Беларусь

Навіны рэгіёнаў


БРЭСТ
Для тых, хто любіць кошак
22 лютага ў абласным краязнаўчым музеі (вул. К. Маркса, 60) адкрылася выстава пад незвычайнай назвай… “Сакавіцкі кот”. На ёй дэманструюцца скульптуры, фотаздымкі, карціны і іншыя экспанаты, якія адлюстроўваюць жыццё гэтых чатырохногіх сяброў чалавека. Выстава будзе працаваць да 25 сакавіка. Яе арганізатары плануюць правесці дабрачынную акцыю “Знайдзі свой дом” па пошуку жылля для бяздомных жывёлін.
БРЭСЦКІ РАЁН
Узнагароджаны маці
Яшчэ чатыры прадстаўніцы Прыбужжа ўліліся ў шэрагі ардэнаносцаў Берасцейшчыны. За нараджэнне і выхаванне пяці і болей дзяцей Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ордэнам Маці ўзнагароджаны Святлана Багнюк з вёскі Страдзечы, Людміла Валошка з Цюхініч, Лідзія Васілюк з Медна і Жанна Вялічка, жыхарка вёскі Чэрні.
БАРАНАВІЧЫ
Моц – у руках
У 85-й брыгадзе сувязі прайшоў традыцыйны турнір па гіравым спорце. Чэмпіянат сабраў больш за 40 спартсменаў воінскіх часцей Баранавіцкага гарнізона, вучэбных устаноў, прадпрыемстваў і арганізацый горада. У камандным заліку перамагла 8-я радыётэхнічная брыгада, на другім – гаспадары, на трэцім – 120-я зенітна-ракетная брыгада.
БАРАНАВІЦКІ РАЁН
Адзін на дыскатэцы
Адразу чатыры выезды на дыскатэкі раёна ажыццявіла рэйдавая брыгада, у складзе якой быў урач-нарколаг. У ходзе праверак знойдзены толькі адзін непаўналетні ў нецвярозым стане, астатнія ж танцавалі і весела бавілі вольны час, не ўжываючы алкаголь. Падлетак узяты пад кантроль.
БЯРОЗА
Лэдзі і джэнтльмены
На базе дзіцячай школы мастацтваў адкрылася “Школа юных лэдзі і джэнтльменаў” для дзяцей 4-5 гадоў. Заняткі ў ёй вядуцца па чатырох кірунках: асновы этыкету, калектыўнае музыцыраванне, мастацка-прыкладная творчасць і харэаграфія. У школу ўжо запісаліся чатыры юныя лэдзі і адзін джэнтльмен.
ГАНЦАВІЧЫ
Паэтычна – пра мову і Радзіму
У Міжнародны дзень роднай мовы, 21 лютага, член рэспубліканскай інфармацыйна-прапагандысцкай групы, пісьменнік, намеснік галоўнага рэдактара “НТ” Уладзімір Сітуха сустрэўся з калектывам мясцовага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці. Тэматыка яго выступлення – духоўнае адраджэнне Беларусі, а таксама горада Верхнедвинск, якое неабыякавае кожнаму свядомаму грамадзяніну. Таму і не дзіўна, што навучэнцы цікавіліся ў пісьменніка, у прыватнасці, будучым роднай мовы.
ДРАГІЧЫН
Гонар на ўсю краіну
Калектыў Драгічынскай міжраённай ільнасемстанцыі прызнаны лепшым у рэспубліцы. Па выніках работы за 2011 год ён адзначаны Ганаровым дыпломам і грашовай прэміяй Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання за 1-е месца ў вытворчасці льнасемя.
ЖАБІНКА
Спевы Белай Русі
Для ўсіх жадаючых у нядзелю быў адчынены гарадскі Дом культуры, дзе праходзілі абласны тур XI Рэспубліканскага фестывалю творчасці ветэранаў “Неспакойныя сэрцы” і абласное свята-конкурс патрыятычнай песні “Табе мае спевы, Белая Русь”. Калектывы з Жабінкі, Брэста і Брэсцкага раёна ў чарговы раз прадэманстравалі сваё выканаўчае майстэрства, а мясцовы эстрадны гурт “Аляксандр-парк” пацвердзіў званне “народны”.
ІВАНАВА
Памяць жыве ў вершах
У Цэнтры культуры і народных традыцый прайшоў конкурс чытальнікаў “Светлы след будзе вечна жывы”, прымеркаваны да юбілеяў беларускіх песняроў Якуба Коласа, Янкі Купалы і Максіма Танка. Удзельнічалі ў ім прадстаўнікі гурткоў мастацкага чытання сельскіх Дамоў культуры і вучні агульнаадукацыйных школ. У малодшай групе першае месца заваявалі Ангеліна Паўлюкавец, Ангеліна Клімавец, Вераніка Саковіч (Махроўскі СДК), сярод чытальнікаў старэйшай групы –  Наталля Барташ (Тышкавіцкі СДК).
ІВАЦЭВІЧЫ
На паляванне выйдуць маладыя

У суботу, 25 лютага, у паляўнічых угоддзях СП “БелТрансОйл” ва ўрочышчы Бор каля вёскі Жытлін пройдуць раённыя спаборніцтвы маладых паляўнічых. Мяркуецца, што ўдзел у іх прымуць 15 каманд. У праграме –
конкурсы па развядзенні вогнішча, збудаванні шалаша для палявання на цецерука, стральба з вышкі па мішэні “кабан”… Арганізатары спадзяюцца, што спаборніцтвы паспрыяюць папулярызацыі палявання як актыўнага адпачынку.
КАМЯНЕЦ
Юбілейны тур
У гарадскім Доме культуры ў нядзелю, 26 лютага, пройдзе канцэрт народнага аматарскага аб’яднання ветэранаў вайны і працы “Белая Вежа” і ансамбля ГДК “Весялуха”. Такім чынам пачнецца юбілейны тур, якім самадзейныя артысты адзначаць 20-годдзе сваёй творчай дзейнасці. Канцэрты пройдуць ва ўсіх установах культуры раёна.
КОБРЫН
Праца пад надзейнай аховай
У райвыканкаме падведзены вынікі агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю работы па ахове працы за 2011 год. Пераможцамі прызнаны ДРБУ-201, аўтапарк №16 і дзіцячы рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр “Колас”. Ім прысвоена званне “Узорная арганізацыя Кобрынскага раёна па ахове працы” і ўручаны дыпломы раённага выканаўчага камітэта.
ЛУНІНЕЦ
Культурны летапіс
Пад назвай “Дні культуры” свет убачыў першы ў гэтым годзе інфармацыйны веснік аддзела культуры райвыканкама. Яго асноўнымі тэмамі сталі вынікі працы за 2011-ы і задачы на перспектыву: дзейнасць сельскіх клубаў, рэканструкцыі ўстаноў культуры Лунінеччыны, правядзенне мерапрыемстваў у рамках Года кнігі, конкурсаў мастацкай самадзейнасці.
ЛЯХАВІЧЫ
У горадзе – снайперы. Снежныя…
Сярод навучэнцаў і выкладчыкаў дзяржаўнага аграрнага каледжа прайшла традыцыйная спартакіяда “Снежны снайпер”. Шэсць каманд аспрэчвалі званне лепшай у бегу на лыжах у абручах, біятлоне і конкурсах “Бітва тытанаў”, “Альпійскія горкі”. У выніку першае месца падзялілі выкладчыкі агранамічнага і заатэхнічнага аддзяленняў. А яшчэ кожны з удзельнікаў зімовага свята мог паласавацца смачнай кашай, сагрэцца гарачым чаем і… паспрабаваць удачы ў латарэі, галоўным прызам якой было парася. Выйграла яго лабарант аддзялення ветэрынарнай медыцыны Валянціна Назарава, у якой, дарэчы, маецца і ўласная гаспадарка.
МАЛАРЫТА
Папоўнілі кніжны фонд
Раённая бібліятэка ў Год кнігі зноў зрабіла падарунак аматарам чытання – чарговая выстава кніжных навінак запрасіла на гэтым тыдні чытачоў. На 14 мільёнаў рублёў сёлета ўжо закуплена новых кніг. У асноўным гэта творы класікаў беларускай і рускай літаратур, дзіцячыя кнігі, выданні Беларускага Экзархата. Бібліятэкары адзначаюць попыт на творы сучасных беларускіх празаікаў Тамары Лісіцкай, Сяргея Клімковіча і іншых.
ПІНСК
Падказка беспрацоўнаму
Сёння ў 15 гадзін ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне гарвыканкама (вул. Кулікова, 29) пачнецца кірмаш адукацыйных паслуг “Новая прафесія – новыя магчымасці”. Спецыялісты ўпраўлення прэзентуюць навучанне праз службу занятасці, якое вядзецца па 60 спецыяльнасцях. Найперш такая падказка спатрэбіцца беспрацоўным і тым, хто плануе атрымаць новую прафесію.
ПІНСКІ РАЁН
Бывай, Масленіца!
Развітацца з зімой у самых лепшых беларускіх традыцыях жыхары раёна змогуць 26 лютага. У нядзелю ў Лагішыне, Малоткавічах, Пінкавічах, Камені і Лапаціна адкрыюцца масленічныя гулянні. У праграме па традыцыі будуць і дэгустацыя бліноў, і выступленні самадзейных артыстаў Піншчыны, і разнастайныя конкурсы ды маладзецкія забавы.
ПРУЖАНЫ
Леснікі сталі на лыжы
Сярод 18 каманд з усіх лясгасаў Брэстчыны, а таксама Нацыянальнага парку “Белавежская пушча” і прадпрыемстваў канцэрна “Беллеспаперапрам” найлепшае валоданне лыжамі паказалі работнікі Пружанскага лясгаса. На абласных спаборніцтвах спартакіяды лесаводаў яны занялі першае агульнакаманднае месца. У асабістым заліку сярод мужчын “золата” атрымаў начальнік бюро аховы працы Віктар Філонаў, “серабро” – майстар Бярозаўскага лясніцтва Сяргей Макарэвіч. Ляснічы Міхалінскага лясніцтва Людміла Макарэвіч сярод жанчын таксама заваявала 2-е месца.
СТОЛІН
Пажарны апавяшчальнік   выратаваў жыццё
Шматдзетную сям’ю з вёскі Луткі ад смерці выратаваў аўтаномны пажарны апавяшчальнік. Як і ў большасці падобных выпадкаў, узгаранне адбылося ноччу, а яго прычынай сталі няспраўнасці ў праводцы халадзільніка. Гаспадар дома, яго жонка і трое дзяцей пакінулі месца пажару адразу пасля сігналаў трывогі, сёння яны часова пражываюць у сваякоў.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля