Журналісты і папарацы

Журналісты і папарацы

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Гэта праца фанатыкаў ісціны, якія хочуць, каб свет не застаўся ў недасведчанасці
Мне 17, у мяне як быццам на спіне таблічка “Увага, выпускнік!”. І таму амаль кожны дзень я чую пытанне, кім хачу стаць. Адказваю: “Журналістам. Вельмі хачу!”
Чамусьцi працу фінансіста, юрыста, эканаміста і ўсяго іншага з гэтай серыі на “іст” людзі лічаць годнай. Прымальнай – так яны гавораць. Праца журналіста ж аказваецца ўбаку, а на свой адказ я заўсёды атрымліваю ў лепшым выпадку скептычныя ўсмешкі. Не, журналіст – гэта не той, хто лазіць з фота-апаратам цераз платы і перашкоды, наладжвае “сафары” ў кустах, ставіць пасткі на самыя сакавітыя плёткі. Журналіст – чалавек, які імкнецца паведаміць навіну, нешта такое, пра што свет абавязаны даведацца, пра што павінен падумаць.
Тыя ж, пра каго большасць узгадвае пры маім адказе на пытанне аб будучай прафесіі, – папарацы. Для іх ёсць вельмі ёмістае, дарэчы, італьянскае вызначэнне. У Італіі выйшаў фільм Федэрыка Феліні “Салодкае жыццё” (“La dolce vita”) пра праныру-фатографа, якi пралазіць праз любыя шчыліны са сваім спадарожнікам-аб’ектывам. Фатографа, які не меў пачуцця такту і ўяўлення аб межах чужых уладанняў, звалі Папарацы. Хуткая гаворка, жывы характар, поўная адсутнасць этыкі і маралі, камера – вось апісанне таго, хто ганяецца за кампраматам на вядомых людзей. Імя кінагероя стала агульным для рэпарцёраў свецкай хронікі.
Сапраўдны ж журналіст проста задае пытанні. Піша. Архівы, літаратура, інтэрнэт, інтэрв’ю – усе сродкі прыдатныя, каб знайсці ісціну, як мага лепш выказаць бачанне праблемы.
Па-мойму, журналістыка прымае толькі адукаваных і мэтанакіраваных людзей. Сапраўдны журналіст ведае тысячы рэчаў, можа падтрымаць любую размову, бо яго праца і сфера дзейнасці пераклікаюцца з рознымі прадстаўнікамі роду людскога. Начытанасць, далікатнасць, этычнасць, маральнасць, інтэлігентнасць – вось рысы сапраўднага аса журналістыкі. Выхаваць іх у сабе трэба пастарацца. Калі ёсць жаданне, дасягнуць гэтага можна.
Перш чым выносіць прысуд, проста задумайцеся над тым, адкуль бярэцца ўсё тое, што вы чуеце па радыё, чытаеце ў газетах і бачыце па тэлевізары. Гэта праца тысяч прафесіяналаў, фанатыкаў ісціны, якія хочуць, каб свет не заставаўся ў недасведчанасці, суперажываў, спачуваў, дзівіўся, захапляўся, охаў i ахаў.
Так, я выпускніца. І на ваша неарыгiнальнае пытанне я ў тысячны раз, горда падняўшы галаву, адкажу: “Я хачу стаць Журналістам!”.
Паліна Весялова, г. Бяроза.
Фота Юрыя Макарчука “НТ”.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

Без грыфа сакрэтнасці

Следующая запись

Матэматыка па-драгічынску