Навіны рэгіёнаў

Навіны рэгіёнаў

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

БРЭСТ
Каб стрэльба не выстраліла
15 лістапада пры збыце абрэза паляўнічай стрэльбы супрацоўнікі УКДБ па Брэсцкай вобласці затрымалі 35-гадовага брастаўчаніна. Па гэтым факце ўзбуджана крымінальная справа. Дзеючым заканадаўствам за незаконны збыт агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў прадугледжана пакаранне да 6 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.

БРЭСЦКІ РАЁН
Разумнікі з Чарнаўчыц
Напрыканцы мінулага тыдня адбыўся раённы чэмпіянат гульні “Што? Дзе? Калі?” сярод каманд сярэдніх школ. У выніку ўпартай барацьбы першае месца і права абараняць гонар Прыбужжа на абласным турніры па інтэлектуальных гульнях атрымала каманда Чарнаўчыцкай сярэдняй школы. На другім месцы – інтэлектуалы з Астрамечаўскай, на трэцім – з Меднаўскай СШ.

БАРАНАВІЧЫ
Творчае шчасце
Мастацкі дэбют вядомага дакументаліста і ўраджэнца Баранавіч Сяргея Лазніцы – фільм “Шчасце маё” – перамог у конкурсе за “Найлепшы еўрапейскі дэбют” на XVI Еўрапейскім форуме “Cinergia” ў польскай Лодзі. Акрамя ўзнагароды “Крыштальная лодка” пераможца атрымаў грашовую прэмію – 10 тысяч злотых.

БАРАНАВІЦКІ РАЁН
Пераабуўся? Трымай наклейку!
Супрацоўнікі раённай Дзяржаўтаінспекцыі правялі акцыю “Я пераабуўся ў зімовую гуму”. Асноўная мэта мерапрыемства – нагадаць вадзіцелям змяніць “абутак” свайму аўтамабілю. Тым, хто гэта ўжо зрабіў, інспектары ДАІ ўручылі спецыяльныя наклейкі на машыны.

БЯРОЗА
Рыба на экспарт
Рыбгас “Сялец” пашырае геаграфію экспарту ў Еўрасаюз. Пачаты перамовы аб пастаўках прадукцыі ў Бельгію, Чэхію і Прыбалтыку. Разам з тым павялічаны экспарт у Расійскую Федэрацыю.

ГАНЦАВІЧЫ
Дапамаглі… сцены?
На гэтым тыдні ў спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школе алімпійскага рэзерву прайшло адкрытае першынство сярод юнакоў і дзяўчат па вольнай барацьбе. Акрамя ганцаўчан у ім удзельнічалі рабяты з Бярозы і Клецка. Сярод пераможцаў было нямала мясцовых выхаванцаў. Так, у юнакоў узроставай групы 1997-1998 гадоў нараджэння ў розных вагавых катэгорыях першыя месцы занялі Іван Мацукевіч, Аляксандр Шкуратэнка і Дзмітрый Руднікевіч. А сярод іх равесніц-дзяўчат вылучылася Алена Саладуха. Парадавалі балельшчыкаў і Ягор Матуліс, Мікалай Ярашэвіч 2000-2001 гадоў нараджэння.

ДРАГІЧЫН
Памяці Яўгена Сушко
У мінулую суботу адбылося адкрытае першынство раёна па дзюдо на прызы памяці воіна-інтэрнацыяналіста Яўгена Сушко. У спаборніцтвах, якія праходзілі пад дэвізам “За моцную квітнеючую Беларусь”,  удзельнічалі навучэнцы спартыўных школ з Драгічына, Пінска, Брэста, Кобрына, Івацэвіч. З 90 дзюдаістаў пераможцамі ў розных вагавых катэгорыях сталі 13 чалавек  – 9 хлопчыкаў і 4 дзяўчынкі.

ЖАБІНКА
Дзве кнігі паэта
У брэсцкім выдавецтве “Альтэрнатыва” толькі што выйшлі адна за адной дзве кнігі жабінкаўскага паэта Івана Дацкевіча (дарэчы, пастаяннага аўтара “Народнай трыбуны”). У першай кнізе “Принимаю жизнь, как чудо!”  сабраны вершы на рэлігійныя тэмы. Другі ж зборнік “Возвращение” складаецца з самых лепшых лірычных твораў, афарызмаў і гумару.

ІВАНАВА
Лепшыя ў рэспубліцы
Ніна Смоляк, Аляксандр Міснік, Іван Грынь з СВК “Снітава-Агра” сталі пераможцамі рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства работнікаў па штучным асемяненні жывёл, які прайшоў у Віцебску. Яны адзначаны дыпломамі Міністэрства сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь і грашовымі ўзнагародамі.

ІВАЦЭВІЧЫ
Адукацыйны рэйд
На вуліцы райцэнтра выйшлі члены маладзёжнай арганізацыі юных выратавальнікаў-пажарных, каб яшчэ раз прыцягнуць увагу дарослых да праблем здароўя і пажарнай бяспекі. Школьнікі наладзілі акцыю “Не прапальвай сваё жыццё!”. Некалькі гадзін валанцёры правялі ў гарадскіх аўтобусах, дзе займаліся тлумачальнай работай з пасажырамі, раздавалі буклеты і памяткі на супрацьпажарную тэматыку.

КАМЯНЕЦ
Парадавалі юныя фалькларысты
У цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі горада Высокае прайшоў раённы фальклорны фестываль “Спадчына”, у якім удзельнічалі дзіцячыя калектывы ўстаноў адукацыі Камянеччыны. Школьнікі паказалі старажытныя абрады, выканалі песні і танцы. У фестывалі прынялі ўдзел узорныя фальклорныя калектывы “Катрынка” і “Белавежская цывінка”, а таксама “Крыніца” з Рэспублікі Польшча.

КОБРЫН
Малюнкі на камп’ютары
Падведзены вынікі пятага раённага конкурсу камп’ютарных малюнкаў. У ім прынялі ўдзел 125 вучняў пачатковых класаў з 22-х школ Кобрыншчыны. Пераможцамі сталі першакласніца сярэдняй школы №2
Марыя Гарудка, другакласнікі Аляксандр Бінько (СШ №6) і Мікола Астапчук (СШ №8), вучаніца 3 класа СШ №6 Лізавета Казак і вучань 4 класа гэтай жа школы Яўген Бінько.

ЛУНІНЕЦ
Вярнулі ў старое… рэчышча
Завяршылася рэканструкцыя натуральнага рэчышча ракі Цна на тэрыторыі заказніка “Сярэдняя Прыпяць”. Яна праходзіла ў рамках праекта ПРААН/ГЭФ “Стварэнне ўмоў для ўстойлівага захавання ахоўных водна-балотных угоддзяў у Беларускім Палессі”. Каб захаваць біяразнастайнасць, раку накіравалі ў яе старое рэчышча – такога ў нашай краіне яшчэ не рабілі. Для гэтага была пабудавана спецыяльная пераліўная дамба.

ЛЯХАВІЧЫ
Наконт здароўя параіліся з міністрам
У сераду міністр аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Васіль Жарко правёў у райвыканкаме прыём грамадзян. Пытанні ляхавіччан тычыліся пераразмеркавання, атрымання накіраванняў у абласныя і рэспубліканскія медустановы, прызначэння групы інваліднасці, набыцця лекаў па льготных рэцэптах… Кожны з 15 заяўнікаў атрымаў поўны адказ ці тлумачэнне ад міністра. Затым Васіль Жарко наведаў цэнтральную раённую бальніцу і паліклініку.

МАЛАРЫТА
Пераможныя 11
У шчаслівую, як многія палічылі, дату 11.11.11 на Маларытчыне не толькі бралі шлюб і загадвалі жаданні. Каманды сельгаспрадпрыемстваў раёна ў гэты дзень сабраліся на базе спартыўнага комплексу “Жамчужына”, каб паўдзельнічаць у спартакіядзе, прымеркаванай да Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай   прамысловасці АПК. Пераможнай своеасаблівая дата стала для каманды СВК “Хаціслаўскі”, якая заняла першае месца. Другое і трэцяе падзялілі спарт-смены з СВК “Чырвоны партызан” і “Чарняны”.

ПІНСК
Кубак сталіц свету – наш!
Хоць горад над Пінай і не сталіца па сваім адміністрацыйным статусе, але Кубак сталіц свету ў Пінск прывезлі. І ўсё – дзякуючы майстэрству Дзмітрыя Грачова. Выхаванец пінскага клуба каратэ-до “Эдэльвейс” заваяваў галоўны прыз і вялікі залаты медаль у асабістым заліку на 4-м Міжнародным турніры па ўсестылявым каратэ “Кубак сталіц свету – “Маскоўскія зоркі”. Маскоўскі цэнтр баявых мастацтваў стаў сведкам трыумфальнага выступлення нашага майстра спорту міжнароднага класа: Дзмітрый перамог ва ўсіх баях і не пакінуў шансаў на чэмпіёнскі тытул нікому са сваіх славутых замежных сапернікаў.

ПІНСКІ РАЁН
Ставоцкія інтэлектуалы
У чацвёрты раз школьнікі раёна ўдзельнічалі ў сінхронным абласным турніры па гульні “Што? Дзе? Калі?”. Сярод 28 каманд, якія правяралі на працягу трох гадзін свае інтэлектуальныя здольнасці, найлепшы вынік паказалі знатакі Ставоцкай сярэдняй школы. Ім журы і прысудзіла галоўны прыз – драўляную саву.

ПРУЖАНЫ
Аб’яднаныя турызмам
Учора ў раёне пабывала дэлегацыя членаў праўлення аб’яднання самакіраванняў Еўрарэгіёна “Белавежская пушча”. Госці з Гайнаўскага павета разам з калегамі з Камянецкага і Свіслацкага раёнаў, прадстаўнікамі консульстваў Польшчы ў Брэсце і Гродна абмеркавалі патэнцыял турыстычнай інфраструктуры Пружаншчыны і сумесныя праекты ў галіне развіцця турызму з выкарыстаннем магчымасцей Еўрарэгіёна “Белавежская пушча”.

СТОЛІН
Пракансультаваліся ў Альманах
У Альманскай сярэдняй школе прайшоў кансультацыйны семінар “Зніжэнне і папярэджанне рызыкі, павышэнне бяспекі сельскагаспадарчай прадукцыі ў прыватным сектары на тэрыторыях, якія пацярпелі ў выніку катастрофы на ЧАЭС”.  Яго ўдзельнікам расказалі пра радыелагічны кантроль, тэхналогіі вытворчасці і перапрацоўкі сельгаспрадукцыі і іншае. Мясцовыя жыхары і іх суседзі з Белавушы змаглі зрабіць аналіз прадукцыі на ўтрыманне радыенуклідаў.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

“Жыроўка” з сюрпрызам

Следующая запись

Маладзёжны мерыдыян