Майстар-клас валадарам ліній і плям

Майстар-клас валадарам ліній і плям

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

15 лістапада 35-годдзе дзіцячай школы выяўленчых мастацтваў г. Брэста дзеці і дарослыя адзначылі вернісажам у музеі «Выратаваныя мастацкія каштоўнасці»
Хто лепш прадставіць карціны майстроў, чым іх захопленыя вучні? Знаёмцеся: Маша Рамановіч, вучаніца першага класа дзіцячай школы выяўленчых мастацтваў г. Брэста. Яна – мой імправізаваны экскурсавод па «Восені-2011» – выставе творчых работ выкладчыкаў, якая прымеркавана да 35-годдзя навучальнай установы. Няхай вас не бянтэжыць «стаж» кансультанта – для паступлення ў школу Маша грунтоўна рыхтавалася, здала ўсе іспыты і проста не ўяўляе свайго жыцця без жывапісу. І хоць пачаткоўцы жывапіснага цэху зараз на стадыі валадароў ліній і плям – як вядома, з гэтых няхітрых маніпуляцый з паперай ці шпалерамі пачынаецца шлях у вялікае мастацтва любога Шагала ды Малевіча, але добры густ, лёгкая рука і праніклівы погляд – той компас, які вядзе іх да асваення аб’ёмаў і форм – прамудрасцей «дарослай» тэхнікі.
Сапраўды, без «навігатара» ў свеце прыгожага на выставе адчуваеш лёгкую паніку: кругазварот «папера – акрыл – алей – рэтуш» палоніць канчаткова. І як тут самой заўважыць выдатна прапісаны фон ці цень, гарманічную колеравую гаму ці ўдалую кампазіцыю?..
Калі эстэтычны «голад» быў спатолены, надышла чарга інфармацыйнага. Як ішла падрыхтоўка да выставы? Што новага адбылося ў сценах школы?
– Ужо традыцыйна на працягу 10-ці гадоў пасля летніх пленэраў праводзім справаздачную выставу выкладчыкаў школы, – расказвае Святлана Аляксейчык, намеснік дырэктара. – Дзякуючы ёй адбываецца абнаўленне фондаў, дэманструюцца творчыя напрацоўкі педагогаў, іх прафесійны рост, але перш за ўсё – гэта магчымасць для вучняў убачыць узровень, да якога трэба імкнуцца.
На «Восені-2011» паказаны работы амаль усяго педагагічнага калектыву, склад якога, дарэчы, за мінулыя гады поўнасцю абнавіўся на чале з дырэктарам Святланай Вяль. Як і назва ўстановы сёлета – дзіцячай мастацкай школы больш не існуе.
…А пачыналася ўсё з трох педагогаў, успамінаў на адкрыцці выставы Аляксандр Алонцаў – першы дырэктар першай у Беларусі дзіцячай мастацкай школы, давялося ўстанове «павандраваць» па розных будынках, пакуль не атрымалі сталую «прапіску» на Леванеўскага, 27. Калі б не была створана гэта школа, мы не далічыліся б многіх і многіх талентаў. І гэта праўда.
Ну, а цудоўнай дзяўчыне Машы Рамановіч хочацца пажадаць, каб наша наступная сустрэча адбылася на яе персанальнай выставе.
Алёна САЦУТА, «НТ».

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

“Жыроўка” з сюрпрызам

Следующая запись

Маладзёжны мерыдыян