Беларусь

У Беларусі – новы пракурор


У Беларусі – новы пракурор
Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка 20 верасня прызначыў генеральным пракурорам Рэспублікі Беларусь Канюка Аляксандра Уладзіміравіча, вызваліўшы яго ад пасады намесніка старшыні Вярхоўнага Суда.
Пераразлік пенсій
Пераразлік працоўных пенсій будзе зроблены ў Беларусі з 1 лістапада. Аб гэтым паведаміла міністр працы і сацыяльнай абароны Марыяна Шчоткіна. У сувязі з тым, што сярэдняя зарплата работнікаў у рэспубліцы за трэці квартал будзе вядома толькі пасля 20 кастрычніка, паведаміць дакладны памер павышэння пенсій пакуль немагчыма, адзначыла міністр.
Несезонны час
У Беларусі адмяняецца пераход на сезонны час. Як паведамілі ў прэс-службе Дзяржстандарту, гэта вызначана пастановай Савета Міністраў краіны, якая прынята 15 верасня. Рашэнне аб адмене штогадовага пераводу стрэлак гадзіннікаў у апошнюю нядзелю сакавіка на адну гадзіну наперад і ў апошнюю нядзелю кастрычніка на адну гадзіну назад прынята з мэтай узгодненага з дзяржавамі-удзельніцамі Мытнага саюза адліку часу.
Суперпаштавікі
Трыумфатарам XV Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства аператараў сувязі і паштальёнаў РУП «Белпошта» сталі берасцейскія паштавікі. Каманда вобласці заняла першае месца і атрымала кубак і дыплом. Акрамя таго, на вышэйшыя прыступкі ў сваіх намінацыях узышлі Наталля Нагорная і Людміла Нольд, якія сталі адпаведна лепшым аператарам сувязі і лепшым паштальёнам краіны.
Валюта па пашпартах
Пакупка валюты для насельніцтва па пашпартах будзе ўведзена ў Беларусі з 1 кастрычніка. Аб гэтым паведаміла журналістам старшыня праўлення Нацыянальнага банка Надзея Ермакова. Пры гэтым яна адзначыла, што не плануецца ўстанаўліваць нейкіх абмежаванняў па колькасці набываемай валюты.
Запрашаем на «прамую лінію»
5 кастрычніка з 18.00 да 20.30 будзе праводзіцца «прамая тэлефонная лінія» з удзелам начальніка ўпраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама генерал-маёра міліцыі Уладзіміра Васільевіча Сычэўскага.
Тэлефон «прамой лініі»:  (8-0162) 21-01-16.
Рыхтуйце стрэльбы, паляўнічыя!
1 кастрычніка пачынаецца самае масавае і любімае паляванне на дзікіх капытных жывёлін (кабана, лася, аленя плямістага і высакароднага, казулю і  лань еўрапейскіх). Як паведамляе абласная інспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету, паляванне дазваляецца ружжовым спосабам, загонам, у тым ліку паляўнічымі сабакамі ў светлы час сутак, з засады і з падыходу – кругласутачна. Сезон палявання будзе працягвацца да 30 снежня.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля