Навіны рэгіёнаў
БРЭСТ
Шкуркі знялі з… цягніка
Супрацоўнікі Брэсцкай мытні і ваеннаслужачыя Брэсцкай пагрангрупы 5 снежня пры афармленні ў чыгуначным пункце пропуску “Брэст” цягніка “Берлін – Масква” знайшлі ў акумулятарнай скрынцы пад адным з вагонаў 8 поліэтыленавых пакетаў, у якіх захоўваліся 98 шкурак норкі, і дзве дарожныя сумкі з аўтазапчасткамі. Увесь тавар на суму больш чым 110 мільёнаў рублёў канфіскаваны, па факце кантрабанды пачаты адміністрацыйны працэс.
БРЭСЦКІ РАЁН
Захапляючая пескаграфія
У раённым Доме культуры ў Чэрнях адкрыліся два новыя гурткі – пескаграфіі і акцёрскага майстэрства. У першым з дапамогай рук, фантазіі і залацістага пяску, які прывозяць з Кобрынскага раёна і прасейваюць праз сіта, дзеці ствараюць чароўныя малюнкі і казачных герояў на шкле. Гульня з пяском дапамагае дзецям развіваць творчую фантазію і мысленне. Падчас заняткаў у гуртку яны вывучаюць таксама камп’ютарную графіку.
БАРАНАВІЧЫ
Двойчы пераможцы
Валейбалісткі каманды “Атлант-БарДУ” на пляцоўцы свайго спарткомплексу двойчы перамаглі бронзавага прызёра мінулагодняга чэмпіянату – магілёўскага “Камунальніка”. Немалы ўклад у перамогу ўнесла навічок каманды 22-гадовая Вера Сярэбраннікава. Спартсменкі перамаглі ў партыях з лікам 3:0. Такі ж паспяховы вынік быў і ў другой гульні з гэтымі ж саперніцамі.
БАРАНАВІЦКІ РАЁН
Канфіскат на 10 тысяч долараў
Недалёка ад вёскі Малая Калпеніца супрацоўнікі фінансавай паліцыі, АБЭП і ДАІ РАУС затрымалі буйную партыю імпартнай тэхнікі. Кантрабанду з Польшчы ўвёз 35-гадовы брастаўчанін на мікрааўтобусе “Мерседэс”. Агульная сума канфіскаванага складае 10 тысяч долараў.
БЯРОЗА
Каралі рынга
На адкрытым першынстве Жабінкаўшчыны па боксе багаты ўраджай медалёў сабралі выхаванцы спартыўнага клуба “Кронас”, які дзейнічае на базе ДЮСЭЦ. У вагавой катэгорыі 59 кілаграм лепшым стаў Сямён Маяцкі. Другія месцы ў вагавых катэгорыях 60 і 66 кілаграм занялі Уладзіслаў Грыцук і Віктар Галянко.
ГАНЦАВІЧЫ
Куды пайсці працаваць?
У чацвер выпускнікі прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці, якія будуць размяркоўвацца ў сакавіку 2012 года, сустрэліся з кіраўнікамі і галоўнымі спецыялістамі сельгасвытворчых кааператываў, ПМС, райспажыўтаварыства і будаўнічых арганізацый. Яны атрымалі шмат карыснай для сябе інфармацыі – як пра самі прадпрыемствы, іх аснашчанасць новай тэхнікай, так і пра тых, хто ўжо замацаваўся на першым працоўным месцы.
ІВАНАВА
Дзяржаўны інтарэс
У аграгарадку Псышчава з удзелам кіраўніка райсавета Святланы Майсейчык прайшла вучоба старшынь сельскіх Саветаў дэпутатаў. Абмяркоўвалася работа органаў улады першаснага ўзроўню па выкананні праграмы падтрымкі і развіцця асабістых дапаможных гаспадарак. Свае прапановы выказалі старшыня праўлення райспажыўтаварыства Генадзь Расолаў, галоўны ветурач раёна Мікалай Балюк, прадстаўнікі банкаў.
ІВАЦЭВІЧЫ
Навагодняя акцыя
Раённае спажывецкае таварыства ў сваіх гандлёвых прадпрыемствах разгарнула пераднавагоднюю акцыю. Сутнасць яе ў тым, што на шэраг тавараў уведзена святочнае зніжэнне цэн. Скідкі ад 5 да 10 працэнтаў кошту можна атрымаць на ювелірныя вырабы, мэблю, халадзільнікі, тэлевізары, пральныя машыны.
КАМЯНЕЦ
У пушчу прыйшла зіма
У мінулую суботу ў маёнтку беларускага Дзеда Мароза ў Нацыянальным парку “Белавежская пушча” адкрыўся зімовы сезон. Па традыцыі з песнямі і танцамі тут сустрэлі Зіму і Снягурку. Адкрыццё зімовага сезона было адзначана народным гуляннем і канцэртам калектываў мастацкай самадзейнасці раёна.
КОБРЫН
Двайное забойства ў Ліпаве
У аўторак сярод белага дня ў вёсцы Ліпава адбылося жорсткае забойства дзвюх жанчын – 71-гадовай пенсіянеркі і яе 53-гадовай дачкі, работніцы мясцовага сельгаспрадпрыемства. Апошняя ў выніку мноства рубленых ран галавы памерла на месцы здарэння, а маці – крыху пазней, па дарозе ў бальніцу. Па падазрэнні ў гэтым злачынстве затрыманы 37-гадовы непрацуючы мужчына, жыхар г. Пінска, які быў раней судзімы за крадзяжы. Пракуратурай раёна ўзбуджана крымінальная справа.
ЛУНІНЕЦ
Удалы год для Эдуарда
Эдуард Міхан, выхаванец гарадской дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы алімпійскага рэзерву, трапіў у спіс лепшых маладых спартсменаў Беларусі адыходзячага года. Мацнейшых атлетаў рэспублікі вызначылі выканкам Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі і галоўны трэнерскі савет нацыянальнай каманды. Зараз хлопец, які, дарэчы, з’яўляецца сярэбраным прызёрам маладзёжнага чэмпіянату Еўропы па дзесяцібор’і, працягвае адукацыю ў Гомелі.
ЛЯХАВІЧЫ
Кожнаму – сваё. На памяць…
6 снежня старшыня райвыканкама Дзмітрый Бурдук разам з намеснікам начальніка раённага ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Дзінай Трысцень і галоўным рэдактарам райгазеты “Ляхавіцкі веснік” Вольгай Барадзіной завіталі ў госці да інвалідаў-калясачнікаў Галіны і Алега Зыранавых. Сямейная пара з Крывошына вядомая ў раёне сваёй актыўнай жыццёвай пазіцыяй. На памяць аб сустрэчы ў Зыранавых застануцца падарункі і грашовая дапамога, выдзеленая райвыканкамам, а ў гасцей – святло, якое вылучаюць любячыя сэрцы.
МАЛАРЫТА
Капліца ў бальніцы
На першым паверсе тэрапеўтычнага корпуса (дзіцячае аддзяленне) цэнтральнай раённай бальніцы з’явілася капліца. На асвячэнні яе прысутнічалі старшыня райвыканкама Казімір Лапіч, епіскап Брэсцкі і Кобрынскі Іаан, прыхаджане Свята-Мікалаеўскай царквы г. Маларыта. У капліцы будуць чытацца акафісты, праводзіцца гутаркі на праваслаўныя тэмы, а святары змогуць спавядаць і прычашчаць хворых.
ПІНСК
Дух алімпізму
Пераможцаў рэспубліканскай акцыі “Алімпізм і моладзь” узнагародзілі ў панядзелак у Пінску. Прадстаўнікі міністэрстваў адукацыі, спорту і турызму, Прадстаўніцтва Нацыянальнага алімпійскага камітэта па Брэсцкай вобласці адзначылі лепшыя ўрокі “О спорт! Ты радасць”, “Алімпійцы сярод нас”, лепшыя алімпійскія куткі ва ўстановах адукацыі, а таксама назвалі пераможцаў конкурсу малюнкаў. Толькі ў першым этапе акцыі, якая доўжылася з кастрычніка мінулага года па 1 снежня
2011-га, на Брэстчыне прынялі ўдзел больш за 87 тысяч школьнікаў і навучэнцаў устаноў прафтэхадукацыі.
ПІНСКІ РАЁН
Палеская ластаўка з намі
Цэнтральная раённая бібліятэка імя Яўгеніі Янішчыц правяла традыцыйныя Янішчаўскія чытанні. Сярод шматлікіх мерапрыемстваў, якія прайшлі ў бібліятэках з мэтай папулярызацыі творчасці вядомай паэтэсы-зямлячкі, асабліва запамінальным атрымаўся бенефіс Велясніцкай бібліятэкі-музея Яўгеніі Янішчыц, прысвечаны 50-годдзю стварэння гэтай культурнай установы.
ПРУЖАНЫ
Абыякавасць на дарозе
У рамках акцыі “Асцярожна – пешаход!” супрацоўнікі ДАІ і дружыннікі правялі эксперымент: на дарозе каля вёскі Слабудка размясцілі “пацярпелага” (гэту ролю іграў манекен) і паглядзелі, ці праявяць вадзіцелі да яго ўвагу. За першыя паўгадзіны пасля “аварыі” (самыя важныя для жыцця чалавека, які трапіў пад колы) не спынілася ні адна машына. Пазней толькі трох вадзіцеляў заўважылі каля месца ўмоўнага дарожна-транспартнага здарэння. Столькі ж былі аштрафаваны, бо праляцелі каля “пацярпелага” на хуткасці, якая не дазволена на тым участку дарогі.
СТОЛІН
“Парытэтбанк” у Давыд-Гарадку
Новае аддзяленне ААТ “Парытэтбанк” адкрылася ў Давыд-Гарадку пад дэвізам “Вялікая будучыня для вашых грошай”. Фінансавая ўстанова парадуе кліентаў поўным комплексам банкаўскіх паслуг: ад звычайных камунальных плацяжоў да крэдытавання. Гэта другое па ліку структурнае падраздзяленне банка ў раёне.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.