Пікап па-брэсцку: мужчыны супраць жанчын
Нагодай для дыскусіі на пікантную тэму стала аб’ява аб правядзенні трэнінгаў для мужчын па майстэрстве спакусы ў Брэсце, якая была размешчана на адным з вядомых інтэрнэт-парталаў. Здаецца, упершыню ў нашым горадзе прафесіянальна вучаць, як правільна знаёміцца з прадстаўніцамі слабага полу для таго, каб атрымаць ад іх тое, пра што, на думку вучоных, мужчыны думаюць пастаянна.
Хто пра што думае і чаго хоча – гэта тэма для іншай гутаркі. А вось прафесіянальны пікап у Брэсце (менавіта так называецца гэты від зносін паміж паламі) – з’ява неардынарная, аднак вельмі спрэчная. З аднаго боку, верыцца, што мужчыны ўсё ж такі стануць смялейшымі, каб атрымаць тое, пра што ўвесь час думаюць. Ну, прызнайцеся, што сучасныя мужчыны сталі больш сціплымі і баязлівымі! А з другога боку, рубам становіцца пытанне пра маральны аспект вучобы пікапу. На першы план выходзяць жывёльныя інстынкты, выпадковыя сувязі без абавязацельстваў і, як ні сумна, хлусня.
Зразумела, што мэта такіх трэнінгаў – прымусіць мужчын стаць больш упэўненымі, навучыць больш-менш цікавай гульні слоў для гутаркі і ўменню трымацца з годнасцю ў любой сітуацыі. Так і хочацца правесці паралель з бомбай запаволенага дзеяння. Невядома, дзе і калі яна выбухне. Колькі сэрцаў, быццам мішэні, будуць разбіты такімі гора-пікаперамі. Вядома ж, пры ўмове, што атрыманыя веды будуць правільна ўжыты на практыцы.
Прынцып сапраўднага пікапера – дабіцца свайго любым шляхам, а гэта значыць, што ніякіх прынцыпаў няма. Ці можа быць штосьці горш за такую беспрынцыповасць у дасягненні мэты?
У вызначэнні пікапу гаворыцца, што гэта знаёмства з мэтай спакусы. Тэрмін гэты ва ўжытку з’явіўся дзесьці ў сярэдзіне 1990-х праз інтэрнэт. Цікава, што спачатку пікапам называлі комплекс мер і дзеянняў для эфектыўнага прываблівання аб’екта іншага полу. Пэўна ж, і сёння пікаперы займаюцца тым жа.
Заўважана, што, у асноўным, майстэрствам пікапу захапляюцца мужчыны. Таму, напэўна, і вучыцца гэтаму мастацтву даводзіцца часцей за ўсё ім. Жанчынам такія веды не проста лішнія, а непатрэбныя. Мы ад прыроды ведаем, як пакарыць мужчыну і адначасова прымусіць яго думаць, што гэта ён, такі высакакласны пікапер, нас заваяваў. Уявіце сабе сустрэчу двух пікапераў – мужчыны і жанчыны. Як высветліць: хто каго? Смех смехам, а між тым у галовах падрастаючага пакалення адкладваецца меркаванне, нібыта такія адносіны – гэта нармальна.
Што ўяўляе сабой такая норма – пытанне філасофскае, аднак норм маралі і этыкі ніхто яшчэ не адмяняў. Забыліся пра іх альбо спецыяльна ігнаруюць. Прыдуманы пастулаты былі разумнымі людзьмі і, вядома ж, не на пустым месцы.
Сумна, нават жудасна ад таго, што чалавек у гэтых зносінах – усяго толькі аб’ект спакусы. Не ўлічваюцца яго эмоцыі, перажыванні. Няўжо толькі фізіялогія кіруе істотай, якая паставіла сябе на верхнюю прыступку эвалюцыі? У такім выпадку атрымліваецца нейкі пікап па-дарвінску, прычым пікапер уяўляе сабой тую малпу, што малююць першай на ілюстрацыі працэсу эвалюцыі ў школьным падручніку гісторыі.
Нельга сказаць, што пікап для Брэста – з’ява новая. “Засвяціліся” некаторыя самцы-суайчыннікі ў сусветнай павуціне, выкладваючы інфармацыю аб сваіх “перамогах”. Ну і што? Пакінулі толькі непрыемны асадак пасля сябе і атрымалі салідную дозу грамадскага “фу-фу-фу”.
На жаль, падчас трэнінгаў захоўваецца канфідэнцыяльнасць, а даведацца, хто ж наведвае такую вучобу, было б цікава. Хаця б для таго, каб ведаць, з кім не знаёміцца на вуліцы. У якасці прапановы хацелася б, каб арганізатары пікап-курсаў ставілі кляймо на сваіх падапечных, скажам – на лоб, каб адразу было відаць: ён – вучоны пікапер.
Дык няўжо ў брэсцкіх мужчын ёсць патрэба вучыцца пікапу? Хіба без хітрасцей нельга? Ёсць, безумоўна, тут і свае “плюсы”, і “мінусы”, аднак усе мы добра ведаем, што мінус на плюс дае мінус – простая матэматыка. Калі вам, паважаныя чытачы, ёсць што сказаць на гэтую тэму, запрашаю да дыскусіі. Дасылайце вашы думкі і разважанні на электронны адрас: olya_sviridovich@mail.ru, альбо ў рэдакцыю (адрас – на апошняй старонцы). І ў любым выпадку цаніце і паважайце людзей вакол вас!
Дзяжурная па дыскусіі
Вольга СВІРЫДОВІЧ, “НТ”.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.