Беларусь

Колькі каштуе сустрэць Дракона?


Ёлкі – ад 15 тысяч рублёў, карпаратывы – ад 200 тысяч, а навагодняя культурная праграма абмяжоўваецца фантазіяй і памерам кашалька
Адна мая знаёмая, адказваючы на пытанне: “Колькі часу?”, пажартавала: “Без трох тыдняў Новы год”. Сапраўды, не паспелі азірнуцца, а на змену Кату і Трусу, сімвалам гэтага года, прыйшоў магутны Дракон. І ўсё часцей ад навакольных можна пачуць пра тое, што ім ужо хочацца свята. Крызісы крызісамі, а святы ніхто не адмяняў, тым больш Новы год – самае народнае сярод іх. Дык колькі каштуе сустрэць надыходзячы 2012-ы? Для гэтага давялося адправіцца ў шоп-тур па брэсцкіх гандлёвых кропках і, вядома ж, сесці на тэлефон. Вось што атрымалася.
Нельга абысціся без галоўнага атрыбута – навагодняй ёлкі. Ёлачныя базары пачнуць працаваць 23 снежня. Купіць лясную прыгажуню можна будзе з 10 да 17 гадзін. Самыя маленькія дрэўцы каштуюць 15-20 тысяч рублёў, 2-3-метровыя – 25-35 тысяч. Аматары штучных ёлак сёлета непрыемна здзіўлены іх коштам: за трохметровую ёлку ў ЦУМе трэба заплаціць… 1 мільён 170 тысяч рублёў, памерам 1,9 метра стане вашай за 600 тысяч. Штучныя прыгажунькі, якія, напрыклад,  можна размясціць на офісным стале, прадаюцца па цане каля 100 тысяч беларускіх рублёў.
Аднак мала купіць ёлку – яе неабходна “апрануць”.  Выбар ёлачных цацак вялікі і дыяпазон цэн шырокі. Сярод самых танных – звычайныя, сярэдняга памеру шарыкі па 9-15 тысяч, фігуркі па 4-8 тысяч. Вось і невядома, каго сёння танней упрыгожыць: дзяўчыну ці навагоднюю ёлку…
Дарэчы, на кірмашы, які разгарнуўся  з чацвярга на вуліцы Гогаля ў Брэсце, можна знайсці і разнастайныя ўпрыгажэнні “хэнд мэйд” – аднак па такой цане, што ў кожным можа прачнуцца схаваны раней талент да рукадзелля. Дорага, але вельмі прыгожа!
Гаворачы пра ёлку, нельга не ўспомніць аб карнавальным касцюме. Самы танны (“зайчаня” ў магазіне “Дзіцячы свет”) каштуе 35 тысяч. За больш прыгожыя строі прыйдзецца аддаць ад 100 да 200 тысяч рублёў. Святочныя сукенкі для маленькіх дзяўчынак  каштуюць не танней, чым для маці – 300-400 тысяч.
Выклікаць Дзеда Мароза са Снягуркай дамоў – паслуга папулярная, абыдзецца дзесьці ў 20 долараў. Цікава, пакуль шукала расцэнкі, у адной з газет натрапіла на вясёлую аб’яву: “Дзед Мароз са Снягуркай – 20 долараў, адна Снягурка – 200”. Майце на ўвазе!
Па добрай традыцыі Новы год мы святкуем ад Каляд і да Каляд. Двухтыднёвы марафон ахоплівае святкаванні з сям’ёй, сябрамі і знаёмымі, а таксама разам з калегамі. Выбарачна тэлефаную ў рэстаран гасцініцы “Інтурыст”: тут мне прапануюць заказаць карпаратыў, зыходзячы са 100 долараў на чалавека. Вечар у кафэ, напрыклад, “Ташкент” ці “Цытадэль”, можа пачацца з мінімальнага заказу ў 200 тысяч. У рэстаране “Жюль Верн” увогуле мінімальнага заказу няма.
Не бывае Новага года і без падарункаў. Што і каму дарыць мы вырашаем, зыходзячы з пажаданняў і магчымасцей Дзеда Мароза, а вось сувеніры – нязменная мода. У пошуках чагосьці неардынарнага, а дакладней – дракона,  прабеглася па магазінах і павільёнах  у цэнтры Брэста. Паглядзела і засумавала… Не, не ўсё так дрэнна: свечкі, карзіначкі з ёлачнымі галінкамі, цацкі на любы густ – усё гэта ёсць. Вось толькі кошт значна вырас. Дробныя купюры тут не спатрэбяцца. Час да Новага года яшчэ ёсць, таму прапаную вязаць, шыць, ляпіць. Калі не – дык набываем сувеніры “made in China”.
– Купляюць усё, – запэўніла мяне гандлярка на рынку за ЦУМам, – цяпер нават зайцоў усіх прадалі, што ў тым годзе не пайшлі. Можа, тавар і не вельмі якасны, аднак альтэрнатывы ў людзей няма.
Альтэрнатыва ёсць заўсёды! Наведваю сувенірныя аддзелы. Тут не так усё ярка, але тавар выклікае больш даверу. Усялякія штучкі радуюць вока, аднак кошт ніколькі не саступае рыначнаму. І зноў гавару “не”: для сваіх прэзентаў нічога не прыглядзела.
Кожнае дзіця, а часам і дарослыя, з нецярпеннем чакаюць салодкіх падарункаў ад Дзеда Мароза. Пэўна ж, старому прыдзецца раскашэліцца. Больш-менш салідны падарунак вагой 1 кілаграм каштуе 80-90 тысяч рублёў, а двухкілаграмовы ад “Камунаркі” –  192 300 рублёў, 1,5 кілаграма – 154 390. Паўкілаграмовыя можна купіць за 35-50 тысяч рублёў. Ёсць магчымасць і самому сабраць набор, аднак выгада невялікая – цукеркі ўсё роўна дарагія.
Прыгожая палова чалавецтва і ў Новы год павінна заставацца самай-самай. Запісацца ў салоны прыгажосці на пераднавагодні час яшчэ можна. Прайс такі: прычоска – 100-150 тысяч рублёў, манікюр – 30 тысяч, салярый – 2 тысячы хвіліна. А для мужчын грошай можа і не хапіць. Ды для іх не страшна, галоўнае, як жартуюць – быць крыху прыгажэй за малпу і не спужаць Дракона.
А які ж Новы год без шампанскага? Пеністы напітак можна купіць за 19-25 тысяч рублёў. Закупляючы алкаголь, думаю, многія пашкадуюць, што не зрабілі “заначку” да асенняга падаражання. Ды варта адзначыць, што накрыць навагодні стол можна крыху танней, наведваючы розныя акцыі, якія праходзяць цяпер у магазінах. Скідкі, як правіла, невялікія, аднак калі купляць оптам – выходзіць танней. Дастаткова толькі ўважліва гля-дзець этыкеткі і цэннікі. Калі з розумам падысці да прадуктовага шопінгу, дык аліўе і селядзец пад шубай не стануць надта дарагімі далікатэсамі.
Ну, і вы спытаеце, колькі ж каштуе сустрэць 2012 год? Лічыце самі, бо ў кожнага з нас – свой густ і звычкі. Увогуле ж, даведацца пра дакладную суму можна будзе пасля свят, так сказаць, падлічыўшы ўрон. Усе добра ведаюць: як сустрэнеш Новы год, так і правядзеш. А таму – не шкадуем ні сіл, ні… сродкаў?..
Вольга СВІРЫДОВІЧ, “НТ”.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля