Навіны рэгіёнаў

Навіны рэгіёнаў

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

БРЭСТ
Лагістыка ў комплексе
Транспартна-лагістычны цэнтр “Брэст-Белмытнясэрвіс” адкрыўся 20 верасня ў абласным цэнтры. Тут створаны ўсе ўмовы для аказання поўнага комплексу паслуг у галіне мытнай, транспартна-экспедыцыйнай, складской і інфармацыйнай лагістыкі. Ва ўрачыстасцях, прысвечаных гэтай падзеі, прынялі ўдзел старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар, старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэта Аляксандр Шпілеўскі, старшыня Дзяржпагранкамітэта Ігар Рачкоўскі, міністр транспарту і камунікацый Іван Шчэрба.
БРЭСЦКІ РАЁН
“Горка!”
У Чэрнях адкрылася зала для ўрачыстай рэгістрацыі шлюбу. Тут праводзіўся капітальны рамонт, які значна змяніў і палепшыў яе знешні выгляд. Першую пару маладых зарэгістравалі ў мінулую суботу.  Дзмітрыя Ясінскага і Людмілу Актысюк павіншавалі начальнік раённага аддзела ЗАГС Вікторыя Саколікава і старшыня сельвыканкама Сяргей  Саўчук. На памяць  аб гэтым святочным дні яны ўручылі маладажонам спецыяльны падарунак ад райвыканкама.
БАРАНАВІЧЫ
За крок да “Міс”
Ураджэнка райцэнтра Аксана Саўко заваявала тытул “Першай віцэ-міс” на чацвёртым конкурсе прыгажосці “Міс Мінск–2011”. Наша зямлячка ўступіла карону пераможцы Ульяне Валахоўскай, аднак 19-гадовая мадэль лічыць, што самыя гучныя яе перамогі – яшчэ наперадзе.
БАРАНАВІЦКІ РАЁН
Наваселле ў лясніцтве
У Палонкаўскім лясніцтве адкрыты новы адміністрацыйны будынак. Ён адпавядае ўсім сучасным патрабаванням.Працоўныя месцы абсталяваны камп’ютарнай тэхнікай. Дарэчы, такі падарунак леснікі атрымалі акурат у сваё прафесійнае свята.
БЯРОЗА
Лавіся, рыбка, і прадавайся!
ААТ “Вопытны рыбгас “Сялец” пачало восеньскую лоўлю рыбы і яе продаж. Сёлета прадпрыемства плануе рэалізаваць 2,7 тысячы тон прадукцыі, у тым ліку 80 тон рыбы каштоўных відаў, што на 80 працэнтаў больш, чым у 2010 годзе.
ГАНЦАВІЧЫ
За спакойную сям’ю
Ва ўстановах адукацыі раёна праходзіць акцыя “Шчаслівая сям’я”, накіраваная на папярэджанне сямейных канфліктаў  і правапарушэнняў сярод непаўналетніх. Арганізаваны комплексныя прафілактычныя мерапрыемствы найперш для сем’яў, дзе ёсць цяжкія падлеткі. Бацькам раздаюць інфармацыйныя буклеты па пытаннях сямейнага выхавання, праводзяцца конкурсы і святы з удзелам бацькоў і дзяцей, праходзяць пасяджэнні сямейных клубаў.
ДРАГІЧЫН
З першых вуснаў
У сераду Жабер запланавана  наведалі госці з райцэнтра. У невялікай вёсцы пражывае 85 чалавек, з іх 60 – пенсіянеры. Дапамагчы жыхарам у вырашэнні жыццёвых і бытавых праблем пастараліся спецыялісты аддзела пенсій  упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва райвыканкама, а таксама медыкі, прадстаўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях і мясцовага сельскагаспадарчага прадпрыемства.
ЖАБІНКА
Бульба для пенсіянераў
Пра пажылых жыхароў горада паклапаціліся работнікі раённага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва: нарыхтавалі для іх 5,5 тоны бульбы. Сацыяльнае таксі даставіла гэтую прадукцыю дадому кожнаму з 27-мі адзінокіх пенсіянераў, якія знаходзяцца на надомным абслугоўванні.
ІВАНАВА
І стратэгія, і тактыка
Начальнік УУС аблвыканкама генерал-маёр  Уладзімір Сычэўскі прыняў удзел у пашыраным пасяджэнні райвыканкама. Асноўная прычына візіту кіраўніка абласной міліцыі – трывожная статыстыка росту правапарушэнняў у Іванаўскім раёне. А галоўная мэта –  выпрацаваць дзейсную стратэгію і тактыку дзеянняў для таго, каб кардынальна змяніць сітуацыю да лепшага.
ІВАЦЭВІЧЫ
Моладзь у прадпрымальніцтве
У рамках праекта “Уключайся!”, які сумесна праводзяць Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі і ААТ “Белаграпрамбанк”, у райцэнтры прайшоў семінар-вучоба па падтрымцы і развіцці прадпрымальніцтва сярод моладзі. Спецыялісты сферы занятасці, падатковых органаў, аддзела эканомікі райвыканкама і прадстаўнікі “Белаграпрамбанка” расказалі пра перспектывы малога бізнесу ў рэгіёне, падказалі, як зрабіць правільна першыя крокі ў прадпрымальніцтве, паведамілі пра падтрымку бізнес-ініцыятыў.
КАМЯНЕЦ
Школьны злёт
У гэтыя выхадныя прускаўскі лес прымае традыцыйны раённы турыстычны злёт школьнікаў. У ім удзельнічаюць вучні 5-11 класаў з 18-ці школ. Арганізатары злёту – Камянецкі дзяржаўны цэнтр турызму і краязнаўства і аддзел адукацыі райвыканкама – унеслі ў праграму, акрамя традыцыйнай спартыўнай часткі, спаборніцтвы па арыентаванні і краязнаўстве.
КОБРЫН
Прыпіскі не дапамаглі…
19 верасня супрацоўнікі аддзялення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі мясцовага райаддзела ўнутраных спраў і ўпраўлення ведамаснага кантролю аблвыканкама пры праверцы асваення льготных крэдытаў у СВК “Узыходзячая зара” выявілі, што адно з закрытых акцыянерных таварыстваў дапусціла завышэнне кошту работ на рамонце дзіцячага садка і адміністрацыйнага будынка ў вёсцы Хідры, а таксама на будаўніцтве трох аднакватэрных жылых дамоў у вёсцы  Каташы. Агульная сума прыпісак склала больш за 45,6 мільёна рублёў. Дарэчы, незаконна прысвоеныя грошы ўжо вернуты сельгаскааператыву.
ЛУНІНЕЦ
Танцы з “Фантазіяй”
У аўторак адбыўся канцэрт тэатра танца “Фантазія”. У гарадскім Доме культуры брэсцкія артысты паказалі гледачам праграму “Кабарэ-шоу”. Нагадаем: творчы калектыў пакарыў феерычнай харэаграфіяй не толькі сваіх суайчыннікаў, але і замежных прыхільнікаў мастацтва. Тэатр пастаянна гастралюе, набывае славу.
ЛЯХАВІЧЫ
Заўсёды гатовы!
У райцэнтры на плошчы Перамогі ўрачыста прынялі ў піянеры пяцікласнікаў навучальных устаноў раёна. З прывітальным словам да школьнікаў звярнуліся начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама Алег Траццяк і першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Ларыса Юшкевіч. Яны выказалі спадзяванне, што новыя члены суполкі стануць актыўнымі піянерамі і вырастуць годнымі патрыётамі сваёй рэспублікі.
МАЛАРЫТА
Пытанні дэпутату
20 верасня ў райвыканкаме выязны прыём грамадзян правяла дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ніна Федарук. Асноўныя пытанні тычыліся добраўпарадкавання кватэр, дамоў і прысядзібных участкаў, прадпрымальніцкай дзейнасці. Падобныя мерапрыемствы ў населеных пунктах право-дзяцца штомесяц, і кожны жыхар на такой сустрэчы можа ўзняць хвалюючую яго тэму.
ПІНСК
Золата – у “Забіякі”
Новы выраб Пінскага хлебазавода – кекс “Забіяка” высока ацанілі на галіновым рэспубліканскім аглядзе якасці хлебабулачнай прадукцыі “Ласунак-2011”. Эксперты прысудзілі ласунку пінскіх хлебапёкаў залаты медаль.
ПІНСКІ РАЁН
Ад намераў – да спраў
Да ліку сяброў Піншчыны далучыліся гміны Дрэлюў і Мендзыжэц-Падляскі. Прадстаўнікі Люблінскага ваяводства пабывалі ў раёне і падпісалі з беларускім бокам дагавор аб супрацоўніцтве. Дасягнута пагадненне аб рэалізацыі агульных праграм у галіне будаўніцтва, навукова-тэхнічнага партнёрства. Вырашана сумесна паўдзельнічаць у конкурсе праектаў праграмы Еўрасаюза па трансгранічным супрацоўніцтве, каб атрымаць фінансавую падтрымку на будаўніцтва ачышчальных збудаванняў.
ПРУЖАНЫ
Агледзіны Мельпамены
У райцэнтры прайшоў занальны агляд тэатральных калектываў, на якім адбіраліся ўдзельнікі для  фестывалю “Тэатральнае Палессе–2011”. Выдатныя водгукі атрымалі артысты-аматары Палаца культуры з Пружан. У рэпертуары калектыву – творы розных аўтараў, а на абласны фэст пружанцы павязуць “Сялянскую камедыю” па п’есе Уладзіміра  Рудава.
СТОЛІН
Пакаранне за рэўнасць
7 гадоў пазбаўлення волі атрымаў мясцовы жыхар, які задушыў жонку… бюстгальтарам. Днямі прысуд, вынесены 55-гадоваму мужчыне, уступіў у сілу. Сталінчанін раней асуджаны не быў, спіртнымі напіткамі не злоўжываў. Следствам устаноўлена: ён пастаянна раўнаваў сваю жонку, хаця падстаў для гэтага не было.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

Для вас гатуе Дзяніс МАРУК, галоўны рэдактар партала “Рэальны Брэст”

Следующая запись

Маладзёжны мерыдыян