На гэтым тыдні…
Брэст
Прысягнулі пагранічнікі
У мінулую суботу 220 служачых новага папаўнення Брэсцкай пагранічнай групы ўрачыста прынялі ваенную прысягу ўпершыню каля новай скульптурнай кампазіцыі “Героям граніцы, жанчынам і дзецям, якія мужнасцю сваёй у бессмяротнасць крочылі” ў Брэсцкай крэпасці. Маладых пагранічнікаў павіншавалі з важнай падзеяй начальнік пагрангрупы палкоўнік Сяргей Брытаў, мэр Брэста Аляксандр Палышанкоў, выконваючы абавязкі намесніка старшыні Дзяржпагранкамітэта краіны палкоўнік Сяргей Байбароша.
БРЭСЦКІ РАЁН
Дакрануцца да святыняў
У райвыканкаме адбылася сустрэча з рабочай групай Міжнароднай навукова-асветніцкай экспедыцыі “Дарога да святыняў”, якая пройдзе з 31 жніўня па 4 верасня ад Свята-Духава кафедральнага сабора ў Мінску да Ганцавіч –
сёлетняй сталіцы Дня беларускага пісьменства. Падчас яе быў абмеркаваны маршрут экспедыцыі па Прыбужжы.
БАРАНАВІЧЫ
Лепшыя міліцыянеры вобласці
Баранавіцкі гарадскі аддзел міліцыі прызнаны лепшым на Брэстчыне па выніках работы за першае паўгоддзе. За пазначаны перыяд часу агульная колькасць злачынстваў у горадзе зменшылася, а іх раскрывальнасць павялічылася.
БАРАНАВІЦКІ РАЁН
Усе дарогі вялі ў Багушы
Каб павіншаваць адну і тую ж жанчыну з юбілейным днём нараджэння, учора ў другой палове дня два старшыні райвыканкамаў, Баранавіцкага – Мікалай Язубец, Ганцавіцкага – Уладзімір Столяр, паспяшалі ў вёску Багушы. Справа ў тым, што 19 жніўня сваё 100-годдзе святкавала Марыя Данілаўна Столяр, якая доўгі час працавала ў мясцовай сельгасарганізацыі і выхавала чацвярых дзяцей. Нягледзячы на шаноўны ўзрост, гаспадыня дома захавала добрую памяць, і хоць падводзіць зрок – радуецца кожнаму пражытаму дню. Таму цёплыя словы, падарункі і песні былі з удзячнасцю ўспрыняты юбіляркай.
БЯРОЗА
У палоне кветак
Літаральна на вачах у жыхароў райцэнтра 18 жніўня пераўтварылася вуліца Леніна, на якой чаравалі ўдзельнікі абласнога конкурсу прафесійнага майстэрства сярод работнікаў “Зелянбуда” “Сузор’е кветак “Бяроза – 2011”. У конкурсе, арганізаваным абкамам прафсаюза работнікаў мясцовай прамысловасці сумесна з БАУП “Упраўленне ЖКГ”, удзельнічалі 22 каманды. У сваіх групах першымі сталі прадстаўнікі КУШВП “Кобрынская ЖКГ” і Пружанскага гарадскога прадпрыемства ЖКГ.
ГАНЦАВІЧЫ
Ад сівой мінуўшчыны…
У аўторак у сталічным выдавецтве “Літаратура і мастацтва” падпісана да друку кніга “Ганцаўшчына – край легенд і талентаў народных”, з якой мы зможам пазнаёміцца на Дні беларускага пісьменства. Яе аўтар – вядомы літаратар, ураджэнец Ганцаўшчыны Віктар Гардзей, ён з любоўю апісвае малую радзіму ад сівой мінуўшчыны да нашых дзён. Да таго ж, выданне багатае на ілюстрацыі і здымкі.
ДРАГІЧЫН
Выдатніцы – Вольгі
Раённы конкурс прафесійнага майстэрства повараў, афіцыянтаў і кандытараў, які з’яўляецца для іх своеасаблівым экзаменам і праводзіцца раз у тры гады, прайшоў у бары “Маладзёжны”. З 14 удзельнікаў на выдатна з заданнямі справіліся повар бара “Маладзёжны” Вольга Макарэвіч, афіцыянт-буфетчыца “Піцэрыі” Вольга Міховіч і кандытар цэха “Надзея” Вольга Рапін.
ЖАБІНКА
Новая паслуга
У сераду многія адпачывальнікі санаторыя “Буг” (у асноўным расіяне) наведалі гісторыка-краязнаўчы музей у Сяхновічах. Пасля экскурсіі гасцям быў дадзены канцэрт, у ходзе якога работнікі культуры частавалі прысутных нацыянальнымі стравамі. Тым самым раённы аддзел культуры прэзентаваў яшчэ адну платную паслугу.
ІВАНАВА
Бачаць сэрцам і душой
Раённая арганізацыя інвалідаў па зроку адзначыла сваё 60-годдзе. З гэтай нагоды ў бібліятэцы імя Ф. Панфёрава адбылося ўрачыстае мерапрыемства. На свята прыехалі госці з Брэста, Кобрына, Пінска. Павіншаваў юбіляраў старшыня раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” і ветэранскай арганізацыі Васіль Куніцкі. Актывістаў БелТІЗа адзначылі граматамі.
ІВАЦЭВІЧЫ
Керамічнае майстэрства
Першым у раёне членам Саюза майстроў народнай творчасці Беларусі стала Ала Капыціч з вёскі Соміна. Яна займаецца керамікай. Арыгінальныя работы творцы не раз экспанаваліся на розных выставах і фестывалях. Са сваімі вырабамі Ала Капыціч прымала ўдзел не толькі ў раённых мерапрыемствах, але і міжнародных.
КАМЯНЕЦ
Збіраем талакой
У раёне працягваецца акцыя “Збяры дзіця ў школу”, якая праводзіцца па ініцыятыве тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Прыняць удзел (дапамагчы грашыма, рэчамі, школьнымі прыладамі) могуць як арганізацыі, сельгаспрадпрыемствы, індывідуальныя прадпрымальнікі, так і жыхары раёна. Аднымі з першых у акцыю ўключыліся Камянецкае райспажыўтаварыства, ААТ “Белавежскі”, Камянецкая ЖКГ, ПУП “Заходні”, якія выдзелілі шматдзетным сем’ям сродкі на набыццё формы і школьных прылад.
КОБРЫН
Маладыя, ініцыятыўныя!
У мінулую суботу ў райцэнтры прайшоў фестываль мала-дзёжных ініцыятыў “Вольны рух-2011”. Больш за 125 энергічных, таленавітых, актыўных хлопчыкаў і дзяўчынак выступілі на чатырох фестывальных пляцоўках, прадэманстравалі сваё майстэрства ў намінацыях “Music”, “Стар-Тынэйджар”, “Bomb Art” і “Сіла двух”. Арганізавалі свята для жыхароў і гасцей горада раённы і абласны камітэты БРСМ, аддзел па справах моладзі райвыканкама і раённая кінавідэасетка.
ЛУНІНЕЦ
Прыгоды “Шляхцічаў” у Польшчы
Ансамбль “Шляхцічы” гарадскога Дома культуры паспяхова выступіў і заняў трэцяе месца на фестывалі беларускай культуры “Прымацкая бяседа” ў Польшчы. Дарэчы, у конкурснай праграме ўдзельнічалі 22 самабытныя калектывы. У наступным годзе лунінецкія артысты разам з іншымі лаўрэатамі наведаюць фэст у якасці гасцей.
ЛЯХАВІЧЫ
Чаканае абнаўленне
Гэтымі днямі ў райцэнтры пачаўся капітальны рамонт і мадэрнізацыя кінатэатра “Кастрычнік”. На замену даха ўжо выдаткавана з раённага бюджэту 400 мільёнаў рублёў, а ўсяго спатрэбіцца амаль 2 мільярды. Акрамя абноўленых глядзельнай залы і службовых кабінетаў, тут з’явіцца малая кіназала для сямейнага прагляду. З разлікам на адпачынак гараджан будзе добраўпарадкавана і прылягаючая тэрыторыя.
МАЛАРЫТА
З мячом супраць наркотыкаў
У рамках абласной спартакіяды па месцапражыванні, якая праходзіць пад дэвізам “Фізкультура, спорт і турызм супраць наркотыкаў і тытунекурэння сярод дзяцей і моладзі”, у райцэнтры адбыліся фінальныя спаборніцтвы па футболе “Скураны мяч” сярод хлопчыкаў 1999-2000 года нараджэння. Званне мацнейшай аспрэчвалі пераможцы занальных спаборніцтваў – каманды горада Пінска, Маларыцкага, Драгічынскага і Івацэвіцкага раёнаў. У фінальным матчы сустрэліся драгічынскія і івацэвіцкія футбалісты. З лікам 3:1 перамагла каманда з Драгічына.
ПІНСК
Злучальная стужка часоў
Учора ў горадзе над Пінай прайшла творчая лятучка для супрацоўнікаў гарадскіх і раённых газет, арганізаваная галоўным упраўленнем ідэалагічнай работы аблвыканкама і абласной арганізацыяй Беларускага саюза журналістаў у межах журналісцкага праекта “Радаслоўная і сучаснасць роднага краю”. Журналісты пабывалі ў калег у рэдакцыі “Пінскага весніка”, на экскурсіі па старадаўнім Пінску, абмеркавалі за “круглым сталом” асвятленне ў рэгіянальнай прэсе тэмы гістарычнага мінулага, захавання народных традыцый, краязнаўча-асветніцкай дзейнасці СМІ.
ПІНСКІ РАЁН
Рыбу выгадуем самі
Рэспубліканскі семінар-нарада адбыўся на базе ААТ “Рыбгас “Палессе”. Кіраўнікі і спецыялісты ўсіх рыбагадоўчых гаспадарак краіны наведалі новы цэх перапрацоўкі рыбы, пазнаёміліся з арганізацыяй рыбнага гандлю ў рэгіёне. На плянарным пасяджэнні рыбаводы абмеркавалі бягучыя вынікі работы, шэраг пытанняў па рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы развіцця рыбаводчай галіны на 2011 – 2015 гады.
ПРУЖАНЫ
Супрацьстаянне вяскоўцаў
Сёння ў райцэнтры ў СДЮШ №1, водным палацы і на гарадскім стадыёне “Мухавец” горача не ад надвор’я, а ад спартыўнага запалу. На гэтых пляцоўках праходзіць фінал летняй абласной спартакіяды сярод сельскіх работнікаў, а таксама абласныя спаборніцтвы “Залаты каласок” па футболе і валейболе. На чыім “полі” будзе свята, высветліцца бліжэй да вечара.
СТОЛІН
Бізнес ан-лайн
З’явіўся новы інфармацыйны рэсурс для прадпрымальнікаў горада. Гэта сайт “Бізнэ$толін”, на якім сабраны звесткі пра фірмы і арганізацыі горада, сельгас- і хімічную вытворчасць, абслугоўванне аўтамабіляў, будаўніцтва, вясельныя паслугі і шмат іншага. Віртуальны праект (яго адрас – www.bi
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.