граматай Мінсельгасхарчу адзначаны дырэктар завода Мікалай Наркевіч.
ГАНЦАВІЧЫ
Паказаць сваю самабытнасць
На гэтым тыдні старшыня Нацыянальнага аргкамітэта па падрыхтоўцы і правядзенні Дня беларускага пісьменства ў г. Ганцавічы, намеснік Прэм’ер-міністра краіны Анатоль Тозік сустрэўся з членамі раённага аргкамітэта. У суправаджэнні намесніка старшыні аблвыканкама Леаніда Цупрыка і старшыні райвыканкама Уладзіміра Столяра ён наведаў шматлікія ўстановы культуры і адукацыі. Быў абмеркаваны шэраг пытанняў падрыхтоўкі да рэспубліканскага свята, якое павінна паказаць гасцям самабытнасць ганцавіцкага краю.
ДРАГІЧЫН
Лепшыя выступяць за раён
Падведзены вынікі раённага этапа рэспубліканскага конкурсу “Лепшая дашкольная ўстанова года”. Пераможцы вызначаліся ў дзвюх намінацыях. Лепшай дашкольнай установай горада прызнана ДУА “Дзіцячы яслі-сад №1 г. Драгічына”, а сельскага населенага пункта – ДУА “Дзіцячы яслі-сад г.п. Антопаль”. Яны будуць абараняць гонар раёна на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу.
ЖАБІНКА
Жаночая актыўнасць
27 красавіка на справаздачна-выбарным сходзе раённага аддзялення ГА “Беларускі саюз жанчын” была прааналізавана дзейнасць праўлення гэтай грамадскай арганізацыі за справаздачны перыяд і акрэслены задачы на будучыню. Галоўная сярод іх – рэалізацыя дзяржаўнай сацыяльнай палітыкі на стварэнне стабільнай сям’і, удзел жанчын у кіраванні справамі грамадства. Кіраўніком раённага аддзялення зноў абрана Ніна Калыбская.
ІВАНАВА
Дэпутацкі дэсант
Дзень сельсавета прайшоў 25 красавіка у Опалі. Старшыня райвыканкама Юрый Бісун, яго намеснікі Алена Дарагакупец і Віталь Клышко, кіраўнік раённага Савета дэпутатаў Святлана Маісейчык правялі асабістыя прыёмы грамадзян, кампетэнтна і аператыўна вырашылі шэраг праблемных пытанняў жыхароў вёсак Туляцічы, Навінка, аграгарадка Опаль.
ІВАЦЭВІЧЫ
Свой лес
Ляснічы Калінінскага лясніцтва Мікалай Брычкалевіч задаволены: пасаджаны яшчэ адзін участак маладых дрэў. На плошчы ў 1,1 гектара пашчыравалі вучні Велікагацкай сярэдняй школы. Цяпер у Мікалая Галоўчыка, Міхаіла Калтуневіча, Аліны Басалай, Наталлі Чуйко і іх школьных таварышаў ёсць свой лес.
КАМЯНЕЦ
“Свята часу” з “Непаседамі”
Узорны калектыў эстраднага танца “Непаседы” з вёскі Расна днямі атрымаў запрашэнне на Міжнародны музычны фестываль дзяцей і моладзі “Свята часу”, які пройдзе ў жніўні ў Чэхіі. У планах “Непаседаў” – паездка ў Італію, дзе яны выступяць на Венецыянскім дзіцячым карнавале.
КОБРЫН
Замок – не вартаўнік
Напярэдадні Вялікадня невядомыя злодзеі абакралі беспрацоўнага 25-гадовага жыхара райцэнтра. Праўда, ён і сам паспрыяў злачынцам, кінуўшы свой аўтамабіль “Фольксваген-Гольф” без нагляду каля аўтамагістралі Брэст – Мінск, непадалёку ад вёскі Патрыкі. Калі гаспадар машыны прыйшоў уранку да свайго сталёвага каня, дык убачыў, што дзвярны замок пашкоджаны, а з салона зніклі набор гаечных ключоў і будаўнічы электраінструмент на агульную суму 2,2 мільёна рублёў.
ЛУНІНЕЦ
Радыё не… выбухнула
60 чалавек прыйшлося эвакуіраваць 25 красавіка з чыгуначнага вакзала, калі на другім паверсе супрацоўнікі заўважылі скрынку для прадуктаў харчавання з батарэйкамі і правадамі: падумалі, што выбуховае прыстасаванне. Нягледзячы на дадатковыя меры перасцярогі, графік руху цягнікоў не змяніўся. А знаходка аказалася звычайным радыёпрыёмнікам.
ЛЯХАВІЧЫ
Энергія мінулага – будучым пакаленням
Напачатку тыдня па ініцыятыве выкладчыкаў і навучэнцаў мясцовага дзяржаўнага аграрнага каледжа прайшоў другі па ліку велапрабег, прысвечаны Вялікай Перамозе. Яго ўдзельнікі – не толькі на веласіпедах, але і матацыклах, аўтобусах – наведалі месцы баявой славы Ляхавіччыны, усклаўшы кветкі да брацкіх магіл і помнікаў загінулым воінам у вёсках Зубелевічы, Жарабковічы, Улазавічы, Туркі і райцэнтры. Закончылася мерапрыемства мітынгам на плошчы Перамогі.
МАЛАРЫТА
Экспрэс-дапамога – у аптэцы
Прафілактычную акцыю пад дэвізам “Урачы да пацыентаў” правялі работнікі цэнтральнай раённай аптэкі. Падчас яе ўсе, хто прыходзіў сюды, з дапамогай медработнікаў і сучасных метадаў дыягностыкі маглі даведацца пра стан свайго здароўя, зрабіць аналіз крыві на ўзровень цукру, праверыць артэрыяльны ціск. Наведвальнікаў аптэкі прымалі тэрапеўт Марыя Селівонік, педыятр Ала Яцура, урач-эндакрынолаг Уладзімір Жылінскі.
ПІНСК
Чарнобыльскі боль
У гарадскім экалагічным цэнтры навучэнцаў 26 красавіка прайшоў мітынг-рэквіем. Памяць ахвяр катастрофы на ЧАЭС ушанавалі прадстаўнікі кіраўніцтва горада і грамадскіх арганізацый, моладзь. Сімвалічныя стужкі былі завязаны на дрэвах, пасаджаных у памяць аб ахвярах наступстваў катастрофы.
ПІНСКІ РАЁН
Літаратурныя дэбютанты
Завяршыўся раённы конкурс пачынаючых паэтаў і празаікаў “Дэбют-2011”, арганізаваны аддзелам адукацыі райвыканкама. Удзел у ім прынялі прадстаўнікі 21 установы адукацыі. Пра Радзіму і подзвіг ветэранаў, пра дружбу і любоў, пра сям’ю і школу, пра прыроду і свае фантазіі напісалі школьнікі. Па выніках конкурсу выдадзены зборнік літаратурных твораў дзяцей.
ПРУЖАНЫ
Пафестывалім!
1 мая ў ГДК у другі раз прайшоў адкрыты фестываль-конкурс маладых талентаў “Маладзёжная вясна-2011”. Выканаўцы і танцоры змагаліся найперш за сімпатыі публікі, але без прызоў і ўзнагарод не засталіся. Фармат мерапрыемства – пашыраны, каб даць магчымасць паказаць сябе прыхільнікам розных плыняў музычна-танцавальнай творчасці.
СТОЛІН
Трагедыя на бульбяным полі
Трохгадовы хлопчык атруціўся сродкам для апрацоўкі агуркоў. Дзіця гуляла непадалёк, калі яго бацькі дапамагалі родзічас саджаць бульбу на прысядзібным участку. Хлопчык зрабіў некалькі глыткоў з бутэлькі – ён знайшоў яе ў старым халадзільніку каля цяпліцы. Медыкі, якія прыехалі на выклік,дапамагчы ўжо не змаглі.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.