Беларусь

Маланка спаліла два будынкі ў Баранавіцкім раёне


БРЭСТ
Міс і Містар Міласэрнасць
У дзясяты раз прайшоў у Брэсцкім медыцынскім каледжы конкурс “Міс і Містар Міласэрнасць”. Яго ўдзельнікі парадавалі журы ў прафесійных і творчых конкурсах. Галоўныя тытулы і прызы атрымалі Надзея Маісеенкава і Ігар Кернога.
БРЭСЦКІ РАЁН
“Ля дома”
Напрыканцы мінулага тыдня ў мікрараёне Усход абласнога цэнтра адчынены магазін Брэсцкага райспажыўтаварыства “Ля дома”. Размясцілася новая гандлёвая кропка побач са шматпавярхоўкамі непадалёк ад перасячэння Партызанскага праспекта з вуліцай Маскоўскай. У асартыменце –  больш за чатыры тысячы найменняў тавару. Ва ўрачыстым адкрыцці магазіна прынялі ўдзел старшыня райвыканкама Уладзімір Мацука і намеснік кіраўніка адміністрацыі Маскоўскага раёна Брэста Вадзім Краўчук.
БАРАНАВІЧЫ
140-я вясна
У гэтыя выхадныя райцэнтр адзначае свой дзень нара-джэння. 140-годдзе гараджане сустракаюць насычанай святочнай праграмай. У рамках свята “Баранавіцкая вясна-2011” пройдзе II Міжнародны фестываль духавой музыкі “Беларускія фанфары”, узнагароджанне пераможцаў конкурсу “Чалавек года”. 28-29 мая ў горадзе будуць дзейнічаць некалькі канцэртных пляцовак, а вялікі канцэрт і ўрачыстае закрыццё пройдуць заўтра на стадыёне “Лакаматыў”.
БАРАНАВІЦКІ РАЁН
Двайны ўдар маланкі
Першая маланка ў вёсцы Падгорная спаліла два будынкі. Дзве сям’і страцілі гаспадарчыя збудаванні. Толькі па шчаслівым выпадку ніхто з людзей не пацярпеў. Супрацоўнікі службы 101 адрэагавалі аператыўна, таму ўрон зведзены да мінімуму.
БЯРОЗА
100-гадовы юбілей
Жыхарка вёскі Малеч Алена Шчэрба адзначыла 100-гадовы юбілей. З днём нараджэння яе павіншавалі родныя і супрацоўнікі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання. Яны завіталі ў госці з падарункамі і найлепшымі пажаданнямі. Усяго ў раёне пражывае шэсць чалавек, якія перасягнулі 100-гадовы рубеж.
ГАНЦАВІЧЫ
Пра галоўнае – за кубкам чаю
Думаецца, сустрэча са старшынёй райвыканкама Уладзімірам Столярам запомніцца маладым спецыялістам, якія сёлетняй вясной прыехалі на працу ў гаспадаркі Ганцаўшчыны, сярод іх – Алена Хлуд, Міхаіл Папоў, Вольга Бугук, Наталля Агароднікава і Міхаіл Каралькоў. Размова ішла аб надзённых пытаннях, найперш – аб працоўных і жыллёвых умовах маладых. У сваю чаргу кіраўнік раёна заклікаў новаспечаных спецыялістаў асаблівую ўвагу ўдзяліць захаванню тэхналагічнай дысцыпліны.
ДРАГІЧЫН
І актыўна адпачылі!
Па-сапраўднаму горача было ў мінулую суботу на гарадскім стадыёне, дзе адбылася 8-я раённая спартакіяда. 15 каманд пассельвыканкамаў і каманда райвыканкама сабраліся тут, каб  праверыць фізічную закалку і сілы, адчуць радасць актыўнага адпачынку. Найбольш трывалымі і спрытнымі аказаліся спартсмены з каманды  Бездзежскага сельвыканкама, якой і прысуджана перамога.

ЖАБІНКА
Як кропелька сонца ў траве…
“І кропелькай сонца згублюся ў траве” – пад такой назвай у аўторак у дзіцячай школе мастацтваў прайшла імпрэза з нагоды 65-годдзя паэта з вёскі Федзькавічы Васіля Гадулькі.Толькі праз 10 гадоў пасля смерці, дзякуючы ахвяраванням грамадскасці, выйшаў у свет яго зборнік вершаў “Голас”. Пра творчасць таленавітага паэта і яго самотнае жыццё расказвалі прысутным работнікі раённай бібліятэкі і сябры Васіля – пісьменнікі Алесь Каско, Аляксей Ганчук, Аляксей Філатаў і Іван Дацкевіч.
ІВАНАВА
Па-суседску
Да аграрыяў Іванаўшчыны завіталі госці – дэлегацыя прадстаўнікоў Нацыянальнай аграрнай акадэміі навук Украіны, ТАА “Агрыкор Холдынг” з Чарнігаўскай вобласці і ТАА “Зеленагорска” – з Адэскай. Яны наведалі шэраг перадавых гаспадарак раёна, дзе абмяняліся вопытам па прамысловай вытворчасці малака і ялавічыны, развіцці жывёлагадоўлі. У сустрэчах прынялі ўдзел і беларускія навукоўцы.
ІВАЦЭВІЧЫ
Сцежкамі вайны
29 мая ва ўрочышчы Хаваншчына адбылася традыцыйная сустрэча партызан і падпольшчыкаў. Ветэраны ўспомнілі баявыя гады, а моладзь дакранулася да гераічнага мінулага свайго народа. Мітынг прайшоў і ля помніка ахвярам вайны ў вёсцы Жытлін, а прадоўжылася мерапрыемства канцэртна-спартыўнай праграмай у Хадаках.
КАМЯНЕЦ
Кубак адправіўся ў Вайскую
У мінулую нядзелю на стадыёне “Колас” райцэнтра адбыўся фінал кубка раёна па футболе. У галоўным матчы турніру сустрэліся ФК “Агра-Зарэчча” і “Аграпрадукт”. Гульня праходзіла ва ўпартай і напружанай барацьбе. Асноўны і дадатковы час не прынеслі поспеху ніводнай з каманд. У серыі пасляматчавых пенальці ўдача была на баку ФК “Агра-Зарэчча”. Футбалістам з Вайской і дастаўся кубак.
КОБРЫН
Дзецям – дастойную будучыню
27 мая на базе Буховіцкага сельсавета адбыўся раённы семінар старшынь і сакратароў сельвыканкамаў. Яго ўдзельнікі наведалі дзіцячыя садкі ў вёсках Яромічы і Буховічы, а таксама Буховіцкую сярэднюю школу. На пленарным пасяджэнні абмеркавана пытанне “Дэмаграфічная бяспека – дастойная будучыня нашай краіны”.
ЛУНІНЕЦ
Мы жывём у інтэрнаце. Лепшым?
Аддзелы райвыканкама –  па справах моладзі, фізічнай культуры, спорту і турызму, ідэалагічнай работы – абвясцілі аб правядзенні агляду-конкурсу сярод інтэрнатаў. Да лістапада камісіі неабходна вызначыць, якія ж інтэрнаты навучальных устаноў, прадпрыемстваў і арганізацый з’яўляюцца лепшымі. У асобнай намінацыі ацэньвацца будуць інтэрнацкія арганізатары выхаваўчай работы.
ЛЯХАВІЧЫ
Які ж рынак без прадпрымальнікаў?
Тэмы наладжвання цеснага супрацоўніцтва кіраўніцтва райспажыўтаварыстваў Брэстчыны з прадпрымальнікамі, добраўпарадкавання рынкаў у райцэнтрах сталі галоўнымі на выязным пасяджэнні праўлення аблспажыўсаюза, якое адбылося 24 мая ў Ляхавічах. Удзельнікі мерапрыемства наведалі мясцовы рынак, які за апошні час набыў сучасны выгляд. Па словах кіраўніка аблспажыўсаюза Алега Несцерука, такая мадэль добраўпарадкавання рынку вельмі перспектыўная і яе можна рэкамендаваць іншым.
МАЛАРЫТА
На новае месца службы
22 мая благачынны цэркваў раёна, настаяцель Свята-Мікалаеўскай царквы горада айцец Мікалай Кудласевіч адслужыў апошнюю сваю службу ў гэтым статусе і развітаўся з прыхаджанамі. Згодна з указам епіскапа Брэсцкага і Кобрынскага Іаана ён прызначаны настаяцелем Свята-Мікалаеўскага гарнізоннага сабора ў Брэсцкай крэпасці. Маларытчане, якія сабраліся ў гэты дзень у храме, падзякавалі айцу Мікалаю за плённую работу на ніве духоўнай дзейнасці.
ПІНСК
Міністэрства адзначыла
У пяцёрку лепшых індывідуальных прадпрымальнікаў, якія аказваюць юрыдычныя паслугі, увайшлі два юрысты-ліцэнзіяты з горада над Пінай. Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь па выніках работы за 2010 год адзначыла Таццяну Пацко і Алу Філіпскую.
ПІНСКІ РАЁН
У крыўчыцкім лесе
У традыцыйных майскіх турыстычна-краязнаўчых спаборніцтвах школьнікаў прынялі ўдзел 26 каманд з 23 устаноў адукацыі раёна. Ва ўпартай барацьбе агульнакамандную перамогу заваявалі юныя турысты з Аснежыцкай сярэдняй школы. У другі радок выніковай табліцы трапілі прадстаўнікі Бобрыкаўскай школы, а трэцімі сталі вучні Чухаўскай СШ.
ПРУЖАНЫ
Тэрміны ці якасць?
Нарада па будаўніцтве з удзелам старшыні аблвыканкама Канстанціна Сумара прайшла ў раёне. Пружаншчына мае статус базавага раёна ў рэспубліцы па асваенні інтэнсіўных тэхналогій у сельскагаспадарчай вытворчасці, а таму тут зараз узводзяцца 58 вытворчых аб’ектаў, у тым ліку  будуюцца 23 жывёлагадоўчыя фермы. Губернатар звярнуў увагу на якасць работ. Яе ні ў якім разе нельга прыносіць у ахвяру тэрмінам будаўніцтва.
СТОЛІН
Першы вучань у раёне
Традыцыйны штогадовы конкурс “Вучань года” завяршыўся фіналам, які прайшоў у актавай зале гімназіі г. Століна. У заключнай конкурснай праграме ўдзельнічалі шэсць фіналістаў. Галоўны тытул атрымаў адзінаццацікласнік Святаслаў Калоша з дзяржаўнай агульнаадукацыйнай сярэдняй школы №2 рабочага пасёлка Рэчыца.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля